Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Урэшце і беларускі ўрад прызнаў: краіна таксама сутыкнулася з усясьветным фінансавым крызісам. Утварылася працоўная група пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова, якая займаецца маніторынгам падзеяў на міжнародным фінансавым рынку і рыхтуе прапановы, каб цяперашні крызіс мінімальна адбіўся на беларускай эканоміцы. А як засьцерагчыся ад наступстваў крызісу шараговаму беларусу?

Што да простых грамадзянаў, першыя цяжкасьці адчулі тыя, хто хочуць узяць крэдыт у банку, да прыкладу, на будоўлю жыльля. Некаторыя расейска-беларускія фінансавыя ўстановы наагул прыпынілі афармленьне крэдытаў. Астатнія падвысілі працэнтныя стаўкі. Распавядае супрацоўніца “Прыёрбанку”:

“У далярах і эўра крэдыты пад 15%, у беларускіх рублях — пад 18% гадавых. Гэта з улікам таго, што яны ўжо павысіліся: у далярах — на 4 працэнтныя пункты, у беларускіх рублях — на 2 працэнтныя пункты”.

Некаторыя банкі спынілі выдачу крэдытаў на набыцьцё аўтамабіляў. Эканаміст Зьміцер Бабіцкі выказаў такое меркаваньне:

“Мы бачым, што крэдыты даражэюць, выдаюць іх менш, імкнуцца спагнаць выдадзеныя. Гэта ўсе кепска як для суб’ектаў гаспадараньня, так і для насельніцтва. Але казаць пра нейкі маштабны крызіс у Беларусі, пра нявыплату дэпазытаў, замарожваньне рахункаў — пакуль заўчасна”.

А вось стаўкі па дэпазытах павышаюцца. Начальнік Упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў кажа, што банкі вымушаныя заахвочваць кліентаў:

“Ужо прапануюць больш прывабныя дэпазыты: у рублях — да 15%, у валюце — 10,5%. У кожнага банку свае прапановы, яны незалежныя ў гэтай сваёй палітыцы”.

Непасрэднага ўплыву сусьветнага фінансавага крызісу на беларускую эканоміку, адтоку сродкаў інвэстараў ва ўрадзе не прагназуюць, бо замежныя інвэстыцыі складаюць толькі 3,5 працэнта ад агульных укладаньняў у эканоміку. Фондавага рынку ў краіне няма. Таму ў Беларусі ў цяперашніх варунках можа пацярпець перш за ўсё экспарт, на які арыентавана 60 працэнтаў вытворчасьці, кажа намесьнік міністра эканомікі Пётар Жабко:

“Безумоўна, гэта нас неяк закране. Напэўна, стане цяжэй прадаваць нашу прадукцыю, таму што попыт зьменшыцца, ускладніцца экспарт. Трэба шукаць дадатковыя рынкі збыту. І пэўныя захады выпрацоўваюцца — дзеля таго каб наступствы крызісу былі меней значнымі для эканомікі краіны”.

Нягледзячы на гэткі аптымізм урадоўцаў, грошай у банкі беларусы сталі несьці менш. Так, з пачатку году ўклады грамадзянаў павялічыліся на 2,7 трыльёна рублёў. Але нават пры падвышэньні працэнтных ставак тэмпы замарудзіліся. Калі ў жніўні аб’ёмы дэпазытаў вырасьлі на 300 мільярдаў, то за верасень — толькі на 100 мільярдаў.

Як жа беларусам захаваць свае ашчаджэньні? Мікалай Халезін, грамадзкі рэдактар гэтага тыдня на Радыё Свабода, дае такую параду:

“Калі ёсьць сума больш-менш важкая, трэба яе пераводзіць у валюту. Былі рэкамэндацыі па дзьвюх валютах: ангельскім фунце і кітайскім юані. Але кітайскіх юаняў у нас няма, з ангельскімі фунтамі вельмі цяжка, таму ёсьць такая прапанова трымаць грошы ў дзьвюх валютах: эўра і далярах, 50 на 50. Я б не прапаноўваў трымаць іх у банку, бо беларуская эканоміка ў такім стане, што калі фінансавая сыстэма абрынецца, абрынуцца і ўсе да адзінага банкі. Таму я прапаную трымаць грошы ў панчосе”.

За 9 месяцаў беларусы скупілі ўтрая больш золата, чым летась — 51 174 кіляграмы. У 2007 годзе “вечнай валюты” было куплена ўтрая менш. Магчыма, такім чынам грамадзяне імкнуцца пазбавіцца ад беларускіх грошай. Старшыня рады беларускай асацыяцыі “Нерухомасьць” Мікалай Прасталупаў дае такую параду грамадзянам:

“Зараз меркаваньне спэцыялістаў — сапраўдныя, жывыя грошы пакуль паберагчы, нікуды іх не ўкладаючы, нічога не купляючы. “Заціхарыцца” і перачакаць гэтае ліхалецьце”.

Эканаміст Міхал Залескі перакананы, што ад наступстваў крызісу не ўратуесься. Не бяз гумару ён кажа:

“Гэта ўсё выглядае, як у беларускай прыпавесьці: сядзіць сава і нейкага пацука дохлага дзяўбе. А тут ляціць арол над ёй. Сава ад яго крыламі закрывае свайго пацука, гукаць пачынае, палохаць. Чаго ты палохаеш? Ён у цябе нічога адбіраць не зьбіраецца, яно само ўжо ўсё згніло. Так і тут. Калі ў чалавека ёсьць нейкія заначкі, чаго зь імі лётаць? Яны не ўратуюць ні пры якім крызісе. Мне дзед неяк казаў: “Будуць яшчэ часы, калі за грошы хлеба ня купіш. А будуць яшчэ часы, калі і за золата хлеба ня купіш”.

Што крызіс — зьява часовая і беларусы яго перажывуць без асаблівых наступстваў, начальнік Упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў перакананы:

“Нічога, перажывем. Зноў адкоцімся. Госпадзе, колькі на нашай памяці гэтых крызісаў ужо было! У 1998 годзе было страшней”.

XS
SM
MD
LG