Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводле ацэнак экспэртаў, у Беларусі каля 30% угодаў па набыцьці або будаўніцтве жыльля ажыцьцяўляецца з залучэньнем банкаўскіх крэдытаў. І попыт на жыльлёвыя крэдыты ў беларусаў расьце. Як адаб’ецца ўсясьветны фінансавы крызіс на Беларусі, ці будуць банкі па-ранейшаму выдаваць крэдыты на жыльлё, ці зьменяцца працэнтныя стаўкі?

З 30 банкаў, якія працуюць у Беларусі, толькі каля дзясятка крэдытуюць насельніцтва на набыцьцё або будаўніцтва жыльля. Найбольшы ў краіне “Беларусбанк” крэдыты на будаўніцтва жыльля выдае на 15 гадоў пад 15% у замежнай валюце і пад 17% у беларускіх рублях.

У “Белрасбанку” паведамілі, што крэдыты пакуль таксама выдаюць:

“Крэдыты выдаюцца тэрмінам на 20 гадоў. Крэдытуем мы цяпер толькі з даведкай аб прыбытках пад 15,5% гадавых. У прынцыпе ў крэдытнай дамове напісана, што стаўка можа памяняцца, але пакуль за ўсю гісторыю існаваньня банку ў нас не было такіх выпадкаў”.

А вось банк “ВТБ” (Беларусь) крэдытаў ужо не выдае:

“На гэты момант банк прыпыніў крэдытаваньне. Паводле рашэньня кіраўніцтва. Пакуль нічога не магу сказаць вам па тэрмінах”.

“Прыёрбанк” крэдыты па-ранейшаму выдае — тэрмінам на 5, 10, 15 гадоў, — але працэнтную стаўку ўжо падвысіў:

“У далярах і эўра крэдыты пад 15%, у беларускіх рублях — пад 18% гадавых. Гэта з улікам таго, што яны ўжо павысіліся: у далярах на 4 працэнтныя пункты, у беларускіх рублях — на 2 працэнтныя пункты”.

Што будзе з крэдытамі пад будаўніцтва жыльля? Экс-старшыня Нацыянальнага банку Беларусі прафэсар Станіслаў Багданкевіч выказаў такое меркаваньне:

“Што тычыцца крэдытаў, то яны могуць стаць даражэйшыя, таму што банкі карыстаюцца ў значнай частцы зьнешнімі пазыкамі, рэсурсамі, якія атрымліваюць на ўсясьветным рынку, таму крэдыты могуць стаць даражэйшымі. І гэта можа стаць фактарам стрымліваньня. Іншых фактараў я ня бачу”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук таксама лічыць, што крэдыты на зьнешніх рынках для беларускіх банкаў стануць значна даражэйшымі:

“Увогуле, стаўка рэфінансаваньня Нацыянальнага банку, якая сёньня меншая за 11%, павінна быць прынамсі на адзін працэнтны пункт вышэйшая за інфляцыю — гэта працэнтаў 18. І, безумоўна, пры такіх крэдытах беларусы ня здатныя будуць, як і амэрыканцы, абслугоўваць гэтыя крэдыты і пачнуць адмаўляцца ад кватэр, ад будаўніцтва, ад рамонту. Сваіх ашчаджэньняў у беларусаў багата няма, таму нас, як і Заходнюю Эўропу, як Злучаныя Штаты, Расею чакае рэцэсія на гэтым рынку”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG