Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Шыла: “Я не гандлюю сваімі каштоўнасьцямі”


Госьць “Начной Свабоды” – лідэр салігорскай філіі “Маладога фронту” Іван Шыла.


4 чэрвеня ён меўся здаваць апошні выпускны экзамэн, але яго не дапусьцілі да яго і выключылі са школы.

Знаткевіч: Іван, як вам патлумачылі настаўнікі, адміністрацыя школы прычыны вашага выключэньня?

Шыла: Я ўчора даведаўся пра тое, што быў падпісаны загад пра маё выключэньне са школы. Такое рашэньне прыняў пэдагагічны савет, і яно было зацьверджана камісіяй па справах непаўнагадовых у выканкаме. Гэта было зроблена літаральна за некалькі гадзін, а сёньня раніцай я атрымаў на рукі пісьмовае рашэньне.

Я размаўляў з тымі настаўнікамі, якія выкладаюць у мяне. Ніводны зь іх не галасаваў за тое, каб мяне са школы выключылі і ўсе збольшага выказвалі сваю падтрымку. Яны казалі, што іх фактычна зрабілі закладнікамі і прымусілі прыняць такое рашэньне.

Знаткевіч: Вы чулі, што казала выканаўца абавязкаў дырэктаркі Валянціна Каштальян, якая кажа, што гэта быў “плявок у твар калектыву”, што вы шмат прапускалі заняткаў... Што б вы на гэта сказалі?

Шыла: Я, як кожны чалавек, можа, маю, можа, ня маю права дапусьціць памылку, калі я займаюся нейкай дзейнасьцю... Безумоўна, мае пропускі былі па паважлівых прычынах, былі і не па паважлівых. Часам, як цяпер высьвятляецца, я прымаў не зусім правільныя рашэньні на карысьць удзелу ў некаторых мерапрыемствах. Гэта ня толькі палітычныя акцыі, але і культурніцкія імпрэзы.

Яна проста не ўдакладняе: ёсьць жа пэўная колькасьць пропускаў, згодна зь якой могуць звольніць. А яшчэ ёсьць пропускі па паважлівых і непаважлівых прычынах. У мяне значная частка пропускаў з тых, што яна агучыла, па прычыне хваробы.

Цягам году шмат праверак было ў нашай школе – шэсьць праверак, і кожная імкнулася пасьля майго суду 4 верасьня, калі я пайшоў у 11-ю клясу, знайсьці нейкія падставы для майго выключэньня. Апошняя праверка, якая была напрыканцы траўня, тым ня менш, не знайшла такіх падстаў фармальна, і яны пачалі чапляцца да пропускаў.
Я не кажу, што я выдатнік і "ідэальны маладафронтавец"... Я проста сябра гэтай арганізацыі, які намагаецца выконваць яе статутныя палажэньні.


Я, безумоўна, прызнаю частку сваёй віны, але хачу адзначыць, што ёсьць палітычны падтэкст гэтай справы. Безумоўна, знойдзецца шмат людзей, якія будуць казаць, што я зрабіў няслушна, і яны будуць цалкам мець рацыю. У любым разе, зазначу, што было і перадузятае стаўленьне да мяне цягам году. Ня я адзін такі унікум, які прапускае заняткі ў школе. Цяпер апошні год, большая частка не зважала на некаторыя заняткі, бо трэба было рыхтавацца да іспытаў.

У мяне, безумоўна, сытуацыя кардынальна іншая, я яшчэ зрабіў нейкі выбар. Бачыце, цяпер я стаў ахвярай сваіх паводзінаў, свайго выбару. Натуральна, я ні аб чым не шкадую – значыцца, так наканавана лёсам і Богам.

Знаткевіч: Ці былі прэтэнзіі да ўзроўню ведаў, да таго, як вы вучыцеся?

Шыла: Не. Я ня выключаны праз тое, што ў мяне была непасьпяховасьць. Я не кажу, што я выдатнік і той "ідэальны маладафронтавец", пра якога пішуць і паведамляюць, што ён мужны, прыклад для перайманьня, – я проста моладзевы актывіст, сябра гэтай арганізацыі, які намагаецца выконваць яе статутныя палажэньні.

Знаткевіч: А якая рэакцыя іншых вучняў на вашае выключэньне?

Шыла: Натуральна, яны абураныя. Для іх гэта шок. Усе ж разумеюць, што ёсьць выніковы пэдсавет, які падпісвае загад аб тым, каб мяне дапусьціць да іспытаў. Навучэнцы хваляваліся, бо яны цягам апошніх год бачылі ненармальнасьць той сыстэмы і той краіны, у якой мы жывем. Калі мяне з заняткаў забіралі на допыты КДБ, калі прыходзіла міліцыя ці я не зьяўляўся ў школе па той прычыны, што на акцыі быў зьбіты ці быў затрыманы ў Менску і да ночы сядзеў у РАУСе, ці мяне выклікалі на камісіі па справах непаўнагадовых, і ніхто не зважаў, што гэтыя камісіі цягам году прызначаліся менавіта на раніцу, а пасьля гэта становіцца прычынай пропуску заняткаў – хаця былі магчымасьці склікаць гэтае паседжаньне камісіі а пятай вечара, як учора.
Мяне выклікалі на камісіі па справах непаўнагадовых, і ніхто не зважаў, што гэтыя камісіі цягам году прызначаліся менавіта на раніцу, а пасьля гэта становіцца прычынай пропуску заняткаў.


Знаткевіч: Дырэктарка салігорскай школы №4 Вольга Сянькова звольнілася з працы на пэнсію па выслузе гадоў. Яна кажа, што працаваць у адукацыі цяпер немагчыма, у тым ліку з-за выключэньня Вас са школы. Ці вы зь ёй неяк абмяркоўвалі гэтую сытуацыю?

Шыла: Так, у нас былі прыватныя размовы. Магу пацьвердзіць, што тыя словы, якія агучылі СМІ, супадаюць зь ейнай пазыцыяй. Яна проста не хацела гандляваць сумленьнем. Яна разумела, што калі звычайна на год прызначаюцца тры пэдагагічныя саветы, а тут за два дні іх два, і што гэта незаконная працэдура.

Яны ня выканалі патрэбных абавязкаў, я ня быў запрошаны ані на паседжаньне пэдсавету, ані на паседжаньне камісіі па справах непаўнагадовых. Ня можа адзін пэдсавет ануляваць і ігнараваць вынікі двух папярэдніх, бо гэта тыя самыя людзі, якія працуюць у той самай сытуацыі – з той жа колькасьцю пропускаў і пратаколаў, якая была...

Наконт таго, што цяпер кажуць пра "плявок у твар" – я канечне разумею, але яны таксама мусяць усьведамляць, што гэта мая пазыцыя, ад гэтага я адступацца ня буду, і ня буду заключаць зь імі некаторыя дамовы, што пэўны час я ня буду ўдзельнічаць у дзейнасьці маёй арганізацыі – я не хачу гандляваць каштоўнасьцямі, якія я вызнаю.

Цяпер яны абгрунтоўваюць, што такая колькасьць пэдсаветаў была выкліканая тым, што знайшоўся новы пратакол – пра маё затрыманьне 30 траўня. Наколькі мне стала вядома, настаўнікі папярэджвалі мяне яшчэ на мінулым тыдні, што рыхтуюцца такія нарады, і я магу быць выключаны.
Калі ў мяне больш за 70 затрыманьняў, то адно наўрад ці будзе ўплываць.


Ня думаю, што гэта сталася прычынай. Калі ў мяне больш за 70 затрыманьняў, то адно наўрад ці будзе ўплываць. А што да гэтага пратаколу, то ёсьць яшчэ заканадаўства, з гледзішча якога пратакол не даказвае маёй віны ці невінаватасьці. Ён не разглядаўся на камісіі па справах непаўнагадовых, таму ніяк на іхнае рашэньне ён уплываць ня можа, ня можа быць нейкім доказам.

Знаткевіч: Як на вашае выключэньне адрэагавалі вашы бацькі?

Шыла: Бацькі адрэагавалі безь зьдзіўленьня. На іх думку, гэта натуральна, што ўлада працягвае перасьледаваць грамадзка актыўных людзей і стварае ім жыцьцёвыя перашкоды, спрабуе зрабіць ім як мага больш непрыемнага, каб яны не маглі сябе пачуваць годнымі людзьмі ў Беларусі цяпер. Яны не прасілі мяне скончыць грамадзкую дзейнасьць, бо гэта мой выбар, і гэта таксама іхны выбар, ён бярэцца не аднекуль – гэта і выхаваньне, і ўсё астатняе... Мне 17 год, і цяпер мяне перавыхоўваць і казаць мне няпраўду замест праўды, якую я намагаюся абараняць – яны на такое пайсьці ня могуць.

Знаткевіч: Брат Ільля на два гады малодшы, ён вучыцца ў той самай школе. Ці няма ў яго праблемаў?
Мне 17 год, і цяпер мяне перавыхоўваць і казаць мне няпраўду замест праўды, якую я намагаюся абараняць – бацькі на такое пайсьці ня могуць.


Шыла: Не, у яго няма праблем. Ён скончыў папярэдні ўзровень адукацыі, дзевяць клясаў. Але настаўнікі ў прыватных гутарках кажуць, што наўрад ці Ільлю варта ісьці на наступны год у гэтую самую школу, бо стаўленьне пэдагогаў будзе адпаведным... Цягам апошніх некалькіх дзён пэдагагічны калектыў падзяліўся на дзьве групы, амаль пароўну: 35 на 30 чалавек... У любым разе будуць настаўнікі, якія будуць вінаваціць нас, што дырэктар была вымушана сысьці, і наагул што школа губляе свой статус элітнай, бо і ўзровень злачыннасьці вырас і іншыя "патаемныя" паказчыкі ў выканкаме – маўляў, не вядзецца належным чынам ідэалягічная праца і гэтак далей.

Знаткевіч: Вы зьбіраецеся працягваць адукацыю?

Шыла: Ніякіх канкрэтных плянаў на гэты конт ня ня меў, але разумею, што адукацыю працягваць трэба, бо нельга быць проста актывістам, які ня можа прадставіць ніякай альтэрнатывы сёньняшнім уладам, чыя крытыка ні на чым не грунтуецца. Веды - гэта галоўная база.

Калі выключаюць у тым ліку і па палітычных матывах, ёсьць краіны, дзе бачаньне супрацьлеглае: там па тых жа самых матывах могуць прыняць на вучобу... Атэстат я не атрымаў у гэтым месяцы, але ў жніўні я магу экстэрнам здаць апошні іспыт і атрымаць яго. Канечне, у беларускую ВНУ пры такой сытуацыі я не паступлю, але магу паспрабаваць вучыцца ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, плюс ёсьць некаторыя прапановы зь іншых краін атрымаць у іхных навучальных установах сярэднюю адукацыю. Таму, думаю, гэта не такая вялікая праблема.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG