Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Псыхіятры: Мярзотнае надвор’е ўзмацняе адчуваньне мярзотнасьці жыцьця


Радыё Свабода У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі канстатуюць, што “сындром чаканьня зімы” яшчэ і сёньня мае наступствы для пэўнай часткі насельніцтва. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што перадусім церпяць залежныя ад надвор’я людзі. Таксама ад дэпрэсіі даўжэй пакутуюць тыя, хто мае сардэчна-сасудзістыя захворваньні, органаў дыханьня і страваваньня.

На сёньня ў 11 забруджаных радыяцыяй раёнах Гомельшчыны і Магілёўшчыны няма ўрачоў-псыхіятраў. Хворыя з Нароўлі, Чавусаў, Крычава да іншых мясьцінаў мусяць зьвяртацца па дапамогу ў Менск. Прычыны крызыснага стану свайго здароўя тлумачыць пацыентка лякарні ў “Навінках” Галіна Борыс.

Борыс: “Кепска, што няма добрай зімы. Такі ўпадак сілы! Нейкая дэпрэсія. Такая трывога ў душы, што няма ёй тлумачэньня. Настрой зусім дрэнны. Зусім! Сэрца чамусьці без прычыны пачынае так біцца, што здаецца нават у бараду аддае”.

У прыёмным пакоі гутару таксама з Аленай Кавальчук. Яна – з Кармы.

Кавальчук: “Галава баліць і кружыцца. І ціск высокі. У мяне сон добры. Але як падымуся, гадзіну якую пахаджу – і ўсё. Да абеду – жах! Бог яго ведае, што адбываецца. Мала які дзень добры для мяне. У асноўным штодня дрэнна”.

Рэальныя наступствы анамальнай зімы ў сьнежні-студзені дасьледуюць цяпер мэдыкі. Вось што паведамляе галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Павал Рынкоў.

Рынкоў: “Колькасьць людзей, якія зьвяртаюцца да псыхіятраў, псыхолягаў, псыхатэрапэўтаў, павялічваецца. Чалавек рэагуе на гэтыя зьявы парушэньнямі, у тым ліку псыхічнага здароўя – парушэньні сну, раздражняльнасьць, слабасьць, зьніжэньне працаздольнасьці. Гэта комплекс сымптомаў”.

Паводле Паўла Рынкова, кожны кліматычны збой цяжкі для псыхікі чалавека. Урач кажа, што на тле «мярзотнага надвор''я» сваю жыцьцёвую неўладкаванасьць беларусы ўспрымаюць вельмі балюча. Між тым, суразмоўца фактычна прызнае, што мэдыцына ў Беларусі пакуль не гатовая выратаваць людзей ад суіцыду, шоку і стрэсаў.

Рынкоў: «Упершыню распрацаваны ў Беларусі плян рэалізацыі канцэпцыі псыхіятрычнай дапамогі на 2007-2010 гады. Таксама прынята рашэньне аб арганізацыі дзяржаўнага навукова-практычнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі. Там будуць адпаведныя лябараторыі. Усе гэтыя нэгатыўныя рэчы будуць аналізавацца»

Паводле Паўла Рынкова, у лістападзе, сьнежні і студзені ў Беларусі больш як 100 чалавек учынілі самагубства. Вышэй за сярэдні паказчык была й колькасьць алькагольных псыхозаў.
XS
SM
MD
LG