Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лялькоў: «Тацяна Караткевіч — адкрытая, эмацыйная, вельмі пазытыўны чалавек»


Ігар Лялькоў: Той, хто заклікае Караткевіч зьняцца, працуе на легітымізацыю Лукашэнкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:16:19 0:00
Наўпроставы лінк

Сёньняшні герой перадачы «Інтэрвію тыдня» — намесьнік старшыні БНФ Ігар Лялькоў, давераная асоба Тацяны Караткевіч, які амаль штодня суправаджае кандыдатку ў прэзыдэнты ў яе паездках па рэгіёнах. Ён тлумачыць, наколькі рэальная Тацяна Караткевіч супадае зь яе палітычным вобразам, чаму правацэнтрысцкі палітык падтрымлівае левыя тэзісы кандыдаткі і ці не пачнецца пасьля выбараў чарговая ўнутрыпартыйная чыстка ў БНФ.

— Апошнія месяцы вы амаль штодня езьдзіце з Тацянай Караткевіч па рэгіёнах. Чаму ў вашай кампаніі такі націск зроблены менавіта на малыя гарады, раённыя цэнтры? Гэта наўмысная стаўка?

— Так, гэта наўмысная стаўка. Бо мы ведаем, што ў Менску людзі нашмат больш інфармаваныя. Людзі карыстаюцца інтэрнэтам, маюць больш магчымасьцяў здабыць інфармацыю, у тым ліку пра кандыдата ў прэзыдэнты. А ў рэгіёнах фактычна ўсё, што яны бачаць, — гэта БТ, дзе Тацяна была за ўсю кампанію 1 гадзіну і 18 хвілін. Таму мы адмыслова зрабілі стаўку на рэгіёны.

— І як ваша адчуваньне пэрсанальнае? Ці апраўдалася гэтая стаўка? Бо карціна, як сьведчаць журналісты, зусім неаднародная — часам прысутнічаюць сотні людзей, а часам на пікет прыходзяць каля дзясятка. У цэлым якое ваша ўражаньне?

— Цалкам пазытыўнае. Я лічу, што стаўка на рэгіёны згуляла сваю ролю, у тым ліку і для падвышэньня рэйтынгу кандыдата. Нават калі прыходзяць 20–30 чалавек — то для малога гораду гэта значыць, што пра гэта даведаюцца ў некалькі разоў болей. Бо гэта ўжо падзея для малога гораду, бо пойдуць чуткі, што тут быў кандыдат у прэзыдэнты, вельмі просты, адкрыты, да якой можна падысьці, паціснуць руку, задаць пытаньне. Гэта ўсё вельмі пазытыўна ўплывае на імідж кандыдата.

Мы бачым, як зь цягам часу мяняліся адносіны да Тацяны. Калі напачатку можна было сустрэць нейкую насьцярожанасьць, людзі глядзелі часам збоку, то апошнія сустрэчы праходзяць у вельмі пазытыўнай атмасфэры. І гэта эмацыйны падмацунак для самога кандыдата — яна бачыць, што працуе недарэмна.

— Дарэчы, наконт эмоцыяў. Публічныя выступы і інтэрвію Тацяны Караткевіч часам выклікаюць крытыку ў тым сэнсе, што яны зробленыя як паводле шаблёну. Тацяна нібыта кажа тое, што ёй падказваюць паліттэхнолягі. Наколькі адрозьніваецца Тацяна Караткевіч у тэлеэкране і ў жыцьці?

— Натуральна, што да выступаў у тэлеэфіры кандыдат рыхтуецца. Гэта ня значыць, што яна кажа чужыя фразы. Але ёсьць задача прагаварыць нейкія рэчы, данесьці пэўны мэсыдж, і трэба, каб у гэты паўгадзінны выступ на БТ трапіла як мага больш пунктаў праграмы. Што тычыцца непасрэднага кантакту з выбарцамі, то яна сапраўды больш адкрытая, эмацыйная, і людзі гэта адчуваюць. Яна вельмі пазытыўны чалавек насамрэч у непасрэдным кантакце. Я думаю, вы таксама зь ёй размаўлялі як чалавек з чалавекам...

— Яна са мной размаўляла ўсё ж як з журналістам і была ў такім даволі насьцярожаным настроі...

— Ну, можа, тут ваша пэрсона ўплывала, тое, з кім яна размаўляла. Але ў непасрэдным кантакце зь людзьмі яна больш адкрытая, эмацыйная, пазытыўная, чым на экране тэлевізара.

— Ці няма ў яе такога настрою — «я вымушаная гуляць такую ролю, але на самой справе я зусім іншая. Хацела б быць больш шчырай, эмацыйнай — але, на жаль, мне нельга»?

Палітык вымушаны арыентавацца на аўдыторыю і падстройвацца пад электарат

— Ведаеце, у любым палітыку разьмяжоўваюцца асоба і імідж палітыка. Як правіла, на сто працэнтаў супадаць яны ня могуць. Бо палітык вымушаны арыентавацца на аўдыторыю і падстройвацца пад электарат. Гэта нармальна, у прынцыпе.

— Вы намесьнік старшыні партыі БНФ, якая ў пэўны час прыняла рашэньне выйсьці з кампаніі Караткевіч. Як стасуецца ваш удзел у кампаніі Караткевіч з тым, што вырашыла партыя?

— Рашэньне прыняў толькі Сойм, і там быў адзін радок літаральна, што Партыя БНФ выходзіць з кампаніі Тацяны Караткевіч. Не было ніякага рашэньня, каб асобным сябрам партыі ня ўдзельнічаць у кампаніі. Сярод 30 давераных асобаў кандыдаткі — 7 сябраў Партыі БНФ. Столькі ж прыблізна сябраў Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Што да аднапартыйцаў, то, вядома, ёсьць розныя думкі. Некаторыя лічаць, што рашэньне Сойму было слушным, некаторыя — памылковым. Прынамсі, большасьць тых людзей, зь якімі я камунікую ў партыі — з разуменьнем ставяцца да маёй пазыцыі і працы ў кампаніі Караткевіч.

— Ці не пачнецца з гэтай нагоды ўнутрыпартыйная чыстка?

— Я вельмі спадзяюся, што не. Думаю, што чыстак у партыі ня будзе. Хопіць. Гэты пэрыяд застаўся далёка ззаду. Вядома, будзе нейкі аналіз таго, як партыя паўдзельнічала ў гэтай кампаніі.

— Партыя БНФ — правацэнтрысцкая, як мінімум. Але тое, што мы бачым у кандыдацкай праграме Караткевіч, — гэта вельмі левыя тэзісы, фактычна сацыялістычныя. Ці няма тут у вас дысанансу, што вы ўдзельнічаеце ў кампаніі кандыдата, які ад вас палітычна даволі далёкі?

— Сама Тацяна Караткевіч — сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) — таму яе перакананьні нашмат больш левыя, чым перакананьні сябра БНФ. Але калі мы ўзгадаем 2001 і 2006 год...

— Але тады быў адзіны кандыдат...

— Тацяна Караткевіч па факце таксама зьяўляецца адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў на гэтых выбарах. У камандзе Караткевіч ёсьць людзі з самых розных палітычных сілаў, мы яе ўспрымаем менавіта як адзінага кандыдата. Яны выступае ў першую чаргу з праграмай пераменаў, і гэта галоўнае для нас, а не сацыялістычныя пункты ў яе праграме.

— За гэтыя месяцы аргумэнты «за» і «супраць» удзелу ў гэтых выбарах гучалі ўжо шмат разоў. Нагадаю галоўныя супраць удзелу — «выбараў няма, рэальнай альтэрнатывы гэты кандыдат не прадстаўляе, бо не заклікае адстойваць свой выбар, змагацца за яго». Як вы патлумачыце, чаму дэмакратычны кандыдат павінен пайсьці і прагаласаваць за Караткевіч?

— У першую чаргу таму, што мы павінны прадэманстраваць сьвету і краіне, што ў Беларусі вельмі шмат людзей (а я думаю, што нават большасьць) хоча пачатку мірных перамен. Гэтае галасаваньне будзе дэманстрацыяй таго, колькі рэальна людзей у Беларусі хочуць гэтых пераменаў.

Шмат кажуць пра легітымізацыю рэжыму. Дык вось, калі б Караткевіч зьняла сваю кандыдатуру, то што б перашкаджала Лукашэнку правесьці цалкам празрысты падлік галасоў? Пры такой раскладцы ён без усялякіх фальсыфікацыяў набірае свае працэнты, і ў міжнароднай супольнасьці ня будзе ніякіх падставаў не прызнаць гэтыя выбары. То бок той, хто заклікае Караткевіч зьняцца — ён працуе на легітымізацыю.

— Заўважце, я пра «легітымізацыю» не казаў, мая прэтэнзія ў іншым. Я ня бачу ў кампаніі Караткевіч жаданьня рэальнай барацьбы. Ну, абвесьцяць, што Караткевіч набрала 7 працэнтаў, і на гэтым усё.

— Не, ня ўсё. Мы шчыльна супрацоўнічаем з кампаніяй назіраньня «Права выбару», якая выстаўляе каля 1700 назіральнікаў і пакрывае каля 10 працэнтаў усіх участкаў. Гэта ўсё будзе абагульнена, і мы будзем рабіць свае высновы, грунтуючыся на выніках іхняга назіраньня. Калі ў выніках «Права выбару» будзе сказана, што тыя парушэньні дастатковыя для таго, каб лічыць выбары несапраўднымі — то мы будзем абскарджваць гэтыя вынікі і заяўляць міжнароднай супольнасьці, што выбары прызнаваць нельга.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG