Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У малочнай вайне перамаглі каровы”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 19 чэрвеня, пятніца.


Малочная вайна паміж Расеяй і Беларусьсю завяршылася дамоўленасьцю пра аднаўленьне паставак беларускай малочнай прадукцыі на расейскі рынак. Гэтая тэма — у камэнтарах слухачоў “Свабоды”:

Беларускі пастух: “Адказваючы на пытаньне, хто выйграў у малочнай вайне, мне падаецца, што гэта -- буронкі. Яны не мычалі, як палітыкі, спраўна малако давалі і пад нож не патрапілі”.

Спадар: “Хачу выказаць сваё меркаваньне пра малочную вайну і ў ёй вінаватых. Пуцін і Кудрын ад’ехалі зь Менску, не падпісаўшы крэдыт. Наш прэзыдэнт пакрыўдзіўся, эмацыйна недыпляматычнай мовай выказаўся на адрас Расеі і пакрыўдзіў нашу апазыцыю. І запатрабаваў гэта зрабіць ад Сідорскага.
Буронкі не мычалі, як палітыкі, спраўна малако давалі і пад нож не патрапілі
Сідорскі, у сваю чаргу, першага віцэ-прэм’ера, міністра фінансаў Расеі са 145-мільённым насельніцтвам Кудрына абазваў кладаўшчыком зь вялікім амбарным замком. Гэтыя ж недыпляматычныя выказваньні падхапіла тэлевізія і ўсе СМІ нашай краіны і давяло да ўсіх жыхароў рэспублікі і ўсяе сусьветнай супольнасьці. Даведаўся пра гэтае недыпляматычнае выказваньне Мядзьведзеў, папярэдзіў, што так ня робіцца, таму што найбліжэйшыя партнэры так не павінны выказвацца на адрас кіраўнікоў яго краіны. І паступае каманда на адрас Анішчанкі разьвязаць вось гэтую малочную вайну. Анішчанка з задавальненьнем пачынае казаць, што малако з сухога парашку не павінна называцца малаком, а павінна называцца напоем. Анішчанка па сваіх паўнамоцтвах мог бы забракаваць 5—10 відаў нашай малочнай прадукцыі, але не спыніць усю пастаўку ў Расею”.

Спадарыня: “Звычайна войны раптам пачынаюцца, але ніколі раптам не сканчаюцца. Уся гэтая авантурная камэдыя з малочнай прадукцыяй была прыдумана Крамлём. Прадусары, рэжысэры і пастаноўшчыкі — расейскі тандэм Пуцін і Мядзьведзеў, акторамі былі Лукашэнка, Кудрын, Анішчанка. Разыграна была камэдыя з мэтай падняць рэйтынг Лукашэнкі. Гэтая камэдыя была разьлічана на прасьцячкоў-беларусаў, якіх, як лічыць Расея, можна вельмі лёгка падмануць. Але ніколі сьвядома Пуцін і Мядзьведзеў ня пойдуць на паразу і не прызнаюць яе. Гэта быў відавочны розыгрыш са згоды Лукашэнкі, калі Пуцін прыяжджаў у Менск. Выкшталцонай хітрасьці гэтых людзей няма мяжы. Ідуць на фінансавыя страты, каб толькі пераканаць, што ўсё было па-сапраўднаму”.

У наступным тэлефанаваньні слухачка задае пытаньне:
Звычайна войны раптам пачынаюцца, але ніколі раптам не сканчаюцца


Яўгенія Казлова, Ворша: “Ёсьць у нас у Воршы мясцовае тэлебачаньне пад назвай “Скіф”, яно прарасейскага напрамку. Беларускага слова ў іх у перадачах не пачуеш. І ёсьць такая перадача ў іх пад рубрыкай “Поздравления”, куды можна замовіць за пэўную плату песьню для знаёмых ці блізкіх. Мая добрая прыяцелька спадарыня Іна зьвярнулася туды з просьбай выканаць для мяне беларускую песьню. Хоць якую, толькі беларускую, бо ў мяне быў дзень народзінаў, юбілей. Але з гэтага нічога добрага не атрымалася. Як распавяла мне мая сяброўка, ёй у гэтым адмовілі, бо на тэлебачаньні няма беларускамоўных дыктараў і песень. І наагул заявілі, што ў Воршы няма карэннага беларускага насельніцтва. Пытаньне: а куды ж яно падзелася? Дарагія мае суайчыньнікі, беларусы, гісторыкі, дэмографы, зрабіце, калі ласка, на гэты конт камэнтар”.

Адказвае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

“Гэтае тэлефанаваньне сьведчыць, што беларусы не жадаюць быць беларусамі, у тым ліку і жанчына, якая тэлефанавала на “Свабоду”. Бо ёй трэба было неадкладна ўзяць асадку, ліст паперы і ўсё тое, што яна сказала, напісаць і адрасаваць Генэральнаму пракурору Беларусі. Дакладна хто і што сказаў: з указаньнем месца, даты, прозьвішча, хто працуе на тым “Скіфе”. Бо тое, пра што слухачка паведаміла, патрапляе пад артыкул адміністрацыйнага кодэксу”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG