Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Канец цытаты": 12.04 – 18.04.2008


Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.


“Будучы ў партыі выступаць па-за партыяй супраць яе, ці рабіць нешта на шкоду партыі – я лічу, гэта няправільна. Для мяне гэта немаральна. Таму тое, што была створаная такая спэцыяльная камісія па партыйнай этыцы ў Народным фронце і з такіх паважаных людзей – я лічу, гэта нармальна. Можна проста пагаварыць, падказаць людзям, разабрацца. Ніхто нікога не выганяе, проста ідзе размова – давайце, калі мы разам, рабіць усё разам”.

Валянцін Голубеў, сябра Сойму БНФ – пра размову камісіі па партыйнай этыцы БНФ з сябрам Фронту Юрыям Губарэвічам наконт ягонага ўдзелу ў руху “За свабоду”.


“У Беларусі зьнікаюць апанэнты ўлады, людзьмі апанаваў страх рэпрэсіяў. Але цяпер у эпоху новых тэхналёгіяў і камунікацыяў Лукашэнку ня ўдасца ізаляваць высокаразьвіты беларускі народ ад эўрапейскага сьвету”.

Эмануэль Зінгэрыс, дэпутат Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) – пра даклад Хрыстаса Пургурыдэса аб палітычна матываваных крымінальных справах у Беларусі.


“Кіраўніцтва Рады Эўропы, большасьць краінаў Рады Эўропы страцілі надзею дамовіцца пра тое, каб беларускія ўлады пачалі па-сапраўднаму зь імі супрацоўнічаць. Нядаўна старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Люіс Марыя дэ Пуч сказаў, што ў сваіх размовах з кіраўніцтвам Беларусі ён не заўважыў якога б там ні было жаданьня лідэраў гэтай краіны далучыцца да такой арганізацыі, як Рада Эўропы”.

Даніла Гальпяровіч, карэспандэнт расейскай Свабоды – пра абмеркаваньне ў ПАРЭ беларускага пытаньня.


"Я зьвярнуўся да расейскіх дэпутатаў з заклікам паказаць фактычныя памылкі ў маёй справаздачы, паказаць хоць слова, якое не адпавядае фактам, і яны гэтага не зрабілі. Мне вельмі шкада, што расейскія дэпутаты занялі такую пазыцыю. Аднойчы яны яшчэ пашкадуюць пра падтрымку, якую яны даюць рэжыму Лукашэнкі. Яны падтрымліваюць пачвару, і аднойчы яны пабачаць гэтую пачвару перад сабой”.

Хрыстас Пургурыдэс, аўтар дакладу ПАРЭ аб палітычна матываваных крымінальных справах у Беларусі – пра рэакцыю на яго даклад расейскіх дэпутатаў ПАРЭ.


“Я ня думаю, што беларускія ўлады пазытыўна адкажуць на захады, якія расцэньваюцца імі як ціск. Пэўна адно: як гэта ні назаві — умовы, патрабаваньні, прапановы, — без пасьлядоўных і пазытыўных крокаў з боку ўладаў гэты дыялёг ня можа рухацца далей і ня можа прывесьці да аднаўленьня статусу спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ для беларускага парлямэнту”.

Андрэа Рыгоні, дакладчык ПАРЭ па Беларусі – пра дыскусію ў ПАРЭ па беларускім пытаньні і адпаведную рэзалюцыю ПАРЭ.


“1.- Они кинули в мяне снежкой.
- Дык сьнегу ж не было?
- Немного снега было на газонах...

2. - Дзе вы былі ў той момант?
- Возле автотранспорта.
- А дзе быў аўтатранспарт?
- Ну, там, где у нас транспорт.
- А дзе быў транспарт?
- Возле меня.

3. - Што рабіў сп. Крываў пад час затрыманьня?
- Выкрикивал антигосударственный лозунг "Жыве Беларусь" и мешал работе транспорта.
- Якому транспарту ён перашкаджаў?
- ...Всему.

4. - Вы бачылі як дэманстранты зьбівали ДАІшнікаў?
- Да. Я видел, как упала шапка... (мнагазначная паўза)”.


Блогерка v-mariamna.livejournal.com/ – пра паказаньні сьведкаў на “працэсе чатырнаццаці”.


“Гэтая майка паказвае тое, за што нас фактычна судзяць. Нас судзяць менавіта за любоў да Беларусі, за тое, што нам не ўсё роўна, што адбываецца тут з нашым народам, з нашай краінай”.

Антон Койпіш, адзін з падсудных на “працэсе чатырнаццаці”, які, як і некаторыя іншыя падсудныя, прыйшоў на суд у майцы з надпісам “Люблю Беларусь”.


“А ў жыцьці трэба пазьбягаць нечыстаты. У грамадзкай пазыцыі і ў грамадзкіх справах трэба пазьбягаць Расеі. На ёй кроў мільёнаў неадпомшчаных беларусаў, і гэта трэба заўсёды памятаць”.

Зянон Пазьняк, старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ – са звароту да падсудных на “працэсе чатырнаццаці”.


“Яго прыйдзецца праводзіць у спартанскіх умовах. І мы ўжо загадзя гаворым, што дэлегаты-жанчыны і дэлегаты, якім за 60, маюць права на месца, дзе можна сядзець. Усе астатнія будуць стаяць. Але пераважная бальшыня сябраў палітрады сказалі: “Мы перажывалі і не такое. Мы перажывалі несправядлівыя палітычныя прысуды Клімаву, Кудзінаву, Чыгіру, Старавойтаву – людзям, якія сядзелі ня тыдзень, ня месяц, а гады. Перажывем і гэта”.

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП – пра правядзеньне зь’езду партыі ў пямяшканьні сядзібы БНФ.


“Адзіны пікантны нюанс – гэта тое, што Пуцін узначальвае партыю, але не ўступае ў яе. Як казалася ў анэкдоце, я ня член партыі, я яе мозг”.

Вадзім Дубноў, расейскі журналіст – пра згоду Ўладзімера Пуціна ўзначаліць партыю “Единая Россия”.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG