Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Канец цытаты": 01.03. – 07.03.2008


Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.


“Яны тут ужо загнаныя ў кут, адводзяць вочы, амаль што просяць прабачэньня за неаргумэнтаваныя затрыманьні і тлумачаць, што загады на перасьлед атрымліваюць “зьверху”.

Аляксандар Мілінкевіч, лідэр незарэгістраванага руху “За свабоду” – пра тое, як яго 6 разоў на працягу двух дзён затрымлівала міліцыя падчас ягонай паездкі на Берасьцейшчыну.


“Пуцін ня хоча быць прэзыдэнтам саюзу і ня любіць самую ідэю саюзу. Яму глыбока чужое ўсё савецкае, усё саюзнае, нягледзячы ня тое, што часам ён у каньюнктурных мэтах ужывае прасавецкую рыторыку і настальгічна пускае сьліну па СССР, але па сутнасьці ён антысаветчык.

Я мяркую, што пры свабодных выбарах прэзыдэнта Расеі, пры вольным доступе да СМІ Лукашэнка перамог бы Мядзьведзева адной левай”.

Станіслаў Бялкоўскі, расейскі палітоляг – у перадачы “Праскі акцэнт”.


“Мы ня ўмешваемся ва ўнутраныя справы дзяржаваў. Бо хтосьці кваліфікуе частку зьняволеных як палітычных, нехта як крымінальных. Мы лічым, што гэта ўнутраная справа дзяржавы, разьбірацца ўнутры сябе. І лезьці ў гэта, напэўна, не хацелася б”.

Аляксандар Сурыкаў, пасол Расеі ў Беларусі – у адказ на пытаньне “Свабоды” ці будзе Расея спрыяць дэмакратызацыі Беларусі і вызваленьню Аляксандра Казуліна.


“Скажу гэтак: у нас няма падставаў падаваць дакумэнты на яго амністыю. Амністыя прадугледжвае, што асуджаны добрасумленна выконвае свае абавязкі падчас адбыцьця пакараньня. Асуджаны Казулін мае 4 дысцыплінарныя пакараньні, чацьвёртае аб’яўлена ў сьнежні. Таму мы і падаваць дакумэнты ня будзем. Што да іншых варыянтаў, як памілаваньне — я выконваю закон, а ня ўношу прапановы. Калі ў кагосьці будуць прапановы і яны будуць кімсьці падтрыманы, мы выканаем. Але што да нас, паўтараю, ніякіх падставаў няма”.

Уладзімер Навумаў, міністар унутраных спраў Беларусі – падчас прэсавай канфэрэнцыі ў адказ на пытаньне, ці можа Аляксандар Казулін патрапіць пад сёлетнюю амністыю.


“Ня думаю, што трэба даводзіць гэтыя месцы да такога стану, каб туды камусьці хацелася”.

Уладзімер Навумаў, міністар унутраных спраў Беларусі – падчас прэсавай канфэрэнцыі ў адказ на пытаньне пра стан беларускіх турмаў.


“Казулін мае харызму. Шмат хто бачыць у ім якасьці і маладога Пазьняка, і Лукашэнкі”.

Ігар Рынкевіч, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) – у перадачы “Экспэртыза Свабоды” аб палітычных пэрспэктывах А.Казуліна.


“Яго білі, і ён прасіў, каб яму выклікалі “хуткую”, ён казаў, што яму дрэнна і ў яго баліць сэрца. Ніхто ня выклікаў, яго білі і загадвалі стаць тварам да сьцяны”.

Віталь Стажараў, сябра “Маладых дэмакратаў” – пра зьбіцьцё ў міліцыі моладзевага актывіста Максіма Сергяйца, затрыманага за расклейку нелепак.


“Яны паводзілі сябе як гаспадары. Лезьлі ва ўсе шуфляды, ва ўсе скрыні, што можна было перавярнуць, тое пераварочвалі. Дзякуй Богу, што ў нас была камэра й мы маглі ўсё гэта зьняць. Калі яны канчаткова азьвярэлі, яны проста пачалі нас зь Ігарам Ходзькам нахабным чынам зьбіваць. Такога ніколі яшчэ не было”.

Алесь Чыгір, адзін з лідэраў палітычнай апазыцыі Бабруйска – пра міліцэйскі ператрус у прыватным доме, які выкарыстоўваецца бабруйскімі актывістамі як грамадзкі цэнтар.


“У выезде адказана”.

Надпіс на штампе (замест “У выездзе адмоўлена”), які беларускія памежнікі ставяць у пашпарты грамадзянаў, якія ўнесены ў сьпіс невыязных.


“Ня бачу ніякай трагедыі і ня бачу ніякага надзвычайнага здарэньня”.

Анатоль Красуцкі, намесьнік старшыні камісіі міжнародных справаў у Палаце прадстаўнікоў – пра рашэньне МЗС Беларусі адклікаць беларускага пасла ў ЗША Міхаіла Хвастова і рэкамэндацыю паслу ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт паехаць у ЗША па кансультацыі.


"Яна (Ст’юарт) знаходзіцца ў Менску, і яна будзе заставацца ў Менску, пакуль мы будзем працягваць вывучаць сытуацыю. Мы лічым важным мець нашае пасольства там, у Менску, і мець дыпляматычнае прадстаўніцтва на высокім узроўні для ўзаемадзеяньня зь беларускім урадам”.

Томас Нэйсі, прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША – пра рашэньне МЗС Беларусі адклікаць беларускага пасла ў ЗША Міхаіла Хвастова і рэкамэндацыю паслу ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт паехаць у ЗША па кансультацыі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG