Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве ўшануюць забітых у псыхіятрычнай лякарні<img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Будынак, дзе нацысты разьмясьцілі газавую камэру.

Будынак, дзе нацысты разьмясьцілі газавую камэру.

Паводле нямецкіх архіўных зьвестак, у верасьні 1941 году ў газавай камэры забілі 836 псыхічна хворых людзей, а ў кастрычніку-лістападзе — яшчэ каля двухсот.


Група нямецкіх лекараў, дасьледчыкаў злачынстваў нацысцкай праграмы “Эўтаназія”, прапанавала магілёўскай уладзе ўшанаваць памяць забітых пацыентаў мясцовай псыхіятрычнай лякарні. Паводле нямецкіх архіўных зьвестак, у верасьні 1941 году ў газавай камэры забілі 836 псыхічна хворых людзей, а ў кастрычніку-лістападзе — яшчэ каля двухсот.

Будынак, у якім была газавая камэра, захаваўся дагэтуль. Цяпер тут адзінаццатае аддзяленьне Магілёўскай псыхіятрычнай бальніцы. Нямецкія лекары прапануюць усталяваць тут мэмарыяльны знак у памяць пра забітых.

Газ падаваўся ў камэру празь дзьверы (цяпер гэта вакно) з выхлапной трубы грузавіка.

“Мэмарыяльны знак неабходны, каб вярнуць забітым псыхічна хворым людзям статус чалавека, які мае імя, і ўвекавечыць памяць пра іх. Дагэтуль імёны забітых невядомыя, і наша задача — вызначыць іх. Усталяваньне памятнага знаку паводле сваёй значнасьці выходзіць па-за межы вашага рэгіёну”, — зазначыў нямецкі псыхіятар Гэрыт Хоендорф.

Адзін з ініцыятараў ушанаваньня памяці пацыентаў магілёўскай псыхіятрычнай лякарні Гэрыт Хоендорф.

Ідэю пра мэмарыяльны знак магілёўскія ўлады ўхвалілі. Плянуецца, што яго адкрыюць на ўрачыстасьцях, прымеркаваных да гадавіны заканчэньня Другой усясьветнай вайны. Фінансаваць выраб знаку зьбіраецца нямецкі ўрад.
XS
SM
MD
LG