Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 18 сакавіка


Агляд беларускага сеціва.


На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць заяву міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава пра тое, што нельга пра ўсю працу Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі меркаваць толькі па інцыдэнце на Слуцкай трасе, калі людзей скарысталі для жывога шчыта. Камэнтары:

“За падначаленых адказвае начальнік. Няхай Навумаў “прыбярэцца”;

“Міністар чарговы раз “уключае дурня”. Усе разумеюць пра што гаворка, а міністар нібыта не. Супрацоўнікі ДАІ “памыліліся” ня першы раз!”;

“Ды ўсе органы людзей на вуліцах хапаюць, у “жывыя шчыты ставяць”... Складаецца адчуваньне, што спадар Навумаў папросту адмазвае братаноў”;

“Радуе, што хоць нейкая грамадзянская адказнасьць прачынаецца – лісты пачалі пісаць”.

Блогер aliaksei ў сваім дзёньніку зьвяртае ўвагу на здарэньне ў Магілёўскай вобласьці. Адзін селянін напісаў заяву ў міліцыю пра зьбіцьцё свайго сына-старшаклясьніка. Тры крыўднікі прыйшлі патрабаваць, каб спадар заяву забраў. Той адмаўляўся, тады крыўднікі пачалі зьбіваць бацьку пацярпелага. У якасьці самаабароны спадар выкарыстаў паляўнічую стрэльбу. Тры нападнікі ў цяжкім стане апынуліся ў лякарні. Камэнтар блогера:

“Мужыка пасадзяць хутчэй за ўсё, а шкада. Сацыяльная дзяржава, усё для дабра электарату. “Міліцыянты зьдзіўляюцца, адкуль у спакойнага чалавека столькі агрэсіі...”

Зьявілася старонка фэстывалю “Беларуская вясна’2008”, які ладзіцца ад 22 сакавіка па 12 красавіка ў Кіеве. Пройдуць літаратурныя сустрэчы, кінапаказы, фотавыставы ды шмат іншага. Украінцы змогуць пазнаёміцца з шэрагам твораў беларускага непадцэнзурнага мастацтва. Фэстываль ладзіцца другі год запар. Пачнецца 22 сакавіка ў цэнтры Кіева на Хрышчаціку з пэрформансу “Забег на лыжах па асфальце”: “Пад музыку савецкіх спартовых маршаў удзельнікі будуць змагацца за Кубак імя Лукашэнкі”.

А пісьменьнік Уладзімер Сьцяпан у сваім блогу публікуе творчую рэфлексію на сёньняшняе надвор'е, калі сьнег і сонца былі разам:

“СЬНЯЖЫНКІ.

А ты і ня ведаеш, якія сьняжынкі на смак?..
Сёньняшнія сонечныя сакавіцкія – з прысмакам бярозавіку.
Калі не пасьпеў пакаштаваць – пі сваё піва...”
XS
SM
MD
LG