Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Паўла Дабравольскага выклікалі ў Сьледчы камітэт: «Плямы маёй крыві ў судзе сьледчых не зацікавілі»


Павал Дабравольскі
Павал Дабравольскі

27 студзеня журналіста парталу tut.by Паўла Дабравольскага, якога ў панядзелак зьбілі міліцыянты ў Фрунзенскім судзе Менску, выклікалі на размову ў Сьледчы камітэт. Павал распавёў, пра што ў яго пыталіся і як праходзіла размова.

«Гэта было ў будынку Сьледчага камітэту на вуліцы Сапёраў, размова праходзіла цягам 3 гадзін. Са мной размаўляў супрацоўнік Сямён Піцко, але я не магу сказаць, была гэта праверка ці што. Задаваў шмат пытаньняў пра тое, што адбылося, дэталёва ўсё распытваў. Я намаляваў яму схему, дзе што было. Але ў мяне склалася ўражаньне, што ён быў настроены неяк перадузята. Бо часам нэрвова рэагаваў на мае адказы, калі я нешта ня мог патлумачыць. Былі моманты, калі ён літаральна пераходзіў на крык.

— Можаце нейкае слова згадаць, якое ён выкрыкваў на вас?

— Ня памятаю дакладна, без мацюкоў абышлося, але такі павышаны тон быў, нейкі псыхалягічны ціск. Крычаў, калі задаваў некаторыя пытаньні. Адпачатку, як мне падалося, яго вельмі разгубіла тое, што на маім мабільным ёсьць запіс усіх падзеяў, якія адбываліся ў пакоі, дзе нас зьбівалі. Я ж калі з калідора суду пайшоў усьлед за хлопцамі, дык уключыў відэа. Сэкундаў 20 яно пісалася, а потым, як пачалі зьбіваць, я заблякаваў тэлефон, але гук працягваў пісацца. Нават калі тэлефон ляжаў на стале, гук ёсьць. Дык вось сьледчы захацеў, каб я аддаў яму мабільнік. Але я адмовіўся і паклаў яго ў кішэню, сказаўшы, што ён зможа забраць толькі празь сілу. Адчапіўся. А сам таксама нечага ад мяне нібыта як баяўся. Мабільны тэлефон загадаў адразу выключыць. Не дазволіў каля сябе сядзець, пасадзіў у дальнім куце кабінэту і гэтак размаўлялі, на адлегласьці. А калі я палез у кішэню пакласьці пашпарт, дык ён ускочыў: А што вы робіце? — і давай аглядаць мае кішэні. Можа, баяўся, што я прыйшоў да яго са схаванай камэрай, ці што? Такая была зь ягонага боку незразумелая падазронасьць.

Адпачатку, як мне падалося, яго вельмі разгубіла тое, што на маім мабільным ёсьць запіс усіх падзеяў, якія адбываліся ў пакоі, дзе нас зьбівалі

— Вы прапаноўвалі зьбіраць доказы зьбіцьця? Як сьледчы рэагаваў?

— Асабліва доказы нікога пакуль не цікавяць. Яшчэ ўвечары ў панядзелак з намі размаўляў супрацоўнік Сьледчага камітэту, кабінэт якога знаходзіцца ў Фрунзенскім РУУС, дык я распавядаў яму, што ў судзе на падлозе кабінэту, дзе нас зьбівалі, ёсьць лужына маёй крыві. Гэта кроў, якая выцекла з маёй раны на разьбітай сківіцы. Нават калі яе выцерла прыбіральшчыца, можна было адмысловай апаратурай гэтую кроў зафіксаваць. Але нічога гэтага, як я цяпер разумею, не зрабілі. Нам нават не далі, як абяцаў той супрацоўнік, накіраваньня на экспэртызу.

— І што паказала экспэртыза?

— Яшчэ вынікаў няма. Учора мы за свае грошы прайшлі экспэртызу, зьнялі пабоі. Вынікі будуць заўтра, і сьледчы Сямён Піцко сказаў іх прывезьці яму. І яшчэ сказаў, што пакліча мяне, калі будзе патрэба. Увечары, ужо пасьля размовы са сьледчым, мне патэлефанаваў Максім Шыцік і сказаў, што іх на заўтра таксама выклікаюць у Сьледчы камітэт на размову. Я таксама зьбіраюся адвезьці сьледчаму свой мабільнік, але, зразумела, калі аднаўлю там усе запісы. Таксама сказаў адвезьці яму парваныя штаны і куртку, якія могуць быць рэчавымі доказамі.

Журналіст парталу Tut.by Павал Дабравольскі быў моцна зьбіты пасьля таго, як пачаў здымаць затрыманьне і зьбіцьцё актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка ў Фрунзенскім судзе Менску. Актывістаў вывелі з судовай залі, дзе праходзіў працэс над графіцістамі. Павал Сяргей і Максім Шыцік дасталі ў судзе расьцяжку «Не палітычным перасьледам» і выкрыквалі: «Мастацтва — не злачынства».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG