Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Канец цытаты": 23.02. – 29.02.2008


Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.


“Калі да аўторка мяне ня вызваляць, я перавяду галадоўку ў сухую – перастану ўжываць і ваду. Буду галадаваць да сьмерці, хай нас з жонкай пахаваюць разам”.

Аляксандар Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта, палітвязень – заява пасьля сьмерці яго жонкі Ірыны.


"Па-чалавечы мне яго шкада".

Віталь Агнісьцікаў, начальнік калёніі “Віцьба-3” – пра Аляксандра Казуліна пасьля сьмерці яго жонкі.


“Улады ня могуць вярнуць Ірыну Казуліну да жыцьця, але яны абавязаныя даць яе мужу свабоду”.

Андрэа Рыгоні, дакладчык у пытаньнях Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы – у звароце да беларускіх уладаў з просьбай вызваліць А.Казуліна.


“І хоць калісьці Васіль Быкаў назваў свой твор “Мёртвым не баліць”, аднак у гэтай сытуацыі, я думаю, што і мёртвым баліць. Дык вось, і Ірыне Казулінай баліць ад таго, што робіць улада зь яе мужам”.

Вольга Іпатава, пісьменьніца – пра сытуацыю пасьля сьмерці І.Казулінай.


“Мы абвясьцілі галадоўку салідарнасьці з нашым бацькам. Хочам аднаго — каб наша маці была пахавана паводле хрысьціянскіх традыцый. Паколькі бацька сказаў, што безь яго пахаваньня ня будзе, мы ня хочам, каб наша мама ляжала ў моргу яшчэ тры гады. Таму мы просім вызваліць бацьку хаця б на час пахаваньня, каб правесьці пахаваньне нармальна”.

Вольга Казуліна, дачка А.Казуліна – заява пасьля сьмерці маці.


“Я дарую яму (А.Лукашэнку) ўсё, што перажыла наша сям’я. Мы ўсе ходзім пад Богам і мусім пакладацца на яго волю”.

Аляксандар Казулін – на прэсавай канфэрэнцыі пасьля пахаваньня сваёй жонкі.


“Лёс майго народу – гэта ўжо мой лёс. У 2006 годзе я асэнсавана йшоў у турму, бо мяне таксама загадзя папярэдзілі пра арышт і вельмі настойліва раілі зьехаць з краіны, кажучы, што ўсё будзе ў парадку. Але калі народ пакутуе і ты б'есься за народ, ты не павінны думаць пра сябе. Таму я імкнуся да канца прайсьці той шлях, які праходзіць мой народ, наш беларускі народ. Не прайшоўшы гэтага шляху, цяжка называць сябе чалавекам, які змагаецца за агульнае дабро".

Аляксандар Казулін – зь інтэрвію “Свабодзе” па дарозе ў калёнію.


“У апошні час усё часьцей гучаць галасы з розных бакоў, што Беларусь кардынальна мяняе сваю зьнешнюю палітыку. Мы праводзім акуратную зьнешнюю палітыку, і калі мы дзесьці ідзем на кампрамісы, як у апошні час з Эўразьвязам, то я б не сказаў, што мы памянялі вэктар нашай зьнешняй палітыкі і спрабуем, як некаторыя кажуць, заігрываць з Захадам”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.


“Прысутнасьць у кааліцыях прарасейскіх сілаў – міна запаволенага дзеяньня. Праэўрапейскім палітычным партыям АГП і БНФ няёмка ў кааліцыі прапагандаваць эўрапейскія каштоўнасьці, бо пакрыўдзяцца камуністы. Ужо ўзьнікае сумнеў, наколькі гэтыя партыя праэўрапейскія”.

Мікола Статкевіч, ініцыятар грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” – на ўстаноўчым сходзе магілёўскай філіі кампаніі.


“Прыходзіць разуменьне таго, што калі мы, знаходзячыся ў апазыцыі, у няпростым становішчы, ня здолеем дамовіцца, то нас нельга проста дапускаць да ўлады”.

Міхась Варанец, кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) – пра ўзгадненьне кандыдатур на парлямэнцкія выбары ад дэмакратычных сіл.


“Я зьбіраюся зьмяніць грамадзянства, бо гэта для мяне палітычны ўчынак. Я НЕ ЖАДАЮ быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Ну брыдка для мяне зараз быць грамадзянінам гэтай краіны. Менавіта гэтай Рэспублікі Беларусь”.

Аляксандар Зьдзьвіжкоў, былы намесьнік рэдактара газэты “Згода”, асуджаны на тры гады за публікацыю карыкатур на прарока Мухамада – на прэсавай канфэрэнцыі ў БАЖ пасьля вызваленьня.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG