Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадукты зноў падаражэлі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


“Сацыяльна-значная” сьвініна пасьля падвышэньня цэнаў каштуе 8 370 рублёў за кіляграм, а ялавічына – 8520 рублёў

“Сацыяльна-значная” сьвініна пасьля падвышэньня цэнаў каштуе 8 370 рублёў за кіляграм, а ялавічына – 8520 рублёў

У беларускіх прадуктовых крамах зноў зьявіліся новыя цэньнікі. Ад 1 красавіка павялічыліся цэны на малочную прадукцыю, мяса і хлеб. Як рэагуюць на гэта пакупнікі?


У менскай краме “Рытэйл” эканаміст па цэнах спадарыня Людміла так патлумачыла падаражэньне малака, мяса і хлеба:

Людміла: “У вытворцаў гэтай прадукцыі растуць штомесяц цэны на сыравіну, выдаткі на вытворчасьць, энэрганосьбіты, маса выдаткаў. Ну, гэта ў межах 10—50 рублёў, гледзячы якая прадукцыя. Ад вялікай сумы гэта можа быць 100 рублёў”.

Хлеб падаражэў прыкладна на 10—20 рублёў, прыкладна на столькі ж — малако і кефір, сьвініна — на 120 рублёў. Спадарыня Людміла кажа, што такое падвышэньне для пакупнікоў малапрыкметнае:

“Увесь народ неяк разумее, што цэны растуць. На ўсё растуць цэны”.

Пакупнікі, зь якімі я пагутарыў каля ўнівэрсаму “Талін”, заўважаюць, што цэны на прадукты растуць і застаюцца высокімі. Многія людзі жывуць “ад заробку да заробку” – сабраць грошай на адпачынак й ня мараць. А каб набыць адзеньне, даводзіцца эканоміць і на харчаваньні.

Спадарыня Натальля купіла хлеб і малако
Пэнсіянэрка, пакуючы купленае ў краме, кажа:

“Усё дорага. Вось, здаецца, нічога не купіла, а аддала 30 тысяч”.

Карэспандэнт: “Гэта шмат для вашага бюджэту?”

Спадарыня: “Шмат. Муж мільён зарабляе, а я — 300 тысяч пэнсіі. Ну, гэта ня кожны дзень такія пакупкі. Пакуль муж працуе, а я на пэнсіі. А так на адну пэнсію я не змагла б жыць”.

Спадарыня Натальля кажа:

Спадарыня: “Для мяне гэта цяжка. Я жыву толькі на адну пэнсію. Адна жыву, для мяне гэта адчувальна. Я ня ўсё магу сабе дазволіць, толькі самае неабходнае”.

Карэспандэнт: “А што вы купляеце звычайна?”

Спадарыня: “Малако, маргарын, хлеб, батон. Ну, я дазволіць сабе купіць сыр, тваражок добры не магу. Я сёньня купіла малака, прычым я бяру малако тлустасьці 1,5%, яно таньнейшае, хлеб і батон. На дні два-тры мне хопіць хлеба. Усяго патрошку. Льготаў ніякіх, зараз жа льготы ўсе зьнялі”.

Спадарыня Вераніка прыйшла ў краму зь дзіцём
Пэнсія ў спадарыні Натальлі — каля 400 тысяч, у лютым яе падвысілі на 20 тысяч.

“Ну што такое 20 тысяч?! Калі я зараз пайшла, за хлеб і малако аддала 2 тысячы!”

Вераніка прыйшла ў краму з малым дзіцем:

“Грошай трацім вельмі многа. Калі ідзем штораз, мінімум ад 10 да 20 тысяч, меней ніколі не пакінеш. Цэны падняліся на малочныя прадукты, на хлеб. Хацелася б, каб заробак быў большы. Бо і дзеці маленькія, вельмі цяжка з гэтым змагацца. У мяне муж атрымоўвае 700 тысяч. Я ў дэкрэтным адпачынку. Упрытык, ад заробку да заробку”.

Спадар Мікола кажа:

“Цэны высокія, цэны падагналі, а жывём усё яшчэ па-старому. Палітыка такая”.

Спадар Мікола лічыць грошы пасьля выхаду з крамы


Згодна з пастановай міністэрства эканомікі, павялічаныя гранічныя адпускныя цэны, да прыкладу, на малако, кефір, сьмятану і тварог — на 2%, ялавічыну і сьвініну першай і другой катэгорый — на 1,5%, хлеб і хлебабулачныя вырабы — на 1%. Паводле прэс-службы міністэрства, падвышэньне цэнаў кампэнсуе падаражаньне паліўна-энэргетычных рэсурсаў, а таксама паэтапна зраўняе закупачныя цэны на прадукцыю з цэнамі ў суседніх краінах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG