Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 кастрычніка мыта на вываз сырой нафты з Расеі зьнізіцца на 113 даляраў за тону (стане 372 даляры замест 485) — такое рашэньне расейскага ўраду.

Мыта на нафту для Беларусі складзе 124,6 даляра замест прагназаваных 162,7 даляра за тону. Як паўплывае зьніжэньне экспартных мытаў на эканоміку Беларусі?

Экспэрт у нафтагазавых пытаньнях, аглядальнік тыднёвіка “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак лічыць, што калі Расея так апэратыўна і дынамічна будзе рэагаваць на зьмены коштаў на нафту, для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў будзе таксама лепей:

“Гэта проста сытуацыя, якая дазволіць Беларусі крышку таньней купляць нафту ў Расеі. А паколькі кошты нафтапрадуктаў на ўсясьветным рынку таксама падаюць, то беларускі бюджэт недаатрымае меркаваных прыбыткаў ад нафтапрадуктаў. Але ж Беларусь купляе нафту крышку таньней за ўсясьветны кошт. І трэба ўлічваць, што правілы гульні на нафтавым рынку для нас вызначаны толькі на пэрыяд да 2009 году ўключна”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць:

“Для Беларусі гэта, па сутнасьці, ня мае ніякага значэньня, гэта мае значэньне для нафтатрэйдэраў, якія на гэтым рынку працуюць. Бо ў нас ужо адрэгуляваныя схемы кампэнсацыі для іх зь бюджэту. Ну, менш будуць плаціць, больш зарабляць, а паколькі гэтыя варункі на ўсіх распаўсюджваюцца, Беларусь нейкай адмысловай выгады ад гэтага не атрымае”.

Кірыл Коктыш, дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін, лічыць, што рабіць нейкія прагнозы пакуль заўчасна:

“Нейкія гаспадарчыя разьлікі даваць ці прагназаваць наступствы пакуль рана. Бо зусім ня вызначаны трэнд цэнаў на нафту:
Беларусь нейкай адмысловай выгады ад гэтага не атрымае
ці яны стабілізаваліся, ці яны будуць далей расьці. Бо пакуль мы ў зьніжэньні мыта маем толькі нейкія рэагаваньні на рэзкую зьмену каньюнктуры. Пакуль гэта пажарныя захады, а ня тыя крокі, на аснове якіх можна разьлічваць далейшае функцыянаваньне. Таму лепей пакуль пачакаць. І калі гэтыя трэнды стануць больш-менш устойлівыя, рабіць нейкія высновы”.

А ці адаб'ецца зьніжэньне ўсясьветных коштаў на нафту, памяншэньне экспартнага мыта на цэнах на паліва? Ці выйграюць спажыўцы? Тацяна Манёнак кажа:

“Усясьветныя кошты на нафтапрадукты падаюць, а ў нас яны ня падаюць. І гэта добра для заводаў, але ж, канечне, гэта ненармальна. Падаткаў у кошце нафтапрадуктаў больш за 60%, таму, канечне ж, асноўны прыбытак ад продажу нафтапрадуктаў мае дзяржава. Канечне, можна зьнізіць акцызы, падаткі на гэтыя нафтапрадукты. Але ж відавочна, што гэтага ня будзе”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук перакананы, што зьніжэньня коштаў бэнзіну ня будзе:

“Не дачакаемся. Бо гэта ўсё — манаполія дзяржавы праз структуры, якімі яна кіруе, і паколькі ў нас пастаўшчыкі нафты і перапрацоўшчыкі — адны і тыя ж асобы, паколькі няма канкурэнцыі, то і зьніжэньня таксама ня будзе. Цана сырой нафты, якую мы купляем у Расеі, пакуль яшчэ не ўсясьветная, нам трэба чакаць не зьніжэньня цэнаў, а росту — прынамсі да ўзроўню Літвы і Польшчы”.

XS
SM
MD
LG