Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<b/>Крысьціна Шацікава пра сваё “лячэньне” ў вар’ятні


Алена Ціхановіч, Прага Чатыры дні вядомую дэмакратычную актывістку, адну з гераіняў палаткавай плошчы Каліноўскага гвалтам утрымлівалі ў Магілёўскай псыхіятрычнай бальніцы. Такім чынам ёй перашкодзілі далучыцца да тых, хто адзначаў Дзень волі ў Менску. Сёньня Крысьціна расказала нашаму радыё пра падрабязнасьці.

Напярэдадні Дня волі , 22 сакавіка, Крысьціну Шацікаву затрымалі ў Менску і прывезьлі ў Магілёў. У магілёўскім КДБ маладую жанчыну спрабавалі пераканаць ня браць удзелу ў сёлетнім сьвяткаваньні і ўзамен за гэта спыніць крымінальны перасьлед. Пасьля адмоўнага адказу Крысьціны адразу на вуліцы на яе напалі невядомыя , зацягнулі ў машыну. Праз некаторы час стала вядома, што Крысьціна знаходзіцца ў Магілёўскім псыхіятрычным шпіталі, адкуль яе выпусьцілі ўчора.

(Шацікава:) Тыя людзі, якія мяне выкралі (у Магілёве), іншага слова для гэтага няма, былі тыя самыя, якія мяне забіралі зь Менску , з кватэры Андрэя, майго добрага сябра. Тайну сьледзтва я нікому не расказваю, я сьвята датрымліваю законы, хаця нашы законы цяпер -пусты гук. Што не датычыць тайны сьледзтва: мяне папярэдзілі, мне далі магчымасьць выйсьці з гэтага становішча крыху інакш. І чэсна кажучы, я задумалася, бо было вялікае спакушэньне пазьбегнуць такога лёсу, але я тады не ведала, што гэта будзе псыхіятрычная бальніца . Калі са мной разьвітваліся (у КДБ), то сказалі : вельмі шкада, вы б маглі пазьбегнуць больш страшных уражаньняў.

(Кар.:) Калі вы зразумелі, што з рук КДБ пераходзіце ў рукі медыкаў, ці было ў вас уражаньне, што яны працуюць як гульцы адной каманды, што ўрачы і санітары выконваюць пастаўленую задачу?

(Шацікава:) Па дарозе ў шпіталь была спроба згвалтаваньня, я думаю, дзеля таго, каб мяне раззлаваць, каб я выглядала як ў стане афекту. Бо з маім характарам мне вельмі складана прыпісаць нейкія адхіленьні. Пасьля гэтага сказалі :"хопіць" і павезьлі мяне туды. Доктар, які мяне прымаў, не прадставіўся. Я патрабавала адваката, прадстаўнікоў прэсы... Выбачайце, мне цяжка гаварыць, учора ўначы мяне адвозілі ў рэанімацыю па "хуткай дапамозе"... Пасьля таго пры дапамозе санітараў мяне зацягнулі ў гэтае аддзяленьне, прывязалі і ўвесь час калолі моцныя транквілізатары.

(Кар.:) Што вы адчувалі, які эфект мелі тыя ін''екцыі?

(Шацікава:) Спачатку з''яўляліся такія крывавыя плямы, якія плавалі перад вачыма, перастаеш адчуваць рукі-ногі, як быццам вы іх адсядзелі, адляжалі... Гэта паралізуе, ты ня можаш хадзіць, ты становішся як ватны, табе дрэнна, ня маеш апетыту. Вы ведаеце, я ўжо не баюся нічога гаварыць па радыё, але калі чалавек чатыры дні не ходзіць у туалет "па маленькаму"...

(Кар.:) А вы не мелі магчымасьці піць ваду?

(Шацікава:) Не было ніякага жаданьня . Першы раз я паела ўчора дома і тое пасьля таго, як выклікалі "хуткую" і мяне звазілі ў рэанімацыю, дзе зрабілі ўколы... Пасьля гэтага я з''ела маленькі бутэрброд. Перад гэтым спробы паесьці выклікалі моцныя ваніты.

(Кар.:) Крысьціна, ці будзеце вы дабівацца расьследаваньня гэтага здарэньня?

(Шацікава:) Учора мне выклікаў "хуткую"якраз адзін з маіх правабаронцаў Уладзімір Краўчанка , учора ж мы з праваабаронцам Бучэлем і журналістам Алесем Бураковым езьдзілі па судмэдэкспертызах, але ўначы было ўсё зачынена. Я буду даводзіць гэтую справу да канца. Адразу ж, як я толькі выйшла з псыхіятрычнай бальніцы, мы паехалі на суд, дзе суділі нашых актывістаў...

Мне задавалі там такое пытаньне:"Спадзяёмся, цяпер вы адумаліся?" Я сказала, што калі я калі-небудзь і сумнявалася, бо было шмат і стомленасьці, і расчараваньня, то цяпер я ўпэўненая на ўсе дзьвесьце працэнтаў і магу толькі падзякаваць ім за стымул для далейшай працы.

• Зварот лідараў аб’яднаных дэмакратычных сілаў ў справе Крысьціны Шацікавай
XS
SM
MD
LG