Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі рыхтуюць рэфэрэндум


Рынак "Крыніца" ў Магілёве

Рынак "Крыніца" ў Магілёве

Прадпрымальнікі магілёўскага рынку “Крыніца” маюць намер правесьці 15 лютага 2009 году мясцовы рэфэрэндум.


Яны хочуць высьветліць, ці падтрымліваюць жыхары мікрараёну “Саломінка”, дзе рынак месьціцца, намер улады перанесьці яго ў іншае месца. У гарвыканкам ужо пададзены неабходныя дакумэнты. На месцы рынку ўлада задумала ўзьвесьці спартовы комплекс. 28 кастрычніка прадпрымальнікі павінны ўжо былі вызваліць месца для будаўнічай пляцоўкі, аднак, як высьветлілася, новае месца, адведзенае пад рынак у гэтым жа раёне, не падрыхтаванае. Раней гандляры ўжо сабралі шэсьць тысяч подпісаў за захаваньне рынку, аднак гэта не паўплывала на намеры ўлады.

На мясцовы рэфэрэндум ініцыятары выносяць два пытаньні: “Ці лічыце вы першачарговым будаўніцтва сярэдняй школы й дзіцячага садку ў мікрараёне “Саломінка” замест спартовааздараўляльнага комплексу?” і “Ці лічыце вы неабходным, каб рынак “Крыніца” застаўся працаваць на ранейшым месцы?”

Адміністрацыя Ленінскага раёну Магілёва ўжо вызначала месца для новага рынку. Прадпрымальнікам, аднак, было заяўлена, што перавозіць туды свае павільёны ім не дазволяць.
Гэта адзіны легітымны спосаб абараніць свае законныя правы на працу

“А гэтыя “грабы”, як яны выказваюцца, забірайце на дачу й рабіце зь імі, што хочаце. Будаваць па тысячы даляраў за квадрат у час гэтага фінансавага крызісу ў нас проста няма грошай. Мы страцім працу. Вось галоўная прычына, зь якой пачалася тэма рэфэрэндуму, бо гэта адзіны легітымны спосаб абараніць свае законныя правы на працу”, — растлумачыў пазыцыю гандляроў прадпрымальнік Вячаслаў.

Прадпрымальнікі ня супраць будаўніцтва новых павільёнаў, аднак на старым месцы.

Ініцыятыўная група з 27 прадпрымальнікаў абрала сваім старшынём жыхара мікрараёну, экс-кандыдата на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Ігара Каваленку.

“Прадпрымальнікі й жыхары гэтага раёну зьвярнуліся да мяне з просьбай, каб я дапамог абараніць іх правы. Яны прывялі важкі аргумэнт, што яны падчас парлямэнцкіх выбараў галасавалі за мяне, што яны мне давяраюць. Мне давялося ўзначаліць гэта. Мы ня ўсе пытаньні павінны перакладаць на чыноўнікаў, гарадзкую ўладу, мы павінны нешта рабіць самі”.

На месцы рынку ўлада задумала ўзьвесьці спартовы комплекс. Сёлета ў сакавіку старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў абяцаў, што лёс рынку будзе вырашаны толькі пасьля грамадзкага абмеркаваньня:

“Перад тым, як мы гэта зробім, абавязкова мы правядзём абмеркаваньне гэтага аб’екта. З прыцягненьнем жыхароў гэтага раёну, з
прыцягненьнем горадабудаўнічай рады”.

Такое абмеркаваньне адбылося неўзабаве пасьля заявы Віктара Шорыкава ў Ленінскім райвыканкаме, дзе сабралі ўсіх прадпрымальнікаў рынку:

“Нам было сказана, што будзе будавацца спарткомплекс і ня думайце нават, што яго ня будзе. А калі вы думаеце, што спарткомплексу тут ня будзе, то й рынку ня будзе пагатоў”, — пераказвае сутнасьць гутаркі з чыноўнікамі прадпрымальнік Вячаслаў.

Першапачаткова рынак абяцалі зьнесьці ў верасьні, потым адклалі гэта да 28 кастрычніка. Як высьветлілася, пляцоўка, куды гандлярам належала перанесьці свае павільёны, не была падрыхтаваная.

“Калі мы пераедзем на гэтую пляцоўку без асьвятленьня, без магчымасьці падключэньня вады й каналізацыі, у нас проста ня хопіць сродкаў. Мы проста ня ў стане будзем зрабіць тое, што не зрабілі й не дарабілі гарадзкія ўлады”, — наракае адна з гандлярак.

У гарвыканкаме ініцыятыву прадпрымальнікаў рынку не камэнтуюць, кажуць, што пра яе ня чулі. Вядома, аднак, што чыноўнікі чарговым разам адтэрмінавалі перанос “Крыніцы” — цяпер на няпэўны час.

“Новы рынак па вуліцы Турава прадугледжваецца больш цывілізаваны. Там будуць гандлёвыя рады мясной прадукцыі й рыбнай прадукцыі, аднак яны павінны быць сканцэнтраваныя па блёках”, — паінфармаваў прадстаўнік гарвыканкаму.

На рынку “Крыніца” гандлююць паўтары сотні прадпрымальнікаў. Гандлёвыя павільёны зьявіліся тут гадоў дзесяць таму. Цяпер тут блізу пяцідзесяці шапікаў. Гаспадары кажуць, што кожны зь іх абышоўся прыблізна ў дзесяць тысяч даляраў.

XS
SM
MD
LG