Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праект саюзнай дзяржавы — гэта ўжо міт ці яшчэ рэальнасьць? Як можа паўплываць на дачыненьні Беларусі з Расеяй павышэньне цэнаў на газ? Ці могуць падштурхнуць да аб’яднаньня дзьвюх краінаў новыя геапалітычныя чыньнікі?



Удзельнікі: галоўны рэдактар часопісу “Архэ” Валер Булгакаў зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.


Міт ці рэальнасьць?

Валер Карбалевіч: “За доўгія гады кампаніі пад назвай “беларуска-расейская інтэграцыя” яна ўключыла ў сябе багата падзеяў, скандалаў, мітаў, супрацьлеглых высноваў — ад тэзы пра непазьбежнасьць аб’яднаньня дзьвюх краін да заяваў пра тое, што праект саюзнай дзяржавы сканаў. Дык ці насамрэч гэты праект ужо міт, ці яшчэ рэальнасьць?”

Валер Булгакаў

Валер Булгакаў:
“Беларуска-расейская інтэграцыя застаецца рэальнасьцю, аднак ёсьць пэўныя фантомы, якія ёй спадарожнічаюць. Адзін зь іх — гэта саюзная дзяржава. У эканамічным пляне гэтая інтэграцыя шчасьліва існуе і служыць зарукай стабільнасьці рэжыму Лукашэнкі. На пачатку году ў Беларусі аб’ём экспартна-імпартных апэрацый з расейскімі энэргарэсурсамі павялічыўся.

У палітычнай сфэры інтэграцыя знаходзіцца ў стане стагнацыі. Саюзная дзяржава атрымала статус адкладзенага праекту. Хоць на пачатку году афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі рабілі заявы пра гатоўнасьць разглядаць Канстытуцыйны акт. Але гэта тактычны ход. Рэальныя зрухі ў інтэграцыі магчымыя пры ўмове рэальных зрухаў з боку Масквы”.


Кірыл Коктыш: “Гэтае пытаньне мае шмат вымярэньняў. У эканоміцы пэўная інтэграцыя ёсьць. Але гэта інтэграцыя на ўзроўні часткі эліт. Існуюць хутчэй нейкія кропкавыя зоны супрацоўніцтва, а не сапраўдная інтэграцыя.

У палітычным сэнсе гэты праект фармальна існуе і будзе існаваць. Яго дэнансацыя нявыгадная ніводнаму з бакоў. Спробы ажывіць праект будуць рабіцца, асабліва ў зьвязку з коштам газу.

Няма запыту на інтэграцыю на ўзроўні масавай сьвядомасьці. Грамадзяне абедзьвюх краін хочуць жыць у сваіх дзяржавах”.


Цэны на газ як чыньнік інтэграцыі

Валер Карбалевіч

Карбалевіч:
“Наконт цэнаў на газ. Сапраўды, гэта найбольш балючае сёньня пытаньне ў двухбаковых дачыненьнях. Ці можа гэты чыньнік стаць сродкам ціску з боку Расеі, каб падштурхнуць Беларусь да рэальнага аб’яднаньня? Маўляў, альбо кошт газу наступным годам будзе 200 даляраў за 1 тыс. кубічных мэтраў, альбо аб’ядноўвайцеся ў канфэдэрацыю”.

Булгакаў: “Такія ўмовы вылучаюцца ня першы год. Досьвед паказвае, што ніякіх усплёскаў інтэграцыі гэта не спрычыняла. Хутчэй наадварот, гэта правакавала адваротныя тэндэнцыі. Беларускія ўлады не ідуць на збліжэньне пад узьдзеяньнем бізуна і іншых сілавых інструмэнтаў.

Але пэўныя сыгналы з боку другарадных палітыкаў у беларускай уладзе, кшталту Папова, зьяўляюцца паказчыкам гатоўнасьці Менску ісьці на пэўны торг.

Аднак галоўнае пытаньне пэрспэктываў інтэграцыі палягае ў тым, ці будзе новы прэзыдэнт Мядзьведзеў працягваць палітыку Пуціна. Нават пры працягу гэтай палітыкі — ня думаю, што зьявяцца прычыны для дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі”.

Коктыш: “Цэны на газ у пэўным сэнсе могуць стаць чыньнікам інтэграцыі. Пазыцыя Расеі палягае ня ў тым, каб умацаваць саюз любым коштам, а ў тым, каб забясьпечыць беспраблемны транзыт нафты і газу ў Эўропу. Ва ўсялякім разе да таго часу, пакуль ня будзе пабудаваны Паўночнаэўрапейскі газаправод.

Зь іншага боку, Расея жадае паставіць нейкую кропку. Альбо будуем сапраўдную саюзную дзяржаву — і тады можна весьці размову пра ўнутраныя кошты на газ. Альбо Беларусь застаецца незалежнай — тады трэба будаваць трывалыя двухбаковыя адносіны, якіх цяпер няма.

Але на беларуска-расейскія дачыненьні могуць паўплываць і глябальныя чыньнікі. Напрыклад, сусьветны фінансавы крызіс, рост сусьветных коштаў на прадукты з хуткасьцю 50% у месяц”.


Геапалітычны чыньнік двухбаковых дачыненьняў

Карбалевіч: “На беларуска-расейскія дачыненьні можа паўплываць яшчэ геапалітычны чыньнік. Маю на ўвазе абвастрэньне адносін паміж Расеяй і Захадам з-за разьмяшчэньня ў Эўропе элемэнтаў супрацьракетнай абароны ЗША і плянаў Грузіі і Ўкраіны ўступіць у НАТО”.

Булгакаў: “Ня трэба пераацэньваць важнасьць гэтых чыньнікаў. У датычнасьці да плянаў Грузіі ніводзін аналітык ня скажа, што гэтая пэрспэктыва рэальная. Бо Грузія не кантралюе дзьве свае тэрыторыі. Таму гэтыя чыньнікі, якія вы назвалі, будуць прысутнічаць у афіцыйнай рыторыцы, але ня больш за тое.

Іншы чыньнік можа мацней паўплываць на дачыненьні Беларусі і Расеі. Гэта тое, што Захад пачаў праводзіць больш жорсткую лінію ў дачыненьні да Беларусі. Акурат боязь гэтага чыньніка выявілася ў дзеяньнях беларускага кіраўніцтва мінулым тыднем. Маю на ўвазе рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, журналістаў. Калі ЭЗ далучыцца да санкцыяў супраць “Белнафтахіму”, то беларускай эканоміцы пагражае каляпс.

Кірыл Коктыш

Коктыш:
“Я згодзен, што гэтая праблема, якую вы акрэсьлілі, пакуль віртуальная. Бо найперш тут мы бачым асабісты піяр Буша. Ён апынуўся ў стане, як кажуць у ЗША, “кульгавай качкі”. Пасьля няўдач з Іракам, Аўганістанам яму патрэбен хоць нейкі посьпех. Але астатнія сябры НАТО займаюць больш скептычную пазыцыю. Гэтае пытаньне бліжэйшым часам і застанецца піярам.

Але тыя рэпрэсіі, якія пачалі мінулым тыднем беларускія ўлады, адрасаваныя не Расеі і Захаду, а трэцяму сьвету. Менск імкнецца стаць ідэалягічным лідэрам сусьветнага антыамэрыканскага і антыглябалісцкага руху. Хоць я скептычна ацэньваю гэтыя пляны.

Праблема Расеі ў тым, што яна ня мае рэальнай стратэгіі і палітыкі адносна СНД. А абурэньне супраць пашырэньня НАТО — гэта толькі рыторыка”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG