Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Людзям ня кажуць праўды пра небясьпеку крызісу”


Васіль Корабаў

Васіль Корабаў

Ці закране сусьветны фінансавы крызіс хімічную і нафтавую прамысловасьць Беларусі? Лідэр Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў і нафтавікоў Васіль Корабаў кажа, што кіраўніцтва прадпрыемстваў у гэтых галінах хавае праўду пра перадкрызіснае становішча.

Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў і нафтавікоў Васіль Корабаў правёў прэсавую канфэрэнцыю, на якой папярэдзіў пра цяжкія наступствы сусьветнага фінансавага крызісу для прадпрыемстваў, працаўнікі якіх уваходзяць у гэты прафсаюз. Гаворка ішла пра такія буйныя прадпрыемствы, як гарадзенскі “Азот”, наваполацкі “Нафтан”, Салігорскі калійны камбінат, які ўваходзіць у канцэрн “Белнафтахім”, ды іншыя заводы.

“Інфармацыі, якую атрымліваюць на прадпрыемствах, вельмі мала. Гледзячы дзяржаўнае тэлебачаньне, чытаючы дзяржаўныя газэты, можна атрымаць уражаньне, што сусьветны крызіс нас увогуле не закранае і не закране. Але гэта няпраўда. Ужо зьнізіліся цэны на некаторыя вырабы нашых заводаў, якія працуюць на экспарт. Усё больш узьнікае праблем з крэдытаваньнем, фінансаваньнем сацыяльных праграм, а галоўнае — крызіс ударыць па мадэрнізацыі нашых заводаў, бо праблемы ўзьнікаюць з інвэстыцыямі”.

Як рыхтуюцца да крызісу простыя працаўнікі? Ці гатовыя яны адстойваць свае правы, як робяць рабочыя ў Эўропе?

Васіль Корабаў нагадаў, што ўлетку на некаторых буйных прадпрыемствах рабочым былі паднятыя заробкі. Гэта адбылося на Мазырскім НПЗ, “Белшыне”, “Беларуськаліі”. Зараз, паводле спадара Корабава, рыхтуецца падвышэньне заробку на гарадзенскім “Азоце”. Але для большасьці працаўнікоў такое падвышэньне не аказалася істотным, бо кошты за гэты час павялічыліся значна больш. Вось што кажа Васіль Корабаў пра гатоўнасьць працаўнікоў змагацца за падвышэньне заробкаў:

“Людзі напужаныя тым, што нават гэта страцяць. Так, нізкі ўзровень аплаты працы. Але іншай працы проста няма! А тыя афіцыйныя прафсаюзы, якія ёсьць на прадпрыемствах, не дапамагаюць у гэтым змаганьні”.

Паводле лідэра незалежнага прафсаюзу, актыўнасьць працоўных стрымлівае кантрактная сыстэма. За ўдзел у акцыях пратэсту ці ў суполках незалежных прафсаюзаў адміністрацыя пагражае спыненьнем кантрактаў, і гэта дзейнічае. На некаторых прадпрыемствах за мінулыя некалькі гадоў колькасьць сябраў незалежных прафсаюзаў скарацілася ўтрая.

Прафсаюзны лідэр распавёў і пра захады, якія вядуцца асабіста супроць яго. Паводле Васіля Корабава, Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларуская, якой кіруе Леанід Козік, нібыта распаўсюдзіла супроць яго ілжывыя зьвесткі. Пазоў актывіста разглядаў Кастрычніцкі суд Гародні, але не задаволіў яго. Зараз Васіль Корабаў зьбіраецца падаваць скаргу ў Гарадзенскі абласны суд.


XS
SM
MD
LG