Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Shocking news”: ірляндцы пра адмену паездак беларускіх дзяцей


Пасьля ЗША, Нідэрляндаў, Нямеччыны, Ірляндыя стала чарговай краінай, у якой беларускі ўрад адмяніў аздараўленьне дзіцячых чарнобыльскіх групаў.

Як падаюць ірляндзкія СМІ, супрацоўнікі ірляндзкай амбасады ў Расеі і Беларусі, якая знаходзіцца ў Маскве, высьвятляюць у беларускіх уладаў прычыны і тэрміны забароны гэтых паездак.

Вядомая грамадзкая дзяячка, кіраўніца ірляндзкага Chernobyl Children's Project, адна са стваральніц фільму-ляўрэату прэміі амэрыканскай кінаакадэміі -2004 “Сэрца Чарнобыля” Эйдзі Роч назвала навіну “шакуючай” (“shocking news”).

На пачатку наступнага тыдня Эйдзі Роч мае абмеркаваць пытаньне зь міністрам сацыяльных справаў Марцінам Кулэнам. Напярэдадні яна заклікала ўрад краіны зрабіць усё ад яго залежнае, каб аднавіць аздараўленьне. Кіраўніца ірляндзкага чарнобыльскага праекту перакананая, што “адмена паездак , а таксама нежаданьне вырашыць праблему можа стаць сапраўднай катастрофай для хворых беларускіх дзяцей”.

“Для іх падобны адпачынак вельмі важны і неабходны паводле мэдычных і эмацыйных паказчыкаў”,-- лічаць у ірляндзкім Chernobyl Children's Project, “да таго ж, падобная забарона можа стаць абразай для тых тысяч ірляндзкіх сем’яў, якія двойчы ў год прымаюць у сябе хлопчыкаў і дзяўчынак з радыяцыйна забруджаных беларускіх тэрыторыяў”.

Для іх падобны адпачынак вельмі важны і неабходны паводле мэдычных і эмацыйных паказчыкаў
Забарону на прыём чарнобыльскіх групаў беларускія ўлады спачатку ўвялі ў дачыненьні да ЗША, а потым у дачыненьні да шэрагу іншых заходніх краін, якія ладзяць чарнобыльскія праекты. Выключэньне складае Італія. Паміж гэтай краінай і Беларусьсю (пасьля выпадку зь Вікай Мароз) заключаныя адпаведныя міждзяржаўныя пагадненьні.

Як паведамілі Свабодзе ў беларускім Дэпартамэнце гуманітарнага супрацоўніцтва, адмена выезду беларускіх дзіцячых груп на замежны адпачынак будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль паміж Беларусьсю ды ўрадамі іншых краін ня будуць падпісаныя дамовы кшталту тых, што заключаныя з урадам Італіі.

Раней у МЗС Беларусі паведамілі, што “беларускі бок ужо накіраваў у ЗША праект адпаведнага двухбаковага пагадненьня і што падобныя праекты хутка будуць накіраваныя і ў іншыя краіны”.

Згодна з гэтымі пагадненьнямі, улады прымаючай краіны павінны забясьпечыць вяртаньне дадому кожнага беларускага дзіцяці, нягледзячы ні на якія важкія аргумэнты, у тым ліку, і тэрмін дзеяньня іх гасьцявых візаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG