Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цяжар крыўды і несправядлівасьці штурхае да самагубства”



У Салігорску скончыла жыцьцё самагубствам праваабаронца Яна Палякова. На мінулым тыдні Салігорскі суд прызнаў яе вінаватай у паклёпе на міліцыянта Віктара Пугачова і асудзіў на 2,5 года “хіміі”. Гэта адна з галоўных тэмаў, якія абмяркоўваюць слухачы “Свабоды”.

Яцкевіч: “Хочацца выказаць вялікае спачуваньне родным і блізкім Яны Паляковай. Хачу адзначыць, што многія з нас ходзяць па лязе нажа. Таму што такога дзікунства, як я памятаю, за 15 год яшчэ не было. Гэта нонсэнс для ўсяе Эўропы і для ўсяго цывілізаванага сьвету”.

Спадарыня: “Прыносім спачуваньні родным і блізкім Яны Паляковай. Страшна ўсьведамляць, што маладая жанчына пайшла з жыцьця. І, на мой погляд, не сама: яе забілі хлусьня, паклёпы, несправядлівасьць, беззаконьне, а таксама абыякавасьць палітыкаў, якія былі побач. Вельмі страшна, вельмі балюча”.

Зіноўеў: “Я выказваю спачуваньне сям’і Яны Паляковай і хачу сказаць, што трэба на “Свабодзе” казаць пра такія псыхалягічныя апэрацыі. І чым чалавек супраць такой апэрацыі можа адказаць”.

Ігар Пасноў, Віцебск: “Хацеў бы выказаць глыбокае спачуваньне сям’і і блізкім Яны Палковай. Гэта, канечне, вялікая трагедыя, што яна загінула. Але самае страшнае, што Беларусь зьяўляецца самай небясьпечнай у пляне самагубстваў дзяржавай. Статыстыка пацьвярджае”.

Спадарыня: “Яну Палякову пасьля несправядлівага суду прыгаварылі на 2,5 гады хіміі. Сабрала ўсю сваю мужнасьць і сваёй сьмерцю даказала, што была невінаватая. Ганьба і асуджэньне пракурору, судзьдзі, сьледчаму, міліцыі, якія давялі ні ў чым не вінаватую Яну да самагубства. Сьветлая і вечная ёй памяць”.

Спадар:
“Людзі выказалі думку: самагубства — гэта глупства.
Улада ёй у гэтым памагала, сваю падтрымку ёй давала.
Улада наша даўно прагніла, пачынаючы зь верху да самога дна.
Хоць сьмейся, хоць плач, казаў з Барысава слухач”.

Спадарыня: “Цяжар крыўды штурхае ў такую сыстэму каардынатаў, дзе ўчынак Яны быў адзіным магчымым”.

Спадар: “Відаць, у гэтай жанчыны было высока разьвітае адчуваньне несправядлівасьці. Ёсьць артыкул такі — давядзеньне да самагубства. Трэба патрабаваць, каб разабраліся і пакаралі”.

Спадар: “Ня вытрымала сапраўдная дэмакратка перасьледу, рэпрэсіяў і распраў, што над ёй чынілі розныя прадстаўнікі ўладаў у нашай чыноўніцка-крымінальнай дзяржаве”.

Станіслаў, Івацэвічы: “Колькі павінна быць яшчэ людзкіх ахвяр у дзяржаве пад назвай Беларусь, каб расплюшчыліся вочы ў эўразьвязаўскіх палітыкаў. Гэты рэжым ашалеў. Ён у сваім млыне раструшчвае нават жанчын. Ганьба такой палітыцы”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Ларыса, Менск: “Актуальна паразважаць, хто з жанчын можа займацца вялікай палітыкай. У Расеі ёсьць такія жанчыны, а ў нас няма. І ці будуць зараз — вельмі сумняюся. Жанчына-палітык павінна мець сваё меркаваньне і сьмела выказваць яго. У сучасных умовах гэта немагчыма. Пакуль на слыху такія жанчыны, як Алексіевіч, дачка Казуліна і Інна Кулей”.

Спадарыня: “Казкі складаць пра заможнае жыцьцё ў Беларусі Аляксандар Рыгоравіч мастак, але не ў народу, а ў яго. Вось і зараз прыехаў са сваімі сынамі з Сэрбіі, дзе адпачывалі за кошт падаткаплатнікаў. І гэта не ўпершыню. Пара падумаць і пра абалванены народ, што жыве ў галечы”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG