Лінкі ўнівэрсальнага доступу


На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць навіну пра тое, што амбасада Злучаных Штатаў прыпыніла выдачу візаў беларускім грамадзянам. Камэнтары:

“Ну, дачакаліся... Мне ўсё ж цікава, чаго хоча Радзіма ад гэтай амбасады...”

“А што, Бацьку ня страшна, яму ўсё адно ўезд у Штаты забаронены”.

“Пражывем і без Амэрыкі. Няма чаго нас цкаваць і пужаць. Цяпер Амэрыцы ўжо пляваць, што простыя людзі церпяць церазь іхныя амбіцыі. Міністры ды іншыя з розных іхных сьпісаў не стаяць у чарзе па візу, якой ім усё адно не дадуць. То чаго ім яшчэ трэба?”

“Простыя людзі церпяць цераз Сашу, а не цераз замежных ворагаў! Сярэдняя працягласьць жыцьця ў мужчынаў на вёсцы 56 год! Гэта ЗША вінаватыя? Сярэдняя пэнсія па Беларусі 160 даляраў! Зноў ЗША?”

На сайце “Хартыі’97” абмяркоўваюць яшчэ адну замежнапалітычную праблему: 472 беларускія чыноўнікі могуць стаць неўязнымі ў Польшчу. Гэта зьвязана з апублікаваньнем справаздачы па выніках дасьледаваньня палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Справаздачу апублікаваў польскі фонд “Свабода і дэмакратыя”. Меркаваньні чытачоў сайту:

“5 год таму трэба было рабіць. Цяпер такімі касмэтычнымі сродкамі не абысьціся”.

“Магчыма, гэта й кепска, што яны ня будуць па замежжы езьдзіць. Цяпер у іх ня будзе перад вачыма прыкладу разьвітых грамадзтваў. Ім ня будзе дзе вучыцца прагрэсіўным каштоўнасьцям. Яны будуць замыкацца ў сабе, утойваць злосьць, а потым помсьціць нам усім...”

“На маю думку, неўязнымі павінны стаць усе беларускія дзяржаўныя службоўцы, за выняткам бадай што настаўнікаў сярэдніх школаў і лекараў (выключна для вандровак у адукацыйных мэтах). Вось тады заварушацца ня толькі прадпрымальнікі”.

Блогер Аляксандар Брэчак на сайце telegraf.by аналізуе нядаўнюю падзею: Лукашэнка наняў гуру брытанскай PR-індустрыі Тымаці Бэла для паляпшэньня іміджу Беларусі на Захадзе. Вяртаючыся да гэтай тэмы, блогер разважае:

“...гістарычны досьвед іншых дзяржаваў паказвае: любыя спробы палепшыць толькі вонкавае ўспрыманьне краіны, не зьмяняючы практычна нічога ў сваёй рэальнай як унутранай, гэтак і замежнай палітыцы, ніколі не былі пасьпяховымі. І потым, варта толькі недзе пачаць будаваць для замежнікаў “пацёмкінскія вёскі” і наймаць “тытулаваных” іміджмэйкераў для правядзеньня дарагіх піяраўскіх кампаніяў... Гэта азначае толькі адно – у гэтай краіне лавінай нарастаюць вельмі сур’ёзныя праблемы, якія ўлады ўсімі сіламі стараюцца загладзіць – замест таго каб паспрабаваць іх кардынальным чынам вырашыць. І ўжо зусім безнадзейнай справай ёсьць спроба паляпшэньня іміджу для вонкавага спажываньня нават не краіны, а яе лідэра. Так, паводле сьведкаў, у свой час вобраз брытанскага прэм’ера Маргарэт Тэтчэр быў зьменены цалкам, ад акцэнту да поступу й манеры апранацца. Але толькі яе імідж быў і застаецца вельмі высокім зусім ня з гэтых прычынаў, а ў выніку дзейнасьці ейнага ўраду”.

А чытачы “Нашай нівы” абмяркоўваюць перадрукаваную з газэты “Звязда” інфармацыю: у Берасьці дворнікам даплачваюць за злоўленых графіцістаў. Вось адзін з камэнтароў:

“У такіх выпадках штрафы, забароны – учорашні дзень. Графіцісты ўсё роўна будуць займацца сваёй справай. Ува ўсім цывілізаваным сьвеце гэтыя мастакі (сапраўдныя, не бомбэры) працуюць над вонкавым аздабленьнем будынкаў і зарабляюць грошы. Нашыя гарады занадта шэрыя, чаму б не выкарыстаць гэты рэсурс”.
XS
SM
MD
LG