Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: “У нас цэны вызначае “Белнафтахім”. Яны сваю палітыку тлумачаць тым, што толькі цяпер стабілізаваліся пастаўкі на ўнутраны рынак”.


У зьвязку з банкруцтвам шэрагу прамысловых гігантаў і складанасьцямі ў сфэры крэдытаваньня на працягу апошніх тыдняў імкліва падалі цэны на нафту. У сваю чаргу, практычна ва ўсіх рэгіёнах сьвету назіралася тэндэнцыя да зьніжэньня цэнаў на аўтамабільнае паліва. Выключэньне — Беларусь, дзе ні бэнзін, ні дызельнае паліва не патаньнелі — нягледзячы на тое, што цана нафты зь ліпеня зьнізілася амаль удвая. Чаму так адбываецца?

Паводле вынікаў апошніх таргоў на сусьветных біржах кошт нафты нязначна падвысіўся і пераадолеў псыхалягічны бар’ер у 80 даляраў за барэль. Аднак міжнародныя аналітыкі лічаць гэта кароткачасовай зьявай: паводле экспэртаў, да канца году прагназуецца падзеньне да 70 даляраў за барэль, а сярэдні прагноз на 2009-ты — 86 даляраў за барэль. Але калі фінансавы крызіс не аціхне, цэны могуць абваліцца і да 50 даляраў.

Такія пэрспэктывы ўлічваюцца ў краінах з рынкавай эканомікай, у тым ліку і ў суседніх зь Беларусьсю. Перадусім гэта тычыцца спажываньня нафты і вытворных ад яе. Так, у верасьні ва Ўкраіне бэнзін АІ-95 патаньнеў на 6,5%, А-80 — на 5,5%, дызпаліва — больш чым на 4%. Сёмы тыдзень запар ня так заўважна, але падаюць кошты і ў Расеі — у розных буйных гарадах фэдэрацыі бэнзін патаньнеў на 3—5%. На 1—1,5% панізіліся кошты ў Літве, Латвіі і Польшчы. І гэта тычыцца практычна ўсіх рэгіёнаў сьвету. Так, у Ізраілі на пачатку кастрычніка кошты паліва зьнізіліся на 5%. У некаторых амэрыканскіх штатах галон бэнзіну (3,79 літра) патаньнеў адразу на паўдаляра, а яшчэ нядаўна ён перавышаў 4 даляры за галон.

Чаму сусьветныя тэндэнцыі не адбіваюцца на Беларусі? У канцэрне “Белнафтахім” адмаўляюцца абмяркоўваць нават магчымасьці карэктаваньня цэнаў на паліва. Экспэрт Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту Дзьмітрый Крук тлумачыць гэта перадусім дзяржаўнай манаполіяй на цэнаўтварэньне:

“У нас цэны вызначае “Белнафтахім”. Яны сваю палітыку тлумачаць тым, што толькі зараз стабілізаваліся пастаўкі на ўнутраны рынак. То бок у нас вельмі вялікую долю акцыз у кошце бэнзіну займае, і толькі зараз, пры зьніжэньні цэнаў, канцэрн здолеў забясьпечыць станоўчую рэнтабэльнасьць на ўнутраным рынку. Таму яны пакуль што зьніжаць цэны не зьбіраюцца. Іншымі словамі, калі гэтак жа будзе падаць кошт на нафту і надалей, то нейкія крокі ня выключаныя. Але цяпер, наколькі я зразумеў з афіцыйных заяваў чыноўнікаў “Белнафтахіму”, перадумоваў для зьніжэньня цэнаў яны ня бачаць”.

У Беларусі доля падаткаў у кошце бэнзіну даходзіць да 50%.
Паводле эканамістаў, у Беларусі доля падаткаў у кошце бэнзіну даходзіць да 50%. У іншых краінах існуе іншы досьвед — зьніжэньня ставак акцызаў. Прыкладам, у Польшчы гэты складнік, у залежнасьці ад віду паліва, 25—30%. У Расеі доля акцызу ў розьнічнай цане бэнзіну яшчэ больш сьціплая — прыкладна 15%. Як лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка, беларускі ўрад ня мае рацыі, калі намагаецца спагнаць па максымуме са сваіх ня самых заможных грамадзянаў:

“У бэнзін уключаны акцыз. А акцыз, ПДВ ды іншыя складнікі займаюць якраз палову рэальнага кошту паліва. Дарэчы, было б сумленна з боку ўраду нарэшце ўзяць і паказаць, у якую суму абыходзяцца выдаткі вытворчасьці. Што да акцызаў, то я разумею, калі алігарху Абрамовічу за яхту акцыз заплаціць, 50% яе кошту. Ці заплаціць акцыз на цыгарэты, каб не палілі. Альбо як у Брытаніі — на пастаноўкі опэрных тэатраў, то бок музыку і мастацтва для багатых. Але навошта браць акцыз з бэнзіну, калі 40% пакупнікоў — сем’і з двума дзецьмі, маладзейшымі за 18 гадоў? То бок 40% беларускіх сем’яў такога кшталту зьяўляюцца пакупнікамі бэнзіну. Што ж гэта за акцыз? Навошта са звычайных людзей зьдзіраць такі акцыз?”

У Беларусі цана бэнзіну АІ-95 складае 2810 рублёў. У пераліку на беларускія рублі ў Расеі 95-ты таньнейшы на 700 рублёў за літар (2100 беларускіх рублёў), ва Ўкраіне — на 400 рублёў. Нават эўразьвязаўскія кошты паліва ў Літве не нашмат перасягнулі беларускія — 3000 рублёў у эквіваленце.

Вядомы беларускі блогер Яўген Ліпковіч з гэтай нагоды распачаў кампанію ліставаньня зь міністэрствамі і ведамствамі, адказнымі за цэнаўтварэньне. Але ў адказах вялікага разуменьня пакуль не адчуваецца:

“Маўляў, мы маем спэцыяльны кошт на нафту з Расеі, якая не прывязаная да сусьветных працэсаў (нібыта не прывязаная, хоць гэта няпраўда). І з той прычыны, што быццам выбілі спэцыяльную цану, мы не зьбіраемся ісьці сьледам за сусьветнымі тэндэнцыямі. Пры гэтым не зьвяртаюць увагі на сваю ж папярэднюю аргумэнтацыю, калі ў іх усе цэны расьлі ў сувязі з тым, што «імкліва зьмяніліся кошты на сыравіну на сусьветным рынку». Дык вось зараз яны гэта ўсё ня ўлічваюць. Пакуль, ва ўсялякім разе, паніжаць кошты не зьбіраюцца. Канечне, у чымсьці іх можна зразумець — зусім не зайздроснае становішча зь бюджэтам… Але, з улікам майго досьведу, з сыстэмай змагацца ня толькі можна, але і трэба. І вы нават не ўяўляеце, якая колькасьць людзей у розных галінах змагаецца з сыстэмай. Бальшыня ня так, як я, не публічна, але змагаецца шмат хто, прынамсі на ўзроўні напісаньня лістоў”.


XS
SM
MD
LG