Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У праграме “Званкі на Свабоду” слухачы камэнтуюць падпісаньне дамовы пра стварэньне рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адказвае на пытаньне пра тое, чаму ягоны сын Франак не хацеў ісьці ў войска. Рэжысэр-дакумэнталіст Юры Хашчавацкі адказвае на пытаньне, ці зьняў бы ён фільм “Кемлівы прэзыдэнт”.


3 лютага пагадненьне пра стварэньне адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны падпісалі Дзмітры Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка. Расея гатовая даць Беларусі 100 мільярдаў рублёў крэдыту. Афіцыйны Менск прасіў крэдыт, каб перайсьці на расейскі рубель у разьліках ва ўзаемным гандлі.

СМС-паведамленьне: “Расея, як жанчына лёгкіх паводзінаў. Ня можа адмовіць Бацьку ў крэдытах”.

На тэму беларуска-расейскай інтэграцыі мы атрымалі наступныя тэлефанаваньні:

Уладзімер Пяскоўскі, Гомель: “Пра якую саюзную дзяржаву і адзіную валюту можа ісьці гаворка? Мы ўжо жылі з Расеяй у саюзнай дзяржаве 70 год і ведаем, што гэта такое. З былых рэспублік, якія ўваходзілі ў склад Савецкага Саюзу, зараз ужо каля 20 гадоў як зь незалежных рэспублік ніводзін кіраўнік дзяржавы на такое не пайшоў. Каб зьніштожыць свой дом, сваю незалежную дзяржаву, здрадзіць свайму народу. Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, вы ўжо даўно знаходзіцеся ў зоне дзеяньня расейскага капкану. Яшчэ крок — і ён замкнецца. Спыніцеся, пакуль ня позна”.

Cпадар Мікалай: “Ну вось і дагуляліся ў саюзную дзяржаву: Беларусь стала першай лініяй абароны Расеі. А я мяркую, што трэба бараніць незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны”.

СМС-паведамленьне: “Ці адпавядае рэчаіснасьці інфармацыя пра тое, што Франак Вячорка будзе служыць у рэзэрве?”

Ганна: “Я лічу, што нашы моладзевыя актывісты самі не жадаюць служыць у войску. І ня трэба тут прыплятаць палітыку. І мае рацыю прымаўка: “Языком малоць — не рыдлёўкай варочаць”.

СМС-паведамленьне і тэлефанаваньне камэнтуе Вінцук Вячорка, бацька моладзевага актывіста Франка Вячоркі. Яго, а таксама чальцоў “Маладога фронту” Івана Шылу і Зьмітра Хведарука, днямі прызвалі служыць у войска.

“У заканадаўстве Беларусі і ў практыцы абсалютна не прапісаныя мэханізмы альтэрнатыўнай службы і службы ў рэзэрве. Паседжаньне прызыўной камісіі адбылося цягам 5 хвілінаў. Франку не далі магчымасьці заявіць ніякіх хадайніцтваў і просьбаў. У тым ліку — служыць альтэрнатыўна ці ў рэзэрве. Калі гаварыць пра майго сына, яго прызнавалі непрыдатным для службы ў войску. Абсалютна відавочна, што людзі, якія знаходзяцца ў сьпісе Лукашэнкі як небясьпечныя для яго маладыя актывісты, павінны былі быць нэўтралізаваныя. Адбываецца нахабная зьнявага правоў нашых маладых людзей, зьнявага закону. Траціна прызыўнікоў, якія маюць праблемы з сэрцам, крывяным ціскам і асаблівасьцямі шкілету, у войска не прызываюцца. Я ўсяго толькі патрабую (і мой сын на тым самым настойвае) роўнага стаўленьня да ўсіх прызыўнікоў”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:

Рыбакоў: “Паглядзеў па Белсаце стужку “Звычайны прэзыдэнт”. Лічу, што ў сувязі з сусьветным крызісам і апошнімі падзеямі час зьявіцца стужцы “Кемлівы прэзыдэнт”. У мяне пытаньне да Хашчавацкага: што ў апошні час гэты рэжысэр-дакумэнталіст вырабіў? Над чым працуе?”

Адказвае Юры Хашчавацкі:

“Кемлівы прэзыдэнт”? Даволі цікавая штука магла б атрымацца. Сапраўды, як умее лавіраваць і падманваць усіх навокал — і Захад, і Расею — гэта дорага каштуе. Чым я зараз займаюся? Я скончыў вялікі фільм з паэтам Аляксандрам Гарадніцкім “У пошуках ідышу”. Фільм пабудаваны такім чынам, што Гарадніцкі езьдзіць па Беларусі і спрабуе зразумець, што адбылося з той габрэйскай мовай, якой шмат хто карыстаўся, якая была адной зь дзяржаўных моваў. Зараз я раблю фільм з працоўным назовам “Лябатамія”. Гэта фільм, які будуецца на расейскай і беларускай рэчаіснасьці, пра тое, з дапамогай якіх рычагоў улады замбуюць грамадзтва, прымушаюць людзей прыняць іхныя прапагандысцкія ідэі”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG