Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Іван Шыла — Мальчыш-Кібальчыш. І добра, калі такіх будзе больш!”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 5 чэрвеня, чацьвер.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі “Бібліятэкі Свабоды” з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Cёньня шмат тэлефанаваньняў слухачоў — у падтрымку моладзевага актывіста з Салігорску Івана Шылы, якога выключылі з апошняй клясы школы.

Спадар: “Праслухаў пра здарэньне ў Салігорску. Адразу разанулі вуха словы выканаўцы абавязкаў дырэктара школы: “плявок калектыву”. І гэта кажа дырэктар, які павінен пра разумнае, вечнае казаць! Я заўжды казаў: бойцеся настаўнікаў, якія сваім дзецям кажуць адно, а іншым дзецям — зусім іншае... Вось гэты маладафронтавец і ёсьць Мальчыш-Кібальчыш. І добра, калі іх будзе больш!

Спадар: “Шаноўная “Свабода”, хачу выказаць сваю думку па справе Івана Шылы. Малайцы тыя настаўнікі, якія вырашылі звольніцца на знак пратэсту. А тым, хто застаўся, — параза і ганьба. Ім даражэйшая свая кар’ера, а не чалавечыя адносіны і справядлівасьць”.

Словы падтрымкі Івану Шылу шлюць слухачы “Свабоды” і ў СМС-паведамленьнях: “Маральная падтрымка Івану Шылу! Мікалай, Санкт-Пецярбург”.

Я ў шоку ад таго, што адбылося ў школе № 4 Салігорску. Гэта палітычная сваволя. Дырэктар, настаўнікі школы служаць рэжыму Лукашэнкі, а таму так бязьлітасна ламаюць лёс маладога чалавека. Іван! Не здавайся! Ты маеш права атрымаць дакумэнт аб заканчэньні сярэдняй школы. Галіна, Магілёў”.

А цяпер тэлефанаваньні на іншыя тэмы. Наш слухач даслаў пытаньне ў вершах:

“Чаму няроўна дзеліць Бог?”

Дэпутаты за чатыры гады,
што ў “палатцы” сядзяць, малайцы,
пад сябе законы робяць.
Добра будуць піць і есьці.
У кожнага пэнсія па два мільёны дзьвесьце.
У суседа пэнсія далёка не падобна,
Але ён кажа, што яму і гэта добра.
Ён рабіў у калхозе
І ўсё жыцьцё капаўся ў навозе,
Гадаваў парасят.
Яго пэнсія — дзьвесьце пяцьдзясят.
На двары дваццаць першы век,
І чым задаволены гэты чалавек?”


Чаму такая розьніца паміж пэнсіямі дэпутатаў і простых сьмяротных? Супрацоўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прызнаецца:

“Я на гэтае пытаньне вам не адкажу. І ў Міністэрстве нашым ніхто вам не адкажа. Бо дэпутаты ж самі сабе прызначаюць пэнсіі, прагаласавалі і вызначылі. А мы для ўсіх астатніх жыхароў, акрамя дэпутатаў і сілавых структур, вызначаем. У залежнасьці ад таго, якія сродкі ёсьць. Таму што падзяліць рэальна на пэнсіі можна толькі тыя сродкі, якія ёсьць у Фондзе сацыяльнай абароны. На сёньняшні дзень можам вызначыць пэнсіі толькі такога памеру”.

Сталага слухача Радыё Свабода цікавіць лёс былых буйных савецкіх функцыянэраў:

Спадар: “Скажыце, ці жывыя яшчэ старшыня Дзяржпляну Байбакоў і Кірыленка?

Адказваем слухачу. Былы намесьнік старшыні Савету Міністраў СССР, які цягам 22 гадоў быў старшынём Дзяржпляну, Мікалай Байбакоў памёр сёлета, 31 сакавіка 2008 году, на 98-м годзе жыцьця.

Член Палітбюро ЦК КПСС, сакратар ЦК КПСС Андрэй Кірыленка памёр у 1990 годзе на 85-м годзе жыцьця.

Слухач “Свабоды” Віктар Буто зьвяртаецца да грамадзкага рэдактара гэтага тыдня Сьвятланы Алексіевіч:

Аўтарытэтамі для мяне зьяўляюцца толькі разумныя людзі, то бок такія, як вы і Алесь Адамовіч. Вельмі цяжка быць такімі, якім дастаецца ня толькі ад уладаў зь іх прадстаўнікамі, але і ад апазыцыі, якія лётаюць у воблаках і не жадаюць нічога бачыць і заўважаць”.

Сёньня Сьвятлана Алексіевіч разважае пра ролю эліты:

“Памятаю, лячу ў самалёце, і са мной побач — вучоны. Вялікі, у сэнсе рангу — начальнік з Акадэміі навук. Спачатку, пакуль ён мяне не пазнаў, у нас была вельмі добрая гутарка. І раптам нешта мільгае ў вачох: “Вы хто — Алексіевіч?!” Ну, ня ведаю: каб можна было выскачыць тады ў ілюмінатар, то ён бы, напэўна, так і зрабіў… Зьбялеў, пачаў азірацца: хто яго бачыць?

Вось яна, наша эліта: тут і баязьлівасьць у чалавечых паводзінах, у думцы…

А моцнага мазгавога цэнтру, эліты сапраўднай сёньня ня маем. Найлепшыя магікане памерлі ўжо: няма ні Караткевіча, ні Быкава, ні Адамовіча, Брыля няма… Але ж былі ў нас такія людзі! А цяпер, у такі страшны час, мы абсалютна бяз пастыраў. А яны нам дужа патрэбныя”.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашы меркаваньні й прапановы. Нагадваем, што тэлефон у Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29-391-22-24.

XS
SM
MD
LG