Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Радзькоў: дзіця хоча дадому


Непаўналетняя грамадзянка мае намер вярнуцца ў Беларусь, заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў.

“Дзіця сказала, што хоча вярнуцца дадому”, — паведаміў ён.

“Дзяўчынка неаднаразова была ў гэтай сям’і, па-мойму, восьмы раз. Праблемаў не ўзьнікала. І бабуля-апякунка, і дзяўчынка хочуць, каб дзіця вярнулася. Мы вядзем перамовы. Гэта вельмі далёка. У нас няма ўрадавых пагадненьняў. Амэрыканскі бок падзяляе нашыя пазыцыі. Я думаю, што гэтае пытаньне ўрэгулюецца.

Мы не замінаем, але зь дзяржаўных пазыцыяў заўсёды сочым за такімі сытуацыямі. Такія самыя праблемы былі зь Вікай Мароз у Італіі. Мы з італійскім бокам на ўзроўні ўрадаў падпісалі пагадненьне. Паводле яго, італійскі бок адказвае за побыт дзяцей і за іх вяртаньне, бо гэта нашыя дзеці, нашыя грамадзяне. Мы такую практыку будзем разьвіваць.

Як міністар я ня супраць студэнцкіх абменаў. У нас дзесьці 1,5 тысячаў студэнтаў на год навучаецца за мяжой — гэта дакладныя праграмы і дарослыя людзі. У той жа час я супраць, калі дзіця, неістотна зь якой сям’і — поўнай, ці яно сірата, — накіроўваецца на адукацыю ў іншую краіну. Яно яшчэ дзіця. Вельмі складана будзе прасачыць, дзе яно будзе жыць, у якой сям’і”, - адзначыў Аляксандар Радзькоў.

XS
SM
MD
LG