Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абяцаюць, дэвальвацыі ня будзе? Значыць, чакай сюрпрызаў”

  • Ягор Маёрчык

Слухачы камэнтуюць самасуд на Гомельшчыне й адгукаюцца на абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што яшчэ адной дэвальвацыі беларускага рубля ня будзе.

Слухачы актыўна абмяркоўваюць выпадак самасуду ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці, калі тры вяскоўцы забілі суседа-крымінальніка, які неаднойчы падпальваў будынкі, у тым ліку хаты сялян. Аўтары тэлефанаваньняў таксама адгукаюцца на загад Аляксандра Лукашэнкі выпусьціць самасуднікаў са сьледчага ізалятара да суду пад хатні арышт.

Спадарыня: “Наконт падпалу. Надакучыла гэта хлопцам, у якіх гарэлі хлявы і хаты, яны тое і зрабілі. Забілі. Так, канечне, нельга рабіць. Але што рабіць было гэтым хлопцам, калі ў нас няма ні судоў, ні пракуратуры, ні адвакатуры. Не ідзі туды, таму што табе там ніхто не дапаможа, а наадварот — толькі страціш грошы, больш нічога. Мяне зьдзіўляе вось што. Што хочуць начальнікі, тое і робяць. Яны цябе зьнішчаюць, абіраюць. Пайдзі хоць у адзін суд — нічога не даб’есься. Няма ў чым гэтую міліцыю вінаваціць. Таму што гэта павінны рашаць суды і пракуратура. А там нічога не даб’есься”.

Спадар: “Паслухаў камэнтар Сукалы наконт забойцаў і лічу, што ўсё неяк не як у людзей. Неўзабаве вясна, падпаліш траву на лецішчы — штраф такі, што паўгода працаваць трэба. Калі машына на лецішчы раптам загарыцца, дакажуць, што гэта зьнішчэньне маёмасьці. Да васьмі гадоў тэрміну. А калі забойца забіў падпальшчыка, то яго на печку завязуць, каб са сваякамі размаўляў. Хутка прэміі пачнуць выдаваць”.

Спадарыня, Гарадзеншчына: “Слухаеш званкі на «Свабоду» пра людзей, якія забілі гэтага бандыта, і як яны на Лукашэнку ўсякую муру стараюцца нацягнуць, усё чорным паказваюць. Ён жа ня вызваліў ад турмы, суд жа ён не адклаў, прасіў судзьдзяў быць аб’ектыўнымі і правільна разабрацца ў гэтай справе. Чаго яны там будуць сядзець? Карміць і ўтрымліваць іх задарма? Дык што тут дрэннага?”

Днямі Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што чарговай дэвальвацыі беларускага рубля ня будзе. Слухачы гавораць пра свой дабрабыт і пра эканамічны крызіс:

Спадар: “Знаходзячыся ў Лідзе, наш самы галоўны начальнік заявіў, што далейшай дэвальвацыі ня будзе. Значыць, трэба разумець, хутка рубель зноў лясьнецца, таму што словы нашага правадыра трэба ўспрымаць наадварот. Узгадайце, як недзе 1,5 месяца таму Рыгорыч упэўніваў, што ніякага крызісу ў нас не было, няма й ня будзе. А прайшло літаральна пару дзён — і на табе, рубель абваліўся адразу на 20 адсоткаў. А якіх сюрпрызаў нам варта чакаць пасьля гэтай заявы? Пажывем — пабачым”.

Спадарыня: “Плачуць чыноўнікі, цяжка ім. Але чаму ніводзін чыноўнік не сыходзіць? Трымаюцца абцугамі за гэтыя месцы і плачуцца”.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадарыня: “Ваша «Свабода» пастаянна паўтарае, што Генадзь Карпенка і Віктар Ганчар зьнішчаныя па нейкіх палітычных матывах. А чаму вы не раскажаце пра тое, як гэтыя два начальнікі маладэчанскага выканкаму адмывалі дзяржаўныя грошы пад маркай выдзяленьня пазыкі, якую яны выдзялялі сваім паплечнікам? Па некалькі разоў адным і тым жа? І на якія шышы ўдава Карпенкі драпанула за мяжу?”.

Слухачцы адказвае Валер Костка. У часы Генадзя Карпенкі ён працаваў кіраўніком спраў Маладэчанскага гарвыканкаму, а пасьля, калі Карпенка стаў намесьнікам старшыні Вярхоўнага савету 13-га скліканьня, спадар Костка быў ягоным памочнікам.

“Пасьля таго як Карпенка і Ганчар звольніліся з Маладэчанскага выканкаму, адбылося 17 праверак рознага ўзроўню. Ніякіх парушэньняў законаў ніхто не знайшоў. Што тычыцца Людмілы Карпенкі, яна «драпанула» ні на якія не на шышы. Яна зьехала па палітычных матывах. Жыве там яна не шыкуючы. Хай ня думаюць, што яна схапіла мільёны і рванула за мяжу. Няма там ніякіх мільёнаў. Яны зьехалі, бо яна баялася за жыцьцё сваіх дзяцей”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG