Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Фядута: Яна не змагла адмовіцца ад таго, што яна настаўнік


Былы настаўнік расейскай мовы і літаратуры ў гарадзенскай школе №20 Аляксандар Фядута ў 1995 годзе пакінуў на знак пратэсту пасаду кіраўніка ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта.


“Гэта здарылася пасьля таго, як быў загад выкінуць 8 незалежных газэтаў з Дому друку і гэты загад ня быў адменены і я сышоў. Я проста ня стаў забіраць тую заяву, якая была напісана за два тыдні да таго. Я лічу, што зрабіў слушна. Калі сыходзіш, трэба сыходзіць. Трэба сыходзіць у той момант, калі разумееш, што цябе прымушаюць зрабіць нешта ня слушнае, што разыходзіцца з тваім уласным сумленьнем. І сыходзіць трэба так, каб ты меў мажлівасьць растлумачыць гэта сваім вучням. Я кажу пра гэта як былы настаўнік”.

Спадар Фядута кажа, што не шкадуе пра свой учынак. Што ён можа параіць былой дырэктарцы школы ў Салігорску, дзе вучыўся Іван Шыла?
Яны выбіралі не паміж уладай і апазыцыяй. А паміж уладай і сваім вучням.

“Гэтыя настаўнікі зрабілі пэўны выбар. Яны выбіралі не паміж уладай і апазыцыяй. А паміж уладай і сваім вучням. Пра спадарыню Сянькову я толькі ведаю, што яна 11 год працавала ў гэтай школе. Гэта азначае, што гэты хлопец прыйшоў у школу, калі яна працавала дырэктаркай і сыходзіць са школы разам зь ёй. І ў яе быў выбар: выключаць гэтага хлопца, які ні ў чым не вінаваты альбо сыходзіць самой. Яна палічыла за лепшае сысьці сама, бо яна настаўніца. Дырэктарка – гэта ж яшчэ і адміністратар. Увесь гэты час яна павінна была рабіць крокі, якія ,магчыма, разыходзіліся зь яе сумленьнем. Але ў яе была магчымасьць апраўдваць гэта тым, што тое, што яна робіць, у нейкай пэрспэктыве будзе на карысьць яе дзяржавы і яе вучняў. Вось зараз яна ўбачыла, што канкрэтнаму вучню Івану Шылу будзе горш ад яе ўчынка. І вось гэтага яна пераадолець не змагла. Яна не змагла адмовіцца ад таго, што яна настаўнік. За гэта яе трэба паважаць”.

XS
SM
MD
LG