Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улада ставіць знак “=” паміж турмой і войскам”


У “Званках на Свабоду” слухачы камэнтуюць падпісаньне дакумэнту пра стварэньне калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ, адгукаюцца на прызыў у войска моладзевых актывістаў, гавораць пра праблемы алькагалізацыі насельніцтва і пра свой дабрабыт.


4 лютага ў Маскве падпісаны дакумэнт пра стварэньне калектыўных вайсковых сілаў апэратыўнага рэагаваньня. Дакумэнт падпісалі кіраўнікі краінаў СНД, якія ўваходзяць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Днём раней прэзыдэнты Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісалі пагадненьне пра стварэньне адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны.

Cпадарыня: “Ваенны саюз з Расеяй, бясконцыя крэдыты — гэта чарговая подлая здрада Беларусі. Ня дзіва, гэта яго сутнасьць. Тым болей што трэба ратаваць сваю шкуру. Вось і адказ Эўропе. Можа, зразумеюць, нарэшце, хто такі Лукашэнка. А ў Беларусі працьверазеюць мазгі нават у алькаголікаў”.

У працяг — такое тэлефанаваньне:

Cпадар: “У нашай краіне шмат хто злоўжывае алькаголем. Мяркую, што апошнія 15 год такая ў нас дзяржаўная ідэалёгія. Ні пра што ня думайце, я буду за вас думаць. А глядзіце папросту мне ў рот. Вось чаму людзі адмаўляюцца ад зямлі, ніхто нічога ня хоча рабіць. Ніхто ня хоча на сябе браць ніякай адказнасьці. А кожны чалавек павінен сам прымаць рашэньні і сам за іх адказваць. Кожны чалавек павінен клапаціцца пра свой дабрабыт”.

Нашыя слухачы гавораць пра тое, як мяняецца іхны ўзровень жыцьця падчас эканамічнага крызісу:

Леанід Пліско: “У Гомелі ідзе эпідэмія грыпу. Не абмінула хвароба і наш дом. Нас з жонкай і дваіх унукаў. Выклікалі доктара. Доктар паслухаў дзяцей і выпісаў лекі. У той жа вечар пайшоў я ў аптэку і спытаў, гэтыя таблеткі ці ёсьць. А ў мяне ўсяго 10 тысяч у кішэні. Я завярнуўся і пайшоў. А да пэнсіі яшчэ 10 дзён. Як нам далей жыць? Пры такіх цэнах? І што будзе далей? Дзякуй Богу, што хапае на хлеб нашай пэнсіі”.

Сталая тэма ў тэлефанаваньнях нашых слухачоў — прызыў у войска моладзевых актывістаў. Нагадаем, што кіраўніка культурніцкай камісіі Партыі БНФ і лідэра моладзі БНФ Франка Вячорку, а таксама актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Хведарука і Івана Шылу днямі прызвалі на тэрміновую службу.

Ільля Копыл: “На “Свабоду” працягваюць паступаць званкі ў падтрымку апазыцыйнай моладзі, якіх забралі ці забіраюць на службу ў войска. Але ёсьць і такія слухачы, якія асуджаюць гэтых юнакоў. Хачу напомніць, што гаворка ідзе не пра тое, служыць ці не служыць. Гаворка пра тое, каб заканадаўства выконвалася аднолькава для ўсіх: як для БРСМаўцаў, так і для апазыцыйнай моладзі. У адпаведнасьці з заканадаўствам прадугледжана адтэрміноўка ад службы ў войску студэнтам: гэтым павінны карыстацца ўсе без вынятку. Калі праблемы са здароўем, па якіх ёсьць абмежаваньні для службы ў войску, то гэта павінна тычыцца ўсіх. Я б не хацеў лячыцца ў тых урачоў, якія ставяць дыягназ пад дыктоўку спэцслужбаў. А тое, што юнакоў дастаўляюць у войска ў кайданках, пад канвоем, то гэтым самым улада ставіць знак роўнасьці паміж турмой і войскам. Ёсьць небясьпека, што супраць апазыцыйных юнакоў службовыя асобы могуць мэтанакіравана выкарыстаць прэс армейскай дзедаўшчыны”.

Наш слухач цікавіцца:

Зіноўеў: “Пытаньне “Беларускай Атлянтыдзе”: Ці Смаргонь была ў Баранавіцкай вобласьці ў БССР?”

Адказвае аўтар праграмы “Беларуская Атлянтыда без бар’ераў” Вячаслаў Ракіцкі:

“Смаргонь ніколі не была ў складзе Баранавіцкай вобласьці. Баранавіцкая вобласьць — гэта былое Наваградзкае ваяводзтва, якое пасьля ўзьяднаньня Ўсходняй і Заходняй Беларусі было пераўтворанае ў Баранавіцкую вобласьць. Абласным цэнтрам стаў горад Баранавічы. 8 студзеня 1954 году вобласьць была ліквідаваная, раёны былі перададзеныя Берасьцейскай і Менскай абласьцям”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG