Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" - 21 сакавіка


Агляд беларускага сеціва.


Наведнікі сайту расейскай газэты “Московский комсомолец” абмяркоўваюць артыкул “Зубков нашел у “Батьки” прибыль” аўтарства Тацяны Замахінай. У артыкуле гаворыцца пра тое, што Беларусь адлічае ў свой бюджэт частку расейскіх прыбыткаў ад працы прадпрыемстваў, дзе ёсьць расейскі капітал. Інфармацыя стала вядомай у часе візыту расейскага прэм'ера Віктара Зубкова ў Беларусь 20 сакавіка. Камэнтары:

“Расея сама на ўсіх плюе, у тым ліку і супраць ветру. Вось і даводзіцца выціраць пляўкі”;

“(Лукашэнка) падмануў і будзе падманваць, пакуль сядзіць ля руля”;

“Беларусы ня хочуць у НАТО і Эўразьвяз, пакуль... Вось ім і даруюць”.

Байкот сайту блогаў “Жывы журнал” (“ЖЖ”) падтрымалі многія карыстальнікі кірылічнага сэгмэнту рэсурсу, у тым ліку беларускія блогеры. Пратэст выкліканы рашэньнем уладальнікаў “ЖЖ” скасаваць магчымасьць рэгістрацыі базавых уліковых запісаў – без рэклямы, зь мінімальным наборам функцыяў.

Беларускі блогер Антон Койпіш у сеткавай суполцы minsk_by зьмяшчае зварот да карыстальнікаў “Жывога журналу”, дзе нагадвае, што на сёньня, 21 сакавіка, галадаюць 10 чалавек з патрабаваньнем вызваліць палітычных вязьняў. “Гэтыя людзі робяць сапраўдныя высілкі ў сваёй барацьбе. Няўжо гэтая інфармацыя ня вартая пашырэньня?”, – падкрэсьлівае Антон Койпіш і працягвае: “Але замест гэтага асноўная тэма – аднадзённы страйк “ЖЖ”. Камэнтары:

“Пачніце акцыю зь сябе – не пішыце ў “ЖЖ”, пакуль ня вызваляць Казуліна”;

“Кожнаму сваё. У Афрыцы дзеці паміраюць... Што каго кранае, той супраць таго і пратэстуе”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваецца інфармацыя пра тое, што помнік Максіму Багдановічу будзе перанесены. Цяпер ён стаіць перад Опэрным тэатрам ля вуліцы Янкі Купалы, новае месца для помніка абралі бліжэй да вуліцы імя паэта – вуліцы Максіма Багдановіча. Камэнтары:

“Добра, што хоць ня ў Гатаве (пасёлак пад Менскам)”;

“Дзіўна, што раней не здагадаліся гэта зрабіць. Помнік перамесьціцца з зарасьцяў на вуліцу свайго імя, упрыгожыць яе, будзе відаць мінакам і праежджым”;

“Прыкол з помнікам Багдановічу на плошчы Парыскай камуны кане ў Лету”;

“Цікава, як своечасова яны вырашылі перамясьціць помнік. 25 сакавіка апазыцыя зьбіраецца ўскласьці кветкі да помніка. Падазраю, што работы пачнуцца найбліжэйшым часам”.

Сайт “Нашай Нівы” зьмяшчае афішу сьвяточных мерапрыемстваў да 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Апроч беларускіх гарадоў, імпрэзы адбудуцца ў Вільні, Кіеве, Празе, Варшаве, Нью-Ёрку, Таронта, Лёндане ды іншых гарадах. Мітынгі, канфэрэнцыі, музычныя імпрэзы, відэапаказы ды шмат чаго іншага.

У сеціве зьявіўся новы партал http://www.electroname.com, прысьвечаны інтэрнэту і мабільнай сувязі ў Беларусі. Навіны, прэсавыя рэлізы і аналітыка. Як лепш плаціць за мабільнік праз інтэрнэт, як удзельнічаць у нацыянальным конкурсе кантэнт-праектаў, які правайдэр выгаднейшы?
XS
SM
MD
LG