Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вольнай журналістыкі захацеў — на, атрымай». І нагой» — Дабравольскі ня зьдзіўлены рэакцыяй міліцыі


Павал Дабравольскі

Павал Дабравольскі

Міліцыя лічыць зьбіцьцё журналіста і дваіх актывістаў законным. Адзін са зьбітых, Павал Дабравольскі, кажа, што іншай рэакцыі і не чакаў.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе менскага ГУУС, 25 студзеня ў залі суду сталічнага Фрунзенскага раёну разам з двума актывістамі быў затрыманы «грамадзянін П. Дабравольскі, які пранікнуў у службовае памяшканьне, дзе знаходзіліся парушальнікі правапарадку, перашкаджаў законным дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі, на заўвагі спыніць свае супрацьпраўныя дзеяньні не рэагаваў». Дадаецца, што «для спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў ужывалася фізычная сіла», па факце «праводзіцца праверка».

Іх папярэджаньне — удар нагой па твары, гэтыя людзі няздольныя ні на якія папярэджаньні.

«Я пранікнуў хіба ў калідор, у які вывелі гэтых хлопцаў, пайшоў за імі здымаць відэа, — распавёў Павал Дабравольскі Свабодзе. — Літаральна два крокі зрабіў, бо стаяў якраз там. А ў само службовае памяшканьне, як там пішуць, мяне ўжо закінулі і пачалі зьбіваць. Я туды не трапляў сам, мяне туды наўмысна сілком адправілі. І там пачалі зьбіваць. Ніякіх папярэджаньняў я ня чуў, іх папярэджаньне — удар нагой па твары, гэтыя людзі няздольныя ні на якія папярэджаньні. І яны бачылі маё пасьведчаньне — вырвалі з рук і сказалі: „Вольнай журналістыкі захацеў — на, атрымай“. І нагой».

Дабравольскі ня зьдзіўлены, што міліцыя не прызнае факт зьбіцьця, і называе такую рэакцыю лягічнай і прадказальнай:

Галоўнае, каб у гісторыю ўвайшлі прозьвішчы гэтых людзей. А там праз два гады, празь дзесяць год мы да гэтай справы вернемся.

«Асабіста я ня веру, што гэтых людзей, АМАПаўцаў, засудзяць і адправяць у турму. Але галоўнае, каб у гісторыю ўвайшлі прозьвішчы гэтых людзей. А там праз два гады, празь дзесяць год мы да гэтай справы вернемся. Я гэтых людзей бачыў на відэа, запомніў, аднаго мы ўжо ведаем імя-прозьвішча — і астатніх даведаемся».

Дабравольскі гутарыў з карэспандэнтам Свабоды ў той час, як здымаў пабоі. Ён напісаў у міліцыю заяву пра зьбіцьцё, якую накіруюць у Сьледчы камітэт. Таксама ён ня лічыць правамерным прызначаны яму штраф у 9 мільёнаў за «непавагу да суду» і «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням».

XS
SM
MD
LG