Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Канец цытаты": 15.03. – 21.03.2008


Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.


“Ужо дзіцёнак кажа: мама, нікуды і пішы, не пратэстуй, не зьвяртайся. А то і цябе пасадзяць, а мяне зьмесьцяць у дзіцячы дом”.

Натальля Парсюкевіч, жонка прыцягнутага да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў Cяргея Парсюкевіча.


“АДС прадэманстравалі сваю сутнасьць тым, што адзіны лідэр, які цяпер сябе так пазыцыянуе — камуніст, і “Малады фронт” ня можа падтрымаць яго ніякім чынам”.

Наста Палажанка, намесьніца старшыні незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” – пра рашэньне “Маладога фронту” выйсьці са складу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.


“На мой погляд, яны несамастойна прымалі гэтае рашэньне, ім нехта падказаў гэта зрабіць. Гэта даўно мараць зрабіць спэцслужбы Беларусі, мараць падзяліць апазыцыю на прарасейскую і праэўрапейскую, на левую і правую, на маладых і старых. Гэта даўно спрабуе зрабіць Аляксандар Лукашэнка і ягоныя спэцслужбы”.

Сяргей Калякін, кіраўнік Партыі камуністаў – пра рашэньне “Маладога фронту” выйсьці са складу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.


“Краіны-сябры Эўразьвязу таксама выказалі заклапочанасьць у сувязі за ростам ціску на мяне і на нашае пасольства з боку беларускіх уладаў. Эўразьвяз распрацоўвае свае падыходы, каб данесьці гэтую сваю заклапочанасьць да беларускіх уладаў”.

“Я страшэнна сумую па Менску. Я была б нашмат больш шчасьлівая, калі б знаходзілася там. Але я вельмі занятая тут, паколькі я ў пастаянным кантакце са сваім пасольствам і з тым, што там адбываецца, як мы вырашаем праблему з гэтымі апошнімі патрабаваньнямі беларускіх уладаў. Я тут зусім не на вакацыях, я вельмі цяжка працую. Найбольш я сумую па людзях, я кожную раніцу прачынаюся і думаю пра тых людзей у Беларусі, зь якімі я хацела бы быць побач”.

Карэн Ст’юарт, пасол ЗША ў Беларусі – у інтэрвію “Свабодзе”.


“Калі прэзыдэнт Беларусі сапраўды хоча палепшыць свой імідж, то пра гэты яго намер больш скажуць учынкі, а ня словы, якімі прыгожымі яны б ні былі”.

Майкл Блэйкмар, прадстаўнік арганізацыі “Amnesty International” – пра пляны беларускіх ўладаў наняць вядомага брытанскага кансультанта ў галіне PR лорда Тыматы Бэла для паляпшэньня іміджу Беларусі і яе прэзыдэнта.


“Калі яны (беларускія ўлады) ня здолеюць дэмакратызаваць выбары і паступова пераходзіць да лібэралізацыі, то Плошчы непазьбежныя. Гісторыя цьвёрда паказвае: чым меней дэмакратыі на выбарах, тым болей людзей на плошчах і вуліцах”.

Аляксандар Мілінкевіч, лідэр незарэгістравана руху “За свабоду” – у другую гадавінаў пачатку акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.


“Я вам абяцаю, што вы будзеце ў турме на Акрэсьціна”.

Аляксандар Найдзенка, намесьнік начальніка менскай міліцыі – падчас размовы ў Менгарвыканкаме з заяўнікамі масавай акцыі ў Менску ў гонар 90-годзьдзя стварэньня БНР.


“Улада хоча сапсаваць сьвята, але я думаю, што можна нават сядзець на Акрэсьціна са сьвятам у душы і сэрцы”.

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП, адзін з заяўнікаў масавай акцыі ў Менску ў гонар 90-годзьдзя стварэньня БНР.


“Мы зьбярэмся на плошчы Якуба Коласа і будзем спрабаваць прайсьці заяўленым маршрутам. Вельмі важна для мяне, каб акцыя прайшла з выхадам на праезную частку, бо інакш гэта будзе проста здрадай тым маладым людзям, якія зараз праходзяць па крымінальнай справе за акцыі ў лютым, калі яны ўпершыню за тры гады вывелі дэманстрантаў на праезную частку, уратавалі гонар апазыцыі і за гэта маюць крымінальную справу. Дык вось: калі мы ня выйдзем на праезную частку – мы іх проста здадзім. А калі наступныя акцыі будуць адбывацца нармальна, як у любой іншай краіне – па праезнай частцы – то крымінальны артыкул за тое, што людзі ідуць не па тратуары ў часе дэманстрацыі, проста ня будзе ўжывацца”.

Мікола Статкевіч, адзін з заяўнікаў масавай акцыі ў Менску ў гонар 90-годзьдзя стварэньня БНР.


“Думаю, блізкім часам, пры такім масіраваным націску Захаду на Беларусь, нашы адносіны з Расеяй будуць яшчэ больш цесныя”.

"Дэмакратыя ў Беларусі такая ж, як і ў Аўстрыі, амаль адзін да аднаго. Дэмакратычныя каштоўнасьці ў Беларусі ня менш высокага ўзроўню, чым у любой іншай эўрапейскай краіне”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – у інтэрвію Аўстрыйскаму агенцтву навінаў.


“Міжнародная Амністыя” неаднойчы папярэджвала аўстрыйскіх прадпрымальнікаў, як лёгка ўблытацца ў сытуацыю зь цяжкімі парушэньнямі правоў чалавека, калі робіш гешэфты зь беларускай дзяржавай. Паколькі гэтая дзяржава сыстэматычна парушае асноўныя правы і свабоды беларусаў. Адмысловае папярэджаньне з гэтай нагоды мы зрабілі кіраўніку аўстрыйскага “Тэлекому”. Кампанія, сапраўды, трапіць у цяжкое становішча, калі на просьбу беларускіх уладаў выдасьць патрэбную інфармацыю пра сваіх кліентаў. Мы зьвярнулі ўвагу і кіраўніцтва аўстрыйскага “Райфайзэнбанку” на тое, наколькі небясьпечна выдаваць крэдыты беларускаму рэжыму — з дапамогай гэтых грошай улады змогуць працягваць масіраваны наступ на правы чалавека”.

Гайнц Патцэльт, генэральны сакратар аўстрыйскай філіі “Amnesty International”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG