Лінкі ўнівэрсальнага доступу

TUT.BY зьвярнуўся да начальніка міліцыі і пракурора ў сувязі са зьбіцьцём свайго журналіста


Павал Дабравольскі

Павал Дабравольскі

26 студзеня партал TUT.BY накіраваў зварот начальніку ГУУС Аляксандру Барсукову і пракурору Менску Сяргею Хмаруку ў сувязі з затрыманьнем і зьбіваньнем журналіста Паўла Дабравольскага супрацоўнікамі АМАПа.

Журналіст TUT.BY быў затрыманы і зьбіты ў будынку суду Фрунзенскага раёну Менску, дзе ён знаходзіўся па заданьні рэдакцыі — асьвятляў ход судовага працэсу па «справе графіцістаў».

TUT.BY нагадвае палажэньні Закону аб СМІ, згодна зь якімі «журналіст мае права зьбіраць, запытваць і атрымліваць інфармацыю зь дзяржаўных органаў, прысутнічаць ... у месцах грамадзка важных падзеяў. Незаконнае абмежаваньне свабоды масавай інфармацыі не дапускаецца. Ажыцьцяўляць відэаздымку ў калідоры суда, у месцы, даступным для масавага наведваньня, заканадаўствам не забаронена».

На TUT.BY лічаць, што работнікі органаў унутраных спраў, якія праводзілі затрыманьне актывістаў, груба парушылі закон.

Супрацоўнікі партала таксама зьвяртаюць увагу на абставіны, пры якіх праходзіў суд над самім Паўлам: «Суд прыняў пастанову, грунтуючыся выключна на „паказаньнях“ супрацоўнікаў АМАПа, якія незаконна затрымлівалі і зьбівалі журналіста».

TUT.BY выказвае абурэньне паводзінамі супрацоўнікаў АМАПу і знаходзіць у іх дзеяньнях прыкметы як мінімум двух злачынстваў, прадугледжаных арт. 198 КК Рэспублікі Беларусь «Перашкода законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста» і арт. 426 КК Рэспублікі Беларусь «Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў».

Павал Дабравольскі ўжо зьвярнуўся з заявай аб супрацьпраўных дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі ў Фрунзенскі раённы аддзел Сьледчага камітэту, а таксама прайшоў працэдуру зьняцьця пабояў.

«Улічваючы асаблівую грамадзкую значнасьць захаваньня законнасьці з боку супрацоўнікаў органаў правапарадку, а таксама забесьпячэньня свабоды слова як аднаго з асноўных правоў чалавека ў цывілізаваным грамадзтве, просім старанна разабрацца ў абставінах дадзенай справы і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці», — гаворыцца ў звароце.

XS
SM
MD
LG