Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Канец цытаты": 29.03. – 04.04.2008


Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.


“Яна намагалася патлумачыць, што прыйшла на мітынг з грашыма, каб зрабіць пакупкі на наступны дзень, але грошы былі раскладзеныя па 100 тысяч, што яўна ўказвае на тое, для якіх мэтаў яны прызначаліся”.

Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў – пра Натальлю Ясевіч, якая 25 сакавіка паехала ў міліцыю разам з затрыманым на дэманстрацыі сынам, маючы пры сабе каля 8 мільёнаў рублёў для аплаты сылікатных блёкаў для будаўніцтва дома.


“Сёньня тыя 30-40 чалавек зрабілі вялікую справу: мы адваявалі пляц. Было важна псыхалягічна, калі ўлада, фактычна, патапіла ў крыві акцыю 25 сакавіка, усё ж прыйсьці і сказаць, што ёсьць людзі, якія ня зломленыя”.

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП – пра несанкцыянаваную акцыю на Кастрычніцкай плошчы 30 сакавіка.


“Я ня думаю, што амэрыканцы такія дурні, каб разрываць адносіны з намі. Але калі яны гэта зробяць, то мы нічога ня страцім, больш за ўсё страціць Амэрыка, яна ніякай сувязі, ніякага ўплыву, ніякай інфармацыі ня будзе мець аб Беларусі”.

Сяргей Касьцян, дэпутат Палаты прадстаўнікоў – пра беларуска-амэрыканскі дыпляматычны крызіс.


“Калі вечка на каструлі моцна прыціснутае, гэта яшчэ не азначае, што людзі падпарадкоўваюцца: яны маюць сваю думку. Якая мацнее. Тое ідзе вельмі востра і бурліва, нават рэактыўна. Таму я зусім далёкая ад думкі, што ўлада на верным шляху, калі трымае тое вечка, нічога не дазваляючы. Гэта можа прывесьці толькі да выбуху. Небясьпечнага ня толькі для ўлады, але – для ўсёй краіны”.

Людзьміла Гразнова, палітык і правааборонца, грамадзкі рэдактар Свабоды гэтага тыдня – пра свае ўражаньні ад агітацыйных паездак па Беларусі разам з Аляксандрам Мілінкевічам.


“Мне ўсё роўна, калі шчыра. Што адна дзяржава, што дзьве самастойныя. Хіба мяне гэта тычыцца?”

Менскі юнак – у адказ на пытаньне Свабоды “Ці хацелі б вы аб’яднаньня Беларусі з Расеяй?”


“Рэжым у калёніі стаў настолькі больш жорсткім, што найменшая памылка можа дорага каштаваць супрацоўнікам калёніі. Толькі за тое, што ў цяжкі момант майго жыцьця, 10 лютага, зампаліт калёніі падпалкоўнік Клім Коваль даў мне магчымасьць пазваніць дамоў, каб пагаварыць зь цяжка хворай жонкай, яго фактычна выгналі з працы. Яго адразу адправілі ў адпачынак, зь якога, як сказалі, ён ужо ня вернецца. Ёсьць зьвесткі, што супроць яго зьбіраюцца завесьці крымінальную справу. А гэта была мая апошняя размова з жонкай. Коваль зрабіў усё па-чалавечы і не парушыў закону”.

Аляксандар Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, вязень калёніі “Віцьба-3” – у лісьце да родных.


“Усе балтыйскія краіны сьвята выконваюць патрабаваньні ЗША, нават калі яны незаконныя ...сёньня галоўнае – каб Эўразьвяз не далучыўся да санкцый ЗША”.

Пётар Пракаповіч, старшыня Нацыянальнага банку – пра адмову літоўскіх банкаў абслугоўваць філію “Белнафтахіму” ў сувязі з амэрыканскімі санкцыямі супраць гэтага канцэрну.


"Я думаю, што тая рэакцыя беларускіх уладаў на санкцыі супраць "Белнафтахіму", якую мы назіраем, відавочна паказвае, што гэтыя санкцыі дзейнічаюць. Мы лічым, што гэта неадэкватная рэакцыя, але тым ня менш абсалютна ясна, што санкцыі маюць вельмі моцны эфэкт".

Робэрт Боўм, дырэктар аддзелу Дзярждэпартамэнту ЗША ў справах Беларусі, Малдовы і Ўкраіны – у адказ на пытаньне “Свабоды” пра эфэктыўнасьць санкцый адносна “Белнафтахіму”.


“Нам трэба думаць аб умацаваньні нашых межаў, нашых Узброеных сіл. Яны павінны быць у сталай баявой гатоўнасьці, адчуваць пульс ня толькі краіны. Нашая армія – гэта адзінае, што сёньня ёсьць на захадзе ў Саюза Беларусі і Расеі, і мы зьвязаныя дамовай з Расеяй. Дамова з Расеяй — сьвятая справа. Мы павінны яе выконваць, як выконвае Расея, забясьпечваючы нам надзейны шчыт, у тым ліку ядзерны”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – на нарадзе ў справе баявой падрыхтоўкі Ўзброеных Сіл Беларусі.


“Сёньня мы дамовіліся, што гэтыя краіны стануць сябрамі НАТО. Мы падтрымліваем звароты гэтых краінаў на атрыманьне Плянаў дзеяньняў. Зараз мы пачынаем інтэнсіўныя кансультацыі з абедзьвюма краінамі на высокім палітычным ўзроўні для вырашэньня пытаньняў, якія засталіся. Мы папрасілі міністраў замежных спраў краін НАТО даць першую ацэнкі прагрэсу гэтых краін у гэтым накірунку ў сьнежні 2008 году”.

Яп дэ Хоп Схэфэр, генэральны сакратар НАТО – пра рашэньне саміту альянсу адносна Грузіі і Ўкраіны.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG