Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у студзені-красавіку гэтага году адмоўнае сальда зьнешняга гандлю Беларусі склала амаль 2 з паловай мільярды даляраў. Таксама “Газпром” выставіў “Белтрансгазу” рахунак па запазычанасьці за пастаўлены ў гэты пэрыяд расейскі газ у памеры 230 мільёнаў даляраў.

Нацыянальны статыстычны камітэт паведамляе, што ў студзені-красавіку Беларусь зьменшыла аб’ёмы зьнешнегандлёвага абароту з многімі краінамі. За гэты пэрыяд экспарт ва ўсе краіны зьменшыўся на 48,6%. За гэты ж пэрыяд адмоўнае сальда зьнешняга гандлю таварамі склала амаль 2 з паловай мільярды даляраў. Паводле эканаміста Барыса Жалібы, гэтыя лічбы былі чаканымі. Прагназавалася, што экспарт зьменшыцца ў два разы — так яно і выйшла. Аднак крэдыту МВФ будзе дастаткова, каб не дапусьціць дэвальвацыі рубля.

Барыса Жаліба
“Мінусовае сальда — мы тут б’ем усе рэкорды. Гэта, вядома, самае непрыемнае. Гэта тое, пра што казаў міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын. Карэнных пазытыўных зьменаў у нашай эканоміцы, на жаль, не адбылося. Валютная напружанасьць застаецца. Быў збой на нашай валютна-фондавай біржы ў канцы траўня. Тры дні яна свабодна не гандлявала валютай. І што нас уратуе, — гэта, канечне, тое, што мы дамовіліся атрымаць крэдыт МВФ. Нам на руку згуляла тое, што ў нас на вачах разгортвалася малочная вайна з Расеяй і МВФ падставіў нам плячо”.

У гэты ж час “Газпром” выставіў афіцыйнаму Менску рахунак у 230 мільёнаў даляраў за пастаўкі расейскага газу ў студзені-красавіку.

Прэтэнзіі “Газпрому” пакуль ня выклікалі бурнай рэакцыі ў Менску.

Леанід Заіка
Кіраўнік цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка сказаў, што Беларусі будзе няцяжка сплаціць такую запазычанасьць “Газпрому”.

“Іншая справа, што давядзецца шукаць магчымасьці, каб крыху перабалянсаваць фінансавыя плыні ўнутры краіны. Але гэты працэс можа быць вырашаны станоўча. А чаму гэта адбываецца? Гэта лягічны ланцуг — спачатку Кудрын, потым Лукашэнка, потым Анішчанка, потым Мілер. Наступны будзе нехта яшчэ. Але спадзяюся, што перад сыходам у адпачынак нашы лідэры ня будуць псаваць настрой сваім грамадзянам”.

У беларускім урадзе заяўляюць, што канчатковая пазыцыя беларускага боку адносна запазычанасьці “Газпрому” будзе сфармулявана пасьля вяртаньня ў Менск з Туркмэністану кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі бок зьбіраецца апэляваць да вуснай дамоўленасьці, дасягнутай прэзыдэнтамі Беларусі і Расеі падчас сустрэчы 19 сакавіка ў Завідава.

Камэнтуючы сытуацыю, галоўны рэдактар агенцтва RusEnergy Міхаіл Круціхін кажа, што вусную дамоўленасьць паміж прэзыдэнтамі Беларусі і Расеі вельмі цяжка праверыць:

“Беларусь кажа, што нічога ня вінная. І праверыць гэта даволі цяжка. Але я лічу, што такіх супадзеньняў не бывае і падобныя патрабаваньні абумоўленыя нейкімі палітычнымі матывамі. Спачатку была малочная вайна, а цяпер пераключыліся на газавую вайну. Я думаю, што расейскім кіраўнікам ня вельмі падабаецца тое, як сябе паводзіць рэжым у Менску. І таму ўсе сродкі добрыя”.



Афіцыйны Менск спасылаецца на вусную дамоўленасьць па аплаце расейскага газу паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі. Яе сутнасьць палягае ў тым, што Беларусь, як мінімум у першым паўгодзьдзі, будзе аплачваць газ па сярэднегадавой цане — а гэта каля 150 даляраў за тысячу кубамэтраў — з правядзеньнем канчатковых даразьлікаў у другой палове году. Таксама ва ўрадзе спасылаюцца на тое, што 28 траўня ў Менску віцэ-прэм’ер Расеі Ўладзімер Пуцін пацьвердзіў дамоўленасьці па разьліках. “Газпром” у лютым-сакавіку авансам заплаціў афіцыйнаму Менску 250 мільёнаў даляраў за транзыт газу, разьлічваючы, што Менск накіруе гэтыя сродкі на кампэнсацыю розьніцы паміж кантрактнай і сярэднегадавой цаной, каб забясьпечыць плату за газ адпаведна з кантрактам.
XS
SM
MD
LG