Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" - 20 сакавіка


Агляд беларускага сеціва.


У ноч на 21-га сакавіка павінна пачацца акцыя пратэсту карыстальнікаў папулярнага сайту блогаў “Жывы журнал”, якія ня згодныя з рашэньнем цяперашніх гаспадароў сайту скасаваць бясплатныя ўліковыя запісы.

У суполцы minsk_by напісана:

“Адзін дзень без пастоў. Адзін дзень без камэнтароў. Адзін дзень цішыні ў “ЖЖ”. Пратэстуем усім шматмоўным ЖЖ-насельніцтвам супраць выдаленьня базавых (бясплатных і безрэклямных) акаўнтаў. Прапанова правесьці акцыю была зробленая амэрыканскімі блогерамі. Ад поўначы паводле Грынвіча 21 сакавіка да поўначы 22 сакавіка не заходзьце ў “ЖЖ”, не камэнтуйце і не посьціце новай інфармацыі. Давайце паглядзім, як абрынецца статыстыка “ЖЖ” у гэты пэрыяд”.

Запіс выклікаў мноства камэнтароў:

“Гарантую, што ніякага “абвалу статыстыкі ЖЖ” ня будзе. Магчыма, нават вырасьце крыху”;

“Калі праект за 10 гадоў разьвіўся да сусьветнага ўзроўню (нашымі намаганьнямі), цяпер закручваць гайкі, каб папоўніць новы гаманец? Прабачце, жлобства”;

uamana: “Уласна кажучы, у чым сэнс пратэсту? У вас хіба нешта адбіраюць ці вам нешта вінен ЖЖ? Усе кажуць, што вось мы карыстальніцкая база, трымальнікі кантэнту, але ж ніхто ў вас гэтага кантэнту адбіраць не зьбіраецца. Ніхто нікога не ўціскае. Ваша права не карыстацца сэрвісам! Навошта ўвесь гэты шум? Урэшце, гэта бізнэс, і яго гаспадар мае права рабіць тое, што яму захочацца, натуральна, не парушаючы нічыіх законных правоў”;

im_serge: “А я недзе вычытаў пра варыянт з “выдаленьнем акаўнту” на суткі. Так эфэкт мацнейшы. Прыкіньце, калі тысячы часопісаў будуць выдаленыя за суткі, а на пытаньне “чаму?” усе будуць пісаць: “Вярніце базавы акаўнт”.

У суполцы “Жывога журналу” “Беларуская палітыка” карыстальніца zxz12m напісала, што “скульптару, проста добраму і вельмі цікаваму чалавеку Генадзю Лойку пагражае звальненьне з працы (СШ №185) за аповед вучням пра 25 сакавіка... Мы зараз можам завітаць у грамадзкую прыёмную (нешта кшталту гасьцёўні) сайту 185-й школы і выказаць там сваё абурэньне”. Дык вось, у гэтай гасьцёўні можна прачытаць такія запісы:

Леанід Дзейка: “Настаўнікі, гэтая ідэалёгія часовая, прыйдуць зьмены, і вам глядзець у вочы дзецям і іх бацькам. Дай Бог вам пачуць словы пасьля ад вашых вучняў: “Гэты дырэктар абараніла цудоўнага настаўніка ў тыя часы...”;

Сяргей Скрыпнічэнка: “Звольніце яго – што тады? Хто дзецям раскажа пра Радзіму? Майстры заліць гіпсам любыя мазгі? Астабрыдзела гэтае прагрэсуючае халопства і лёкайства. Паважаныя кіраўнікі школы №185! Паглядзіце на сябе збоку вачыма звычайных людзей, схіліцеся і спыніцеся, пакуль яшчэ ня позна, бо, як пераступіце нябачную, але вельмі небясьпечную мяжу, дарогі назад вам ужо ня будзе...”;

Сяргей: “З аднаго боку, вы (настаўнікі) – закладнікі сыстэмы. Зь іншага – людзі, якія могуць – і павінны – уплываць на выхаваньне і фармаваньне сьветапогляду дзяцей. Ніхто не прымушае вас весьці дзяцей на мітынг апазыцыі. Але і ўпадаць у маразм згодна з прынцыпам “як бы чаго ня здарылася”, мякка кажучы, неразумна”;

Бяз подпісу: “Гэта да якой краіны вы прышчапляеце гордасьць, любоў і беражлівыя адносіны, звальняючы сапраўднага патрыёта і таленавітага творцу Г.Лойку? Не магу зразумець. Хутчэй вы калечыце душы выхаванцаў, рыхтуеце іх да лёсу рабскіх, бяспамятных, абыякавых, бяспраўных істот бяз годнасьці, любові і адказнасьці. Ганьба вам, настаўнікам рабства!”

Вольга: “Шаноўныя калегі, ўпэўненая, што паводзіны кіраўніцтва ў адносінах да Геніка Лойкі ня толькі ня робяць гонару вашай школе, а яшчэ раз пакажуць вучням і бацькам, наколькі насамрэч стабільная тая стабільнасьць, пра якую трындзіцца з (анты)дзяржаўных СМІ. Калі вы баіцеся вольнай думкі і іншага погляду, старайцеся хаця б не паказваць гэтага сваім вучням. З павагай і пажаданьнем посьпехаў”;

Паўліна: “Не кранайце Лойку! Гэта ж трэба дадумацца звольніць чалавека за слова! Тым больш слова праўдзівае! Дарэчы, а чаму ён вымушаны расказваць дзецям пра 25 сакавіка, а ня вашыя настаўнікі гісторыі? Гэта што, жарт такі? Вы павінны выхоўваць патрыётаў, якія ведаюць гісторыю свайго народу, а ня выціснутую дамарослымі ідэолягамі кашку пра тое, як мы з рускімі ў адным акопе гнілі”.

Ва ўласным дзёньніку блогер miken_by цытуе намесьніка начальніка ўпраўленьня па наркакантролі МУС Беларусі Рамуальда Андрыеўскага, які на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску паведаміў, што ў беларускае заканадаўства ўведзена новае паняцьце, зьвязанае з наркотыкамі: зьявіўся тэрмін “асабліва небясьпечныя наркотыкі”. Гэта – марыхуана, гераін і амфэтамін. “Чаму ў сьпіс не ўваходзяць “Супэрлято”, пладова-ягадныя віны і БТшная “Панарама”?” – дзівіцца блогер.

На сайце “Найцікавейшых навінаў з усяго сьвету” сёньня можна прачытаць:

“The Guardian” надрукавала даклад па выніках дасьледаваньня, праведзенага вядомай маркетынгавай фірмай “Ernst&Young”. Рэзюмэ маркетолягаў гучыць так: ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з онлайн-медыямі вядучыя брытанскія газэты павінны тэрмінова зьмяніць сваю маркетынгавую стратэгію ў “сусьветнай павуціне”... Перш за ўсё газэты павінны пераарыентавацца на больш маладую аўдыторыю і зрабіць сэрвісы на сайтах бясплатнымі. Неабходна скончыць з распаўсюджанай сярод салідных брытанскіх выданьняў практыкай распродажаў CD- і DVD-дыскаў. Гэта адштурхне маладую аўдыторыю, якая ўжо прывыкла да таго, што ўвесь інтэрнэт-кантэнт, які яе цікавіць, знаходзіцца ў бясплатным доступе”.

Сёньня зьявілася новая суполка nn-video.livejournal.com, на якой будуць выкладвацца відэасюжэты, зьнятыя адмыслова для сайту газэты “Наша Ніва”. Ужо сёньня там можна пабачыць рэпартаж з адкрыцьця выставы “Марцовыя каты”.
XS
SM
MD
LG