Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе з далярам?


Што адбываецца ў амэрыканскай эканоміцы? Як працэсы ў амэрыканскай эканоміцы могуць закрануць іншыя краіны? Ці пачнуць іншыя краіны пазбаўляцца ад даляраў, і калі так, то да чаго гэта прывядзе? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае галоўны эканамічны аглядальнік брытанскай газэты "Financial Times" Марцін Вулф.


Карэспандэнт: “Чаму эканамісты ня могуць прыйсьці да супольнай высновы – у чым прычыны крызісу ў амэрыканскай і ўсясьветнай эканоміцы?”

Вулф: “Кароткі адказ складаецца з двух словаў – гэта складанасьць і гэта навізна.

Гэты крызіс уключае ў сябе глябальныя дысбалянсы, якія адбіваюцца на фінансавай палітыцы, сытуацыю на рынку нерухомасьці ў ЗША, істотныя зьмены адносных цэнаў. Усе гэтыя фактары ўзаемазьвязаныя і разблытаць іх надзвычай складана. Другі момант – гэта тое, што сучасная фінансавая сыстэма непадобная на тую, што была раней. Крызіс на рынку нерухомасьці ў ЗША – таксама беспрэцэдэнтная зьява. І паколькі гэтыя зьявы новыя, мы ня ведаем, да чаго яны прывядуць”.

Карэспандэнт: “Якімі могуць быць наступствы амэрыканскага крызісу для іншых частак сьвету, у прыватнасьці, для Эўропы?”

Вулф: “Ёсьць рэальная небясьпека для тых эканамічных сыстэмаў разьвіцьця, якія асабліва залежаць ад прытоку капіталу з разьвітых краін. Гэта адбылося 10 гадоў таму падчас азіяцкага крызісу. А зараз гэта можа закрануць краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і Турэччыну. Спад у амэрыканскай эканоміцы, калі ён будзе істотным, безумоўна закране і эўрапейскую і азіяцкую эканомікі. І гэта закране таксама ўсе малыя, адкрытыя эканомікі, якія абапіраюцца на ўсясьветны гандаль”.

Карэспандэнт: “Такія пастаўшчыкі энэрганосьбітаў, як Расея, Узбэкістан, Туркмэністан могуць атрымаць нават выгаду ад такога аспэкту крызісу, як імклівы рост цэнаў на іх сыравіну. Ці гэта часовая, каньюнктурная зьява, бурбалка, якая хутка лопне?”

Вулф: “Тут ёсьць элемэнт бурбалкі, асабліва што тычыцца росту цэнаў у апошнія месяцы. Але ў значнай ступені гэта проста адлюстраваньне падзеньня даляра, у эўра рост гэтых цэнаў не зьяўляецца такім імклівым. Але ў яго ёсьць і структурныя, а ня толькі каньюнктурныя прычыны. Адна зь іх – істотны рост попыту з боку Кітаю. Гэта попыт гоніць цэны ўгару. Так што я мяркую, што цэны на сыравіну і прадукты спажываньня застануцца высокімі, вышэйшымі, чым былі ў 1990-я гады. Але неабавязкова, што яны ўтрымаюцца на сёньняшнім узроўні”.

Карэспандэнт: “Ці магчыма, што расейскі капітал прыйдзе на зьмену заходнім інвэстыцыям у посткамуністычных краінах?”

Вулф: “Гэтага нельга выключаць. Толькі грошай трэба шмат. Мне не зусім зразумела, як расейцы зьбіраюцца гэта выкарыстоўваць. Але натуральна, што расейскі прыватны бізнэс і паўдзяржаўны бізнэс будуць імкнуцца інвэставаць у тыя краіны, якія яны ведаюць. А гэта якраз былая сфэра расейскага ўплыву. Гэтая палітыка ўжо праводзіцца, і я быў бы зьдзіўлены, калі б Расея, маючы велізарны запас грошай, не спрабавала б іх укласьці”.

Карэспандэнт: “У Беларусі ў апошнія месяцы назіралася тэндэнцыя, якой не існавала ўсе гады існаваньня незалежнай краіны: грамадзяне прадавалі больш даляраў камэрцыйным банкам, чым куплялі. Зразумела, беларуская эканоміка вельмі малая паводле ўсясьветных маштабаў, але тэндэнцыя агульная. Кожны раз, калі Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма ЗША зьніжае стаўку працэнта, зьніжаюцца даходы зьнешніх інвэстараў. Ці ня можа гэта прывесьці да таго, што галоўныя замежныя трымальнікі даляраў пачнуць пазбаўляцца ад іх?”

Вулф: “Ніхто ня ведае дакладна, колькі даляраў трымаюць замежныя ўлады. Паводле маіх ацэнак, гэта каля 4 трыльёнаў. Зразумела, калі яны пачнуць масава пазбаўляцца ад даляраў, даляр будзе надзвычай аслаблены. Але я ня думаю, што гэта адбудзецца. Гэта складана, асабліва для Кітаю і Японіі, якія разам трымаюць 40% запасаў замежнай валюты. Пазбаўляючыся ад даляраў у такіх маштабах, яны шмат страцяць, да таго ж гэта створыць міжнародны крызіс, бо амэрыканцы будуць разглядаць гэта як атаку на Амэрыку. Такі працэс можа адбывацца, але ён будзе ісьці павольна. Атака замежных урадаў на даляр уяўляецца мне малаімаверным варыянтам разьвіцьця падзеяў”.

Карэспандэнт: “Ну а калі гэты малаімаверны сцэнар усё ж здарыцца, якімі будуць яго наступствы для амэрыканскай эканомікі?”

Вулф: “Катастрафічныя. Самы вялікі кашмар для ЗША – гэта даляравы крах. Гэта будзе прамы шлях да сытуацыі 1970-х гадоў, а магчыма і да нечага горшага. Гэта будзе стагфляцыя – спалучэньне высокай інфляцыі і глыбокага спаду. І амэрыканскі ўрад тут нічога ня зможа зрабіць, бо справа будзе ў страце даверу да даляра з боку замежнікаў. Для ЗША зараз няма нічога больш важнага, чым падтрымаць давер да даляра. Яны ня могуць рызыкаваць іх валютнай палітыкай, падрываючы давер да даляра як сродку ашчаджэньня для мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце.

Пакуль амэрыканская палітыка не прывяла да таго кашмару, пра які я казаў. Але, паводле маёй ацэнкі, калі працэнтная стаўка зьнізіцца да 1 % – а цяпер яна 2,25% – паўстане рэальная рызыка такога крызісу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG