Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cёньня ў Генуі працяг закрытых судовых слуханьняў ў справе ўтойваньня непаўналетняй беларускі Вікі Мароз італьянцамі - сужэнцамі з Кагалета Алесандра Джуста і Марыяй-К’ярай Барначын, іхнымі бацькамі, а таксама двума сьвятарамі.


Як паведаміла Свабодзе інфармаваная італьянская крыніца, удзелу ў працэсе гэтак мовіць пацярпелага беларускага боку не прадугледжваецца.

Нагадаем, што два гады таму, у верасьні 2006 італьянская сям’я, да якой стала прыяжджала на вакацыі беларуская сірата, вырашыла не аддаваць дзяўчынку назад у Вілейскі інтэрнат. Цягам 20 дзён бацькі сужэнцаў хавалі дзяўчынку ў кляштары ў швэйцарскіх Альпах. Пасьля вяртаньня дзяўчынкі на радзіму беларускі бок абвінаваціў семярых італьянцаў у кінднэпінгу і выступіў ініцыятарам судовага працэсу. Потым адзін з самых цяжкіх, паводле італьянскіх законаў, крымінальных артыкулаў быў замены на больш “лёгкі“ - утойваньне дзіцяці”. Калі Генуэзкі суд у справах непаўналетніх дакажа наўмыснасьць дзеяньняў абвінавачаных, іх чакае турэмнае пакараньне тэрмінам да трох гадоў.

Паседжаньні Генуэзкага суду пацярпелы беларускі бок, і ён жа галоўны пазоўнік, гэтак мовіць, ігнаруе не ўпершыню. Напярэдадні першых слуханьняў сёлета ў красавіку, хутка пасьля таго, як адвакаты сямейнага клану Джуста-Барначын заявілі пра жаданьне запрасіць у Геную галоўную сьведку Віку Мароз, афіцыйную адмову ад удзелу ў працэсе даслаў у Італію дырэктар Вілейскага інтэрнату Мікалай Ваўчкоў, апякун дзяўчынкі на момант яе утойваньня. Ваўчкоў аргумэнтаваў рашэньне тым, што не хацеў бы траўмаваць дзіця. Таксама ён выказаў занепакоенасьць, што прысутнасьць Вікі ў залі судовых пасяджэньняў можа адмоўным чынам адбіцца на яе псыхіцы — асабліва цяпер, калі яна знаходзіцца ў прыёмнай беларускай сям’і і калі да яе пачаў вяртацца душэўны спакой.

Выглядае, што сёньня ў судовай залі ізноў ня будзе прадстаўнікоў з боку пацярпелых, затое на судовай лаве ажно сямёра абвінавачаных - пяцёра прадстаўнікоў сямейнага кляну Джуста-Барначын і двое сьвятароў.

Як піша італьянскае выданьне Il Giornale, “закон ёсьць закон, аднак рабіць злачынцаў з гэтых людзей немагчыма. Усім ім варта даць прэмію “Чалавечага цяпла і Добрага сэрца”.

Яны часта звоняць, мы размаўляем па-італьянску. Пішуць, каб я прыяжджала да іх. Маё самае найвялікшае жаданьне - ізноў убачыць іх
Паводле італьянскіх назіральнікаў, судовае паседжаньне невыпадкова прызначана на амаль выходны для Італіі дзень - пятніцу. Многія прадстаўнікі палітычных і дыпляматычных колаў Італіі зацікаўлены ў тым, каб разьвіцьцё падзеяў ня надта афішавалася, а яшчэ лепш — замоўчвалася. Яны мяркуюць, што ў выпадку з беларускай сіратой галоснасьць “стала крыніцай абвостранага напружаньня, як у галіне палітыкі, так і ў галіне міжканфэсійных зносінаў”.

Паводле саміх Джуста-Барначын, судовае пакараньне хвалюе іх куды менш, чым аднаўленьне справядлівасьці ў дачыненьні да Вікі. Яны па-ранейшаму лічаць яе сваёй дачкой і будуць чакаць часу, калі яна ізноў прыедзе да іх.

“Усё тое, што мы рабілі, было не дзеля нашага задавальненьня, а дзеля таго, каб гвалт у дачыненьні да дзіцяці быў спынены, -- кажа Марыя К’яра Барначын. -- Пракуратура лічыць інакш, яна супраць таго, каб Віка, якую мы лічым дачкой была разам з намі”.

Віка Мароз, якая таксама лічыць італьянцаў сваімі сапраўднымі мамай ды татам, сёлета ізноў не змагла прыехаць у Кагалета, хоць і была запрошаная гэтай сям’ёй на адпачынак.

”Яны часта звоняць, мы размаўляем па-італьянску. Пішуць, каб я прыяжджала да іх. Маё самае найвялікшае жаданьне - ізноў убачыць іх”, гаворыць дзяўчынка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG