Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Цяпер выгадныя краіны — Беларусь, Казахстан, Туркмэністан"


Ці пабягуць інвэстары ў Беларусь? Як усясьветны фінансавы крызіс адаб’ецца на сытуацыі ў Беларусі?


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч упэўнены: усясьветны фінансавы крызіс адаб’ецца на Беларусі надзвычай станоўча. Ён кажа, што за апошнія два тыдні сустракаўся аж з чатырма дэлегацыямі бізнэсоўцаў. Усе яны прыехалі ў Менск з Ізраілю, кажа дэпутат Гайдукевіч:

“У дадзеным выпадку дзейнічае прынцып — грошы любяць цішыню, спакой і стабільнасьць. За два апошнія месяцы плынь людзей, якія жадаюць разьмясьціць грошы ў Беларусі, павялічылася ў 10 разоў.

Чым цяпер прываблівае Беларусь? Яшчэ раз кажу: грошы любяць цішыню, спакой і стабільнасьць. Іх наагул мала цікавяць нейкія палітычныя катаклізмы”.

Сяргей Гайдукевіч удакладняе:

“У нас дзяржсэктар пераважае і прэвалюе. І цяпер дзяржава цалкам кантралюе банкаўскую сыстэму. Таму і ідзе да нас інвэстар.

Цяпер выгадныя краіны — Беларусь, Казахстан, Туркмэністан... Тыя краіны, дзе ўсё кантралюе дзяржсэктар”.

Адрозна ад дэпутата Гайдукевіча, старшыня прэзыдыюму Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімер Карагін настроены па-іншаму. Ён цьвердзіць, што ўсясьветны фінансавы крызіс ужо нэгатыўна адбіваецца на беларускіх прадпрымальніках:

“Банкі цяпер больш асьцярожна выдаюць крэдыты прадпрымальнікам. Некаторыя банкі нават прыпынілі крэдытаваньне праектаў малога бізнэсу.

Другая праблема — рынкі збыту для нашых тавараў. Асабліва ва Ўкраіне і ў Расеі. І трэцяя — агульны настрой у дзелавым асяродзьдзі, калі дамінуе не аптымізм, а прыгнечанасьць. Узьнікае нявызначанасьць, паўстаюць праблемы плянаваньня і прагназаваньня. І ўжо можна казаць пра зьмяншэньне зацікаўленасьці інвэстараў у шэрагу праектаў. Літаральна толькі што мне тэлефанаваў адзін прадпрымальнік, які заняты будоўляй ачышчальнага цэнтру... І кажа, што адзін з інвэстараў адмовіўся ўдзельнічаць у фінансаваньні гэтага праекту”.

XS
SM
MD
LG