Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алесь Макаеў: У нас шанец толькі на салідарнасьць


Пратэст прадпрымальнікаў у Менску 21 студзеня 2008 году

Пратэст прадпрымальнікаў у Менску 21 студзеня 2008 году

Індывідуальныя прадпрымальнікі пачалі падрыхтоўку да страйку, мітынгу і шэсьця. Гэтыя акцыі маюць адбыцца ў Менску 10 і 15 сьнежня.


Што прымушае гандляроў ізноў выходзіць на вуліцы? Які плён ад акцыяў пратэсту, на якія дробныя бізнэсоўцы ўжо выходзілі сёлета?


Індывідуальныя прадпрымальнікі занепакоеныя тым, што ўлады рыхтуюць чарговы наступ на іх: абяцаюць скасаваць ільготны рэжым увозу тавараў. Гэта азначае, што ад 1 студзеня спыняецца дзеяньне пункту 3 указу № 285 “Аб некаторых мерах па рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці”. Згодна зь ім дробныя гандляры, якія плацяць адзіны падатак, маглі ня мець дакумэнтаў на тавар з Расеі і сплачвалі фіксаваны ўвазны падатак на дададзеную вартасьць. Новыя ўмовы працы могуць прывесьці да масавых банкруцтваў.

Тацяна Міронава
Тацяна Міронава патлумачыла, што ў лістападзе індывідуальныя прадпрымальнікі апошні раз сплачваюць адзіны падатак паводле старога ўказу. А што будзе ў студзені?

“Тыя, хто здольныя фінансава, маюць па 3-5 пунктаў, тыя могуць пайсьці ў ЧУП. А ў каго адзін-два пункты, палічыўшы, хутчэй за ўсё сыдуць з рынку. Асабліва на “Дынама”: там усе маюць па адным пункце, яны проста сыдуць у падпольле, яны ня вытрымаюць ЧУП. Гэта даволі вялікая частка ІП-шнікаў”.

Прадпрымальніца з рынку “Ждановічы” Жана Болсун кажа, што настроі сярод бізнэсоўцаў вельмі сур’ёзныя:

“Сёньня людзі проста ў шоку. Ніхто ня ведае, як будзем працаваць з новага году. Працуюць проста па інэрцыі. Мне здаецца, любы які-небудзь нэгатыўны момант, якая-небудзь іскра, новая пастанова ўраду — і людзі могуць проста выбухнуць. Вось тады гэтая маса можа вываліць куды заўгодна: на чыгунку, на дарогу”.

Лідэры рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” падалі заяўку на правядзеньне 15 сьнежня ў Менску маршу прадпрымальнікаў ад пляцоўкі ля Акадэміі навук да парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор. Там пройдзе мітынг.
Віктар Гарбачоў
Лідэр зарэгістраванага ва Ўкраіне міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў заявіў, што значная колькасьць дробных гандляроў мае намер страйкаваць 10 сьнежня. Старшыня каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менску Алесь Макаеў заяўляе: калі ўлады не дазволяць акцыі 15 сьнежня, то 10 сьнежня, падчас страйку, яны гатовыя выйсьці на Кастрычніцкую плошчу. Як гэта было на пачатку году. Але ці былі плённымі тыя пратэсты? Аналітык Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў Андрэй Ягораў вывучае гісторыю барацьбы прадпрымальнікаў за свае правы з другой паловы 90-х гадоў:

“Фактычна, ніколі гэтыя прадпрымальніцкія страйкі і выступы ў выглядзе масавых акцый не дасягалі тых мэтаў, якія былі фармальна заяўленыя. А прычына ў тым, што абіраюцца неадэкватныя спосабы барацьбы за свае правы.
Калі яны абвяшчаюць страйк, яны павінны яго абвяшчаць такім чынам, што мы ніколі ня выйдзем на працу, калі нашы патрабаваньні ня будуць задаволеныя. Але зразумела, што такога ня будзе
У прадпрымальнікаў заўсёды дамінуюць эканамічныя інтарэсы па-над палітычнымі. Калі яны пачынаюць актыўнасьць сваю мітынговую, страйкавую, то гэта той час, калі выпадае найменш актыўная колькасьць продажаў. І гэта той пэрыяд, калі яны могуць выступаць. І ўсе гэтыя страйкі скончацца перад Новым годам, бо ім трэба будзе працаваць. А калі ўзяць уплыў на эканоміку краіны, то ён вельмі нязначны — іх страйкі, фактычна, нічога не даюць. Калі яны абвяшчаюць страйк, яны павінны яго абвяшчаць такім чынам, што мы ніколі ня выйдзем на працу, калі нашы патрабаваньні ня будуць задаволеныя. Але зразумела, што такога ня будзе”.

Нагадаем, у мінулым сьнежні-студзені выступленьні былі скіраваныя супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760, які забараніў наймаць на працу несваякоў. Аднак гэты ўказ так і не ўдалося адмяніць. І як жа працавалі дагэтуль дробныя бізнэсоўцы? Тацяна Міронава адзначае, што ўлада іх не чапала перад парлямэнцкімі выбарамі:

“Не чапала пасьля таго, як выпусьцілі Парсюкевіча і Кіма. Яна прыціхла. І з-за выбараў было спакойна працаваць. І ўсе тыя гандляры, якія страцілі працу, вярнуліся на тыя ж месцы. Пра гэта ўсе ведаюць. Усе гэтыя рынкі працуюць нелегальна, іх можна зачыніць за пяць хвілін. Працуюць без дакумэнтаў. Атрымаўся спэктакль. Улада іх не чапае. І вось насьпявае такая думка, што выжывалі і выжывем, што-небудзь прыдумаем. Таму і Макаеў, і Шумчанка разумеюць, што народ падняць у лістападзе вельмі цяжка. Вось спрабуюць у сьнежні, калі прыжучаць”.

У дачыненьні да шэрагу ўдзельнікаў студзеньскіх выступаў улады распачалі так званую “справу 14-ці”. Шмат каго пакаралі арыштамі, абмежаваньнем волі і штрафамі. Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч трапілі за краты, але выйшлі на волю пад ціскам Захаду. Паводле Тацяны Міронавай, карныя мэтады не перашкодзяць пратэстам:

“Прадпрымальнікі адчулі смак свабоды і грошай. Яны паезьдзілі па Эўропе, па Амэрыцы. І нават пад палкай яны ня вернуцца на заводы. Яны лепей зьедуць з гэтай краіны”.

Старшыня прэзыдыюму Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімер Карагін мяркуе, што ў дробных бізнэсоўцаў праблемы ёсьць, але акцыі пратэсту нічога не даюць. Ён мяркуе дамовіцца з уладамі:

“Я лічу, што калі б мы ўсе — саюзы, асацыяцыі — аб’ядналіся для вылучэньня канструктыўных прапаноў, гэта прынесла б больш карысьці, чым разрозьненыя акцыі пратэсту”.

Алесь Макаеў
Алесь Макаеў адзначыў, што пацярпеў вялікія фінансавыя страты, пакуль адбываў арышт на Акрэсьціна за ўдзел у акцыях пратэсту. Аднак ён гатовы змагацца за свае правы:

“Кіраўнік краіны, гарант Канстытуцыі не выконвае абавязкі. Парушаюцца канстытуцыйныя правы прадпрымальнікаў. У нас насамрэч ёсьць законная падстава для пратэстаў. Прадпрымальнікі ня могуць нармальна працаваць, ня тое што разьвівацца. Пад пагрозай іх далейшае існаваньне. Калі будуць дзясяткі тысяч прадпрымальнікаў на плошчы, то з намі будзе лічыцца любая ўлада. У нас шанец толькі на салідарнасьць, і менавіта праз плошчу”.
XS
SM
MD
LG