Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У праграме “Званкі на Свабоду” слухачы гавораць пра вынікі візытаў прадстаўнікоў эўрапейскіх структураў у Беларусь, адгукаюцца на сытуацыю вакол арышту прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі. Вы таксама пачуеце расповеды пра тое, як адбіваецца эканамічны крызіс на жыцьці слухачоў “Свабоды”.




19 лютага ў Менску Вярхоўны прадстаўнік у пытаньнях агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўразьвязу, Генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і апазыцыі. Напярэдадні візыту ў Беларусь Саляна заявіў, што (цытую) “Эўразьвяз хоча быць больш блізкім да гэтай краіны”. 18 лютага Менск наведала дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Пасьля перамоваў зь міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым старшыня палітычнага камітэту ПАРЭ Ёран Ліндблад заявіў, што Беларусь можа атрымаць статус адмыслова запрошанай, калі ў дэлегацыю ўвойдуць прадстаўнікі апазыцыі.

Слухачы “Свабоды” камэнтуюць гэтыя падзеі:

Спадарыня, Магілёў: “Без падтрымкі Эўразьвязу Лукашэнка 14 год знаходзіцца пры ўладзе ў Беларусі, практычна нічога ня робячы для яе росквіту, незалежнасьці і свабоды для грамадзян… А цяпер, пры падтрымцы Эўразьвязам рэжыму Лукашэнкі, усё працягваецца і будзе працягвацца яшчэ 14 год. Яшчэ трошкі, і Лукашэнка, падобна да Чавэса і Мядзьведзева, унясе папраўкі ў Канстытуцыю і ўвекавечыць сябе ва ўладзе”.

Спадар: “Зараз паўстае пытаньне, хто будзе прадстаўляць Беларусь у Радзе Эўропы. Мартынаў і іншыя прыхільнікі Лукашэнкі вельмі б не хацелі, каб туды трапілі прадстаўнікі беларускай апазыцыі. Але Эўропа ўжо заявіла, што знойдзе магчымасьць, каб прадстаўнікі беларускай апазыцыі ўсё-ткі трапілі назіральнікамі ў раду. Калі Мартынаў ды іншыя не жадаюць ехаць у Брусэль і прэзэнтаваць Беларусь, то трэба туды накіраваць сапраўдных патрыётаў ад апазыцыі”.

Спадар: “Выступаў міністар замежных спраў Беларусі і казаў пра тое, што патрабуюць ад нас сябраваць або з ЭЗ, або з Расеяй. Такога мы рабіць ня будзем. Мы ня здраднікі... Мы сябруем з усімі, ня здраджваем, мы славяне. Гэта малайцы. Трэба сябраваць з Расеяй, якая ўсім сэрцам да нас, і ня трэба баяцца таго, што выдумляюць тут усякія. Сувэрэнітэт — лухта гэта ўсё”.

Былому палітвязьню, прадпрымальніку з Ваўкавыску Мікалаю Аўтуховічу пагражае 12 гадоў турмы. Яго вінавацяць у наўмысным зьнішчэньні маёмасьці, якое нанесла страты ў буйных памерах і зьдзейсьнена арганізаванай групай. Ад 3 да 10 гадоў турмы пагражае іншым арыштаваным прадпрымальнікам — Юр’ю Лявонаву і Ўладзімеру Асіпенку. З гэтай нагоды — развагі нашага слухача.

Спадар: “Наш правадыр любіць пагаварыць пра дэмакратыю, якой, паводле ягоных словаў, у нас больш, чым дзе. Згодны. Асабіста для яго ў нас дэмакратыі шмат. Любы капрыз Аляксандра Рыгоравіча адразу ж выконваецца. Напрыклад, захацелася Рыгоравічу — адпусьціў траіх пухавіцкіх мужыкоў, якія забілі свайго аднавяскоўца. У ніводнай нармальнай краіне, там, дзе правяць законы, а не дыктатары, такое проста немагчыма. Там бы Рыгорыча хутка паставілі на месца. Яму б ветліва сказалі: хоць ты і прэзыдэнт, ты ня маеш права соваць нос не ў свае справы. Зь іншага боку, калі правадыр раптам так падабрэў, чаму б яму не папрасіць Навумава, каб той адпусьціў траіх мужыкоў з Ваўкавыску?”

СМС-паведамленьне ад Андруся: “На нарадзе дырэктара з майстрамі МАЗу было прапанавана зацягнуць паясы ў сувязі зь цяжкім становішчам, на 35% скарочаны плян. Ня будзе працы — ня будзе грошай. На мітынгі хадзіць ня трэба. Які ў гэтым сэнс? Трэба трываць, заявіў дырэктар. Праўда, зазначыў, што ў Нямеччыне таксама скарочана вытворчасьць, але там для людзей створаны іншыя сацыяльныя ўмовы”.

Традыцыйна нашыя слухачы гавораць пра тое, як адбіваецца крызіс на іхным жыцьці:

Спадар: “У горадзе Івацэвічы зьявілася ахвяра знакамітай мадэлі Рэспублікі Беларусь. У ноч з 15 на 16 лютага скончыў жыцьцё самагубствам цераз павешаньне 24-гадовы Строкаў Аляксей Міхайлавіч, працаўнік прыватнага прадпрыемства “Профітсістэм”, філіі № 2. Фірма займаецца перапрацоўкай драўніны малога дыямэтру. Аляксей быў сьціплым, працавітым і непітушчым маладым чалавекам, у якога жонка ляжала ў лякарні на захоўваньні цяжарнасьці. Яны з жонкай здымалі жыльлё ў прыватным сэктары, але за колькі дзён да сьмерці Аляксей скардзіўся сябрам па працы, а працаваў ён станочнікам, што за апошнія месяцы ягоны заробак не перавышаў 270 тысяч рублёў, а таму ён ня ведае, як яму выкруціцца з такой нястачы сродкаў для існаваньня. Івацэвіцкі раён займае першае месца па колькасьці суіцыдаў на тыдзень. А чаго чакаць, калі ў нас самыя нізкія заробкі і самыя высокія цэны на спажывецкія тавары ў краіне?”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG