Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч: «Гавары праўду» сьвяткавала амаральную перамогу


Зьміцер Дашкевіч: «Гавары праўду» сьвяткавала амаральную перамогу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:11:53 0:00
Наўпроставы лінк

У чарговай перадачы Віталя Цыганкова сэрыі «Інтэрвію тыдня» — лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч. Ён адказвае на пытаньне, чаму прыйшоў 11 кастрычніка на Кастрычніцкую плошчу, што адбылося за гэтыя гады з Маладым Фронтам, што ён думае пра працэнты Тацяны Караткевіч і чаму апазыцыі варта ўдзельнічаць у наступных парлямэнцкіх выбарах.

— Здаецца, гэта першая выбарчая кампанія, стаўленьне да якой настолькі абыякавае і індыфэрэнтнае ў многіх людзей. Як гэта варта ацаніць?

«Толькі дзякуючы Плошчы ў нас дагэтуль не Туркмэнія»

— Ацаніць можна па-рознаму. Некаторыя кажуць, што гэта нават дасягненьне, што выбарчая кампанія завяршылася, а болю няма. Ацаніць можна і нэгатыўна — не было там ніякіх мэтаў, ніхто ні да чога не імкнуўся. Эмоцыяў у сувязі з гэтай кампаніяй няма — як у палітычных актывістаў, гэтак і ў «звычайных» людзей, зь якімі я сустракаюся на працы.

— 11 кастрычніка вы былі на Кастрычніцкай плошчы, і гэта было зафіксавана ў нашым жывым тэлеэфіры. Чым для вас быў прыход на плошчу (не зь вялікай літары, а з малой) 11 кастрычніка? «Не магу не прыйсьці»?

— Так, у гэтым быў пэўны маральны абавязак. Я не магу для сябе ўявіць, як я сяджу на канапе ці ў крэсьле, гляджу Свабоду... я адчуваю пэўны маральны абавязак — трэба прыйсьці, як бы ні было сумна і беспэрспэктыўна.

— Ці правільна было тое, што апазыцыйныя лідэры загадзя казалі, што Плошча не патрэбная?

— У дачыненьні да тых палітыкаў, якія балятаваліся на прэзыдэнта — я лічу, гэтая пазыцыя была няправільная і несумленная. Бо палітычныя сілы. калі заклікалі на Плошчу — заклікалі туды ня проста пагуляць, а заклікалі з той мэтай, што толькі на плошчы Лукашэнка лічыць нашы галасы. І толькі дзякуючы Плошчы ў нас дагэтуль не Туркмэнія з 95 працэнтамі.

Усё ж такі Лукашэнка вымушаны лічыцца, і толькі дзякуючы той меншасьці, якая пратэстуе, мы маем пэўную прастору свабоды. Калі кандыдаты кажуць — «ня трэба хадзіць на Плошчу», гэта азначае, што яны загадзя згаджаюцца з тымі некалькімі працэнтамі, якія ім піша Лукашэнка.

«Яны не пасаромеліся выпрошваць у яго ў жывым эфіры двухзначную лічбу. Атрымалі адназначную лічбу. І нават у іх хапіла сумленьня яшчэ гэта сьвяткаваць з кілішкамі»

— З гэтага пункту гледжаньня як вы ацэніце выбарчую кампанію Тацяны Караткевіч?

— Я адпачатку ставіўся нэгатыўна. Па-першае, я не ўспрымаю гэтую рыторыку, якая накіраваная на згодніцтва і супрацоўніцтва з рэжымам. За гэтыя 20 гадоў розныя палітычныя сілы спрабавалі зь ім супрацоўнічаць, перавыхоўваць — і кожны раз гэта заканчвалася паразай і ганьбай. Тое самае і цяпер.

Людзі атрымалі тое, да чаго імкнуліся. Яны не пасаромеліся выпрошваць у яго ў жывым эфіры двухзначную лічбу. Атрымалі адназначную лічбу. І нават у іх хапіла сумленьня яшчэ гэта сьвяткаваць з кілішкамі. Як слушна сказаў адзін актывіст — «калі раней „Гавары праўду“ абвінавачвала апазыцыю ў „маральных перамогах“, то цяпер яны сьвяткавалі амаральную перамогу».

— У нашым выбарчым эфіры Мікола Статкевіч якраз казаў, што беларуская ўлада прызнае толькі дзьве формы — альбо ты перад ёй на каленях, альбо ты актыўна змагаесься супраць. Ці пацьвердзілі гэтыя выбары гэты тэзіс?

— Гэтыя выбары чарговы раз засьведчылі праўдзівасьць гэтага тэзісу. Ужо не цікава пра гэта размаўляць, бо трэці дзясятак год адно і тое ж.

— Тады якраз давайце пагаворым пра барацьбу. 10 кастрычніка адбыўся зьезд Маладога Фронту. І, на думку многіх, гэта было ня надта вясёлае відовішча. Сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Былая слава арганізацыі, якая калісьці налічвала некалькі тысяч і самастойна зьбірала тысячныя масавыя акцыі, даўно прайшла. Як вы на гэта ўсё гледзіце?

— Сябры, усё спасьцігаецца ў параўнаньні. Мы праводзілі дзьве сэсіі, на іх пабывала каля 65 чалавек. Так, на сёньня гэта патэнцыял арганізацыі — 50–100 чалавек, якія могуць сустракацца, нешта разам рабіць. І я мяркую, што 50 чалавек, які ведаюць, чаго яны хочуць — гэта рух, зь якім будуць лічыцца.

Мы можам бачыць апошнія акцыі апазыцыі. Калі абвесткі былі на ўсіх асноўных сайтах, якія чытаюць сотні тысяч — а акцыя зьбірае 300–500 чалавек. Гэта што? Гэта цяперашні патэнцыял беларускага грамадзтва. І ў гэтай сытуацыі нашы 50–100 чалавек — гэта кепска? Нам трэба пасыпаць галаву попелам? Я лічу, гэта на сёньня аб’ектыўны вынік, арыентуючыся на які, трэба і працаваць далей.

— Адзін з вашых паплечнікаў, былы маладафронтавец Іван Шыла, даў інтэрвію Белсату, дзе распавёў пра свае расчараваньні ад апазыцыйнай дзейнасьці, якая не прыносіць ані маральных, ані матэрыяльных дывідэндаў. Як вы на гэта адрэагуеце?

«Разумееце, сказаць, што „ўсё кепска“ — для гэтага шмат мазгоў ня трэба. Усё кепска!»

— Асабіста я ніколі не ішоў у апазыцыю, у Малады Фронт па нейкія дывідэнды. Наадварот, я адразу разумеў, што гэтая дзейнасьць можа быць зьвязаная з пэўнымі праблемамі. Калі нехта там палюе на дывідэнды — калі ласка, гэта ягоная асабістая стратэгія.

Разумееце, сказаць, што «ўсё кепска» — для гэтага шмат мазгоў ня трэба. Усё кепска! Для гэтага ня трэба факультэты паліталёгіі сканчаць. Нам трэба адказаць на іншае пытаньне — што правільна? Што правільна перад Божым абліччам тут і цяпер рабіць? Правільна размаўляць па-беларуску і выхоўваць сваіх дзяцей? Выхоўвай. Правільна займацца бізнэсам? Калі ласка, займайся. У гэтым артыкуле Шыла прыводзіць і мой прыклад, і Франка Вячорку. Добра, вазьмі прыклад з Франка, які займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю, распаўсюджвае нацыянальныя сымбалі. Ёсьць мажлівасьці займацца шмат якой дзейнасьцю — калі ты ня ставіш матэрыяльныя дывідэнды па-над усім.

— А што правільна ў палітычным сэнсе? Пасьля гэтай выбарчай кампаніі неўзабаве пачнецца новая, парлямэнцкая ў 2016-м годзе. У мяне такое ўражаньне, што будзе дэжавю і зноў пачнуцца нашы вечныя дыскусіі пра ўдзел і байкот. Які ваш падыход?

заўтра прыйдуць перамены, а подпісы ўмеюць зьбіраць толькі БРСМаўцы

— Я б параіў разьмяжоўваць выбарчыя кампаніі. Прэзыдэнцкая кампанія нясе вельмі значны палітычны, міждзяржаўны чыньнік. І калі апазыцыя ня мае адзінага кандыдата ці ўвогуле ня мае кандыдата — то, вядома, такія выбары трэба байкатаваць. Парлямэнцкія і мясцовыя выбары не нясуць ніякай палітычнай нагрузкі. Таму я актывістам Маладога Фронту заўсёды раю ўдзельнічаць, каб мець досьвед збору подпісаў, камунікацыі з насельніцтвам. Бо заўтра прыйдуць перамены, а подпісы ўмеюць зьбіраць толькі БРСМаўцы. Таму я буду рэкамэндаваць актывістам МФ удзельнічаць і атрымліваць гэты досьвед.

— Беларускае грамадзтва, здаецца, дайшло да нейкага ніжняга пункту ў адсутнасьці палітычнай актыўнасьці, жаданьня змагацца за нешта. Што можа абудзіць людзей, штурхнуць іх наверх?

— Я думаю, што нешта будзе адбывацца. Я зыходжу з таго, што Бог кіруе народамі, гісторыяй. І ў гэтым пляне тое, што адбываецца ва Ўкраіне, — вялікае Божае дзеяньне на нашай частцы кантынэнту. І Беларусь у гэтай сытуацыі ня можа быць па-за працэсам, калі Бог руйнуе рэшткі імпэрыі зла — СССР, Расеі. Для мяне бясспрэчна, што Беларусь будзе ў гэтым працэсе і што грамадзкая актыўнасьць узмоцніцца.

Для палітычных актывістаў галоўнае — трымаць руку на пульсе, ставячы перад сабой дасягальныя мэты. Чаму апазыцыя, на маё перакананьне, ня мае аўтарытэту? Бо словы разыходзяцца зь дзеяньнямі. Чаму такія людзі, як Статкевіч і Севярынец, маюць найбольшы маральны аўтарытэт? Бо ў іх словы максымальна збліжаныя зь дзеяньнямі. І гэта прыклад для ўсёй апазыцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG