Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пракуроры, а ня лекары дбаюць пра закон аб псыхіятрыі?


Генэральная пракуратура разглядае пытаньне пра ўнясеньне зьменаў у закон “Аб псыхіятрычнай дапамозе насельніцтву”.


Генэральная пракуратура разглядае пытаньне пра ўнясеньне зьменаў у закон “Аб псыхіятрычнай дапамозе насельніцтву”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі зьмены ў закон закрануць толькі псыхічна хворых людзей, схільных зьдзяйсьняць супрацьпраўныя дзеяньні. Праваабаронцы ж лічаць, што зьмены ў законе могуць выкарыстоўвацца й супраць актывістаў апазыцыі.

Пра зьмены ў законе “Аб псыхіятрычнай дапамозе” паведаміў галоўны судмэдэкспэрт Беларусі Юры Гусакоў. Паводле яго дзяржаўная служба мэдычных судовых экспэртызаў на замову Генэральнай пракуратуры рабіла аналіз злачынстваў, зьдзейсьненых псыхічна хворымі людзьмі. Па выніках аналізу й паўстала неабходнасьць карэктароўкі закону. Спадар Гусакоў заяўляе, што меркаваныя зьмены ня могуць быць інструмэнтам палітычнага перасьледу:

“Гаворка ж не вядзецца пра людзей здаровых, гаворка вязецца пра людзей псыхічна хворых. Таму нейкія аналёгіі з тым пра што вы гаворыце тут прынамсі недарэчныя. А вось кантроль над гэтым хворымі людзьмі, калі ў іх надыходзяць сэзонныя абвастрэньні быў больш эфэктыўным”.

Зь Юр’ем Гусаковым не згаджаецца беларускі праваабаронца Уладзімер Лапковіч. Яго насьцярожвае, што ініцыятыва па ўнясеньні зьменаў у мэдычны закон агучаная не ад імя міністэрства аховы здароўя, але з пракуратуры. У гэтым ён бачыць ня добры знак для грамадзтва:

Большасьць законаў, якія прымаюцца ў нас, скіраваныя не на абарону правоў і свабодаў грамадзян, а наадварот
“У грамадзтве, якое зьяўляецца непразрыстым, дзе няма грамадзянскай супольнасьці, канечне ёсьць магчымасьці па рознаму выкарыстоўваць розныя законы. Са сваёй практыкі як праваабаронца хачу адзначыць, што большасьць законаў, якія прымаюцца ў нас скіраваныя не на абарону правоў і свабодаў грамадзян, а наадварот. Асабліва законаў, якія можна выкарыстаць для палітычнага ціску”.

Беларускія праваабаронцы цьвердзяць, што імі зафіксаваныя каля дзясятка выпадкаў, калі для ціску на актывістаў апазыцыі выкарыстоўваліся псыхіятрычныя лякарні. Найбольш гучны розгалас атрымала гвалтоўная шпіталізацыя Крысьціны Шацікавай у сакавіку 2007 году. Пасьля амаль трохдзённага зьняволеньня ў магілёўскай вар’ятні мэдычная камісія не ўстанавіла фактаў, якія б сьведчылі пра неабходнасьць шпіталізацыі й пастанавіла выпісаць актывістку.

Магілёўскі мэдык Васіль Араменка зазначае, што беларуская псыхіятрыя закрытая для грамадзтва сфэра. У краінах Эўропы, кажа спадар Аўраменка, сытуацыя абсалютна іншая:

“У нас да прыкладу міністэрства загадвае ўсім, а там гэтым займаюцца лекарскія асацыяцыя. Там няма вось гэтай жорсткай цэнтралізацыі як у нас. Ну я ўжо не кажу пра тое, што там ёсьць празрыстасьць, адкрытасьць для журналістаў, сродкаў масавай інфармацыі. Там ёсьць попыт на факты, якія сьведчаць пра парушэньне законаў звычайнага функцыянаваньня. Наступствы там заўжды непрыемныя для тых хто спрабаваў нейкія супрацьпраўныя дзеяньні рабіць”.

Што да Крысьціны Шацікавай, то яна дагэтуль намагаецца праз суд знайсьці й пакараць вінаватых у прымусовай шпіталізацыі ў псыхіятрычную лякарню – аднак марна. У судзе ўдалося высьветліць адзінае, што нагодай для шпіталізацыі стала нібыта ананімка суседзяў, якія даводзілі міліцыі, што Шацікава сацыяльна небясьпечная асоба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG