Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Начная аБЛОГа” – 24 сакавіка


Агляд беларускага сеціва.


На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць навіну Беларускага тэлебачаньня пра новую шпіёнскую змову, якую нібыта раскрылі ў Менску. Кіраўніцтва КДБ ужо заявіла пра тое, што ні пра якую змову ня ведае. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

«Лухта ўсё гэта! Зьнялі кіно паводле сцэнару і ў эфір. Няўжо вы верыце ў гэта?! Нават чалавеку, далёкаму ад палітыкі, усё гранічна зразумела».

«Што цікава: мянты па простым «даносе» суседзяў на кватэру прыйшлі адразу вялікай групай і зь відэакамэрамі? Наколькі я ведаю, правяраць такія сыгналы ўчастковы выпраўляецца, ці нарад у скрайнім выпадку. Нешта я відэакамэры ў участковага не заўважала ніколі».

«Гэты спэктакль арганізаваны, каб давесьці, што ў амбасадзе ЗША занадта шмат людзей працуе і да абібоцтва займаецца стварэньнем шпіёнскіх сетак. Гэты паказ ёсьць цалкам лягічным працягам ноты пратэсту, што амэрыканцы павінны скараціць штат амбасады. Усё вельмі проста».

Чытачы сайту Хартыі-97 абмяркоўваюць іншую навіну: журналістку Ірыну Халіп выклікалі ў пракуратуру для тлумачэньняў з нагоды публікацыі на сайце артыкула “Забойства ў простым эфіры”. Артыкул выйшаў у дзень сьмерці Ірыны Казулінай і пракуратуру цікавіць, якое дачыненьне Лукашэнка меў да сьмерці жонкі экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Кузуліна. Водгукі:

“Пракурор спрабаваў зрабіць лінгвістычны аналіз артыкула. У прыватнасьці, яго цікавіла, хто зьяўляецца «пачварай». Але пракурор выдаў сябе, бо ён мяркуе, што пачвара гэта чалавек, і ён ведае нават ягонае імя. Вось яно».

“Анэкдот са сталінскіх часоў. Ад’ютант заскоквае да Сталіна й шапоча, што Жукаў, калі выйшаў з кабінэту, сказаў “казёл”. Жукава тэрмінова вярнулі. Той на пытаньне павадыра адказаў, што прамаўляў гэта пра сябе й свае прамашкі. Сталін скасіў падазронае вока на ад’ютанта: “А вы на каго падумалі, таварыш?”

У суполцы Жывога Журналу minsk_by блогер Яўген Ліпковіч прапануе абмеркаваць публікацыю з расейскай газэты “РБК daily” “Беларусь атрымае атамную бомбу”. У артыкуле згадваецца пра сустрэчу кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прэм’ер-міністрам Расеі Віктарам Зубковым. Экспэрты мяркуюць, што Беларусь можа ў адказ на санкцыі ЗША супраць канцэрну “Белнафтахім” разьмясьціць на сваёй тэрыторыі расейскую зброю. Камэнтары ўдзельнікаў суполкі:

“На ўмовах кантролю нашым войскам бомбачкі апошнюю не дадуць. Калі дадуць, то да яе прыставяць расейскую частку РВСН. І ніводнага беларускага прапаршчыка на 10 кілямэтраў не падпусьцяць. Таму Бацька ня пойдзе на такія ўмовы”.

“Як яны гэта сумесьцяць са статусам Беларусі як бязьядзернай зоны, што прапісана ў Канстытуцыі?”

“Ды дурасьць гэта ўсё. Журналіст яскравы загаловак прыдумаў дый годзе. Гэта калі ю нейкі амэрыканскі пасажырскі самалёт памылкова парушыў нашу паветраную прастору, дык журналіст дакладна б напісаў, што “Беларусь можа абвесьціць ЗША вайну!”

Блогерка Валерыя Кустава піша ў сваім сеткавым дзёньніку: “З РАЗМОВЫ Ў ГРАМАДСКІМ ТРАНСПАРЦЕ:
- Заўтра, кажуць, сьвята... Толькі, кажуць, цссс!..
- Чаго гэта цссс?! Я табе дам цссс! Cьвята заўтра”.
XS
SM
MD
LG