Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва” падало заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне 15 сьнежня ў Менску маршу прадпрымальнікаў.


У заяўцы ад імя васьмі актывістаў гаворыцца, што мітынгам і шэсьцем удзельнікі акцыі хочуць “прыцягнуць увагу ўладаў да невыканальных умоваў, якія чакаюць індывідуальных прадпрымальнікаў ад 1 студзеня 2009 года”.

Лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка заявіў:

Анатоль Шумчанка
“Мы, як і раней, заяўляем, што мы гатовыя да канструктыўнага дыялёгу. І напружваньне сытуацыі ў сфэры бізнэсу сёньня ва ўмовах фінансавага крызісу ня выгадна нікому. Таму мы адмовімся ад правядзеньня маршу, калі выйдзе ўказ прэзыдэнта аб захаваньні ранейшых умоваў працы для прадпрымальнікаў ад 2009 году. А калі не, то ў нас проста не застаецца выйсьця. Учора спадар Тур заявіў, што індывідуальныя прадпрымальнікі страцяць ільготы пры ўвозе тавараў з Расеі. Таму, калі хочаце, гэта наш адказ уладам. І мы спадзяемся моцна і аргумэнтавана гэты адказ прадэманстраваць”.

Адносна таго, што мітынг плянуецца правесьці на плошчы Бангалор, спадар Шумчанка сказаў, што для арганізатараў “важна прадэманстраваць пазыцыю людзей, як мага большай колькасьці, і няма мэты сутыкненьняў зь міліцыяй”.

“Мы гатовы змагацца. І людзі таксама настроены на барацьбу”, — адзначыў А.Шумчанка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG