Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму насельніцтва скупляе валюту?


За кастрычнік беларусы купілі 380 млн даляраў. Чаму растуць дэвальвацыйныя чаканьні? Як можна супакоіць насельніцтва? Наколькі адэкватныя ў гэтай сытуацыі дзеяньні Нацыянальнага банку?

Удзельнікі: аналітык дасьледчай групы BusinessForecast.by. Аляксандар Муха і дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.


Чаму растуць дэвальвацыйныя чаканьні?


Валер Карбалевіч: «У кастрычніку дэвальвацыйныя чаканьні насельніцтва ўзмацніліся. Чыстая купля наяўнай і безнаяўнай замежнай валюты фізычнымі асобамі ў кастрычніку дасягнула 380 млн даляраў, у параўнаньні зь верасьнем павялічылася на 17%.

Беларусы актыўна пераводзяць рублёвыя дэпазыты ў валютныя, нягледзячы на высокія працэнтныя стаўкі па рублях у банках, а таксама канвэртуюць гатоўку. У чым прычыны такіх настрояў сярод насельніцтва?

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха
Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Аляксандар Муха: «За апошнія пяць месяцаў чысты попыт насельніцтва на валюту склаў каля 1,8 млрд даляраў. Гэта для Беларусі сур’ёзныя лічбы. Рост попыту на валюту зьвязаны з ростам грашовых даходаў насельніцтва і ростам дэвальвацыйных чаканьняў.

Першыя восем месяцаў сёлета заробкі ў краіне істотна расьлі. Мы правялі такое дасьледаваньне. Калі ўзяць заробкі, скарэктаваць іх на падаткі і адлічэньні ў фонд сацыяльнай абароны, пералічыць іх з улікам парытэту пакупніцкай здольнасьці паводле дадзеных МВФ, то аказваецца, што сярэдні заробак беларусаў перавысіў сярэдні заробак у Расеі, Літве, Латвіі, Казахстане, Украіне. Таму, калі зьявіліся лішнія рублі, то насельніцтва за іх купляла валюту».

Карбалевіч: «Узьнікае два пытаньні. Калі рэальныя заробкі ў Беларусі вышэйшыя, чым у Расеі, то чаму не расейцы едуць у Беларусь на заробкі, а беларусы едуць у РФ, каб больш зарабіць?

І другое. Заробкі расьлі ўсю першую палову году. Аднак у гэты пэрыяд насельніцтва больш прадавала валюту, чым купляла. А з другой паловы году сытуацыя памянялася. Кажуць, узрасьлі дэвальвацыйныя чаканьні? Чаму?»

Муха: «Так, узровень дэвальвацыйных чаканьняў у другой палове году значна вышэйшы. Што тычыцца заробкаў. У бягучых цэнах заробкі ў Расеі вышэйшыя, чым у Беларусі. Таму выгадна зарабляць грошы ў РФ, напрыклад, у Маскве ці Санкт-Пецярбургу, а траціць іх у Беларусі. Бо па шмат якіх таварах і паслугах цэны ў Беларусі ніжэйшыя, чым у Расеі».

Аляксандар Чубрык: «Настроі насельніцтва можна выразіць фармулёўкай: „Нешта даўно не было дэвальвацыі“. У апошнія пяць гадоў беларусы перажылі два валютныя крызісы. На Новы год у 2009-м адбылася дэвальвацыя на 20%. І крызіс 2011 году. Давер насельніцтва да эканамічнай палітыкі ўладаў быў страчаны.

І вось цяпер адбываецца паскарэньне аслабленьня рубля. А дэвальвацыі не было два гады. І людзі пужаюцца. Яны бачаць, што рублёвыя банкаўскія стаўкі высокія. Нехта ж за гэта павінен плаціць. І людзі задаюць пытаньне: хто заплаціць за банкет? То бок яны лічаць, што трымаць грошы на дэпазытах у рублях — гэта рызыка. Бо можа здарыцца дэвальвацыя, інфляцыя, і іхнія ўклады абясцэняцца. Таму людзі пачынаюць здымаць рублі, пераводзіць іх у даляры».

Карбалевіч: «Думаю, тут ня толькі ірацыянальныя страхі, псыхалягічныя чыньнікі, але і цалкам рацыянальныя разважаньні ў сувязі з ростам курсу даляра, нарастаньнем адмоўнага сальда знешнегандлёвага балянсу, зьніжэньнем золатавалютных рэзэрваў (за пэрыяд з мая па кастрычнік золатавалютныя рэзэрвы Беларусі скараціліся на 1 млрд 456,9 млн даляраў)».


Як можна супакоіць насельніцтва?


Карбалевіч: «Такі ж валютны ажыятаж быў і напрыканцы 2012 году. Аднак з пачатку 2013 году сытуацыя нармалізавалася. Дзякуючы высокімі рублёвым працэнтным стаўкам у банках цэлых паўгода насельніцтва больш прадавала валюту, чым купляла. Можа, і гэтым разам усё паўторыцца? Або цяперашняя тэндэнцыя незваротная, а дэвальвацыйныя чаканьні больш моцныя?»

Муха: «І сёлета магчымае разьвіцьцё падзеяў паводле падобнага сцэнару, хоць, магчыма, ён расьцягнецца на больш доўгі пэрыяд. Працэнтныя стаўкі па рублёвых дэпазытах будуць высокія.

У зьвязку зь зьніжэньнем тэмпаў росту заробкаў можна чакаць зьмяншэньня куплі валюты. Бо чакаецца павышэньне цэнаў на тавары і паслугі. Найперш — падвышэньне камунальных тарыфаў, цэнаў на транспарт. Грошай на куплю валюты будзе менш.

Некаторыя фізычныя і юрыдычныя асобы бяруць цяпер крэдыты, спадзеючыся, што дэвальвацыя і інфляцыя абясцэняць іх. Таму палітыка грашовых уладаў па абмежаваньні крэдытаваньня выглядае апраўданай».

Чубрык: «Год таму сытуацыя была нашмат прасьцейшая. Бо давер насельніцтва да эканамічнай палітыкі ўладаў быў мацнейшы. І сытуацыя з вонкавым гандлем не была такой драматычнай. І цяпер ёсьць праблемы з экспартам калію і нафтапрадуктаў (Расея скараціла пастаўкі нафты ў апошнім квартале). Стварылася складаная сытуацыя з экспартам у РФ нашых прамысловых тавараў. Трэба плаціць даўгі.
Мы падышлі да сытуацыі, калі будзем вымушаны прайсьці праз шок з гледзішча даходаў насельніцтва. І ўсё дзеля таго, каб пазьбегнуць шоку на валютным рынку

Таму рэакцыя з боку эканамічных уладаў павінна быць больш істотная, чым год таму. І жорсткая крэдытна-грашовая палітыка павінна быць падтрыманая палітыкай ураду.

Улады абмежавалі інвэстыцыйныя праграмы, абмежавалі рост заробкаў і пэнсіяў. Калі яшчэ вырастуць цэны на тавары і паслугі, то шмат людзей ня толькі ня будуць купляць валюту, а наадварот, здымуць даляры з дэпазытаў, каб траціць на жыцьцё. Мы падышлі да сытуацыі, калі будзем вымушаны прайсьці праз шок з гледзішча даходаў насельніцтва. І ўсё дзеля таго, каб пазьбегнуць шоку на валютным рынку».


Ацэнка дзеяньняў уладаў


Карабалевіч: «Наколькі адэкватныя ў гэтай сытуацыі дзеяньні Нацыянальнага банку? Ягоная жорсткая крэдытна-грашовая палітыка, абмежаваньні крэдытаваньня ці здольныя зьбіць дэвальвацыйныя чаканьні?»

Муха: «Палітыка грашовых уладаў апраўданая. Але, магчыма, дзесьці варта заняць больш жорсткую пазыцыю. Трэба адзначыць, што асноўны ўклад у нэгатыўную дынаміку ўнутранага валютнага рынку ўносіць насельніцтва. Па сутнасьці, мы самі разгойдваем човен, у якім знаходзімся. Калі б насельніцтва за чэрвень-кастрычнік не купіла 1,8 млрд даляраў, а прадало, то рубель бы не аслабляўся ў дачыненьні да даляра, а наадварот, узмацняўся б. І я б перасьцярог людзей браць шмат рублёвых крэдытаў. Бо працэнты вялікія, і ў іх могуць узьнікнуць праблемы зь іх вяртаньнем.
Я б перасьцярог людзей браць шмат рублёвых крэдытаў

Да канца году павінен прыйсьці заключны транш ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС у памеры 440 млн даляраў. Сам факт паступленьня гэтага крэдыту можа хоць на час супакоіць насельніцтва і бізнэс. І гэты чыньнік можа скараціць попыт на валюту.

З гледзішча так званага рэальнага эфэктыўнага курсу беларускага рубля ў адносінах да кошыка валютаў нашых асноўных гандлёвых партнэраў правядзеньне ступеньчатай дэвальвацыі намінальнага курсу беларускага рубля выглядае немэтазгодным. Мы лічым, што беларускія экспартэры павінны імкнуцца да паляпшэньня няцэнавых чыньнікаў канкурэнтаздольнасьці, а не спадзявацца на дэвальвацыю. Бо дэвальвацыя — гэта бязвыплатная субсыдыя экспартэрам за кошт астатніх удзельнікаў эканомікі, уключна з насельніцтвам. Досьвед папярэдніх дэвальвацыяў не дазволіў у сярэднетэрміновай пэрспэктыве вырашаць праблемы экспартэраў. Бо гэтыя праблемы зьвязаныя з структурнымі прычынамі».

Чубрык: «Эканамічныя ўлады робяць крокі ў правільным кірунку. Але я згодзен, што для вырашэньня сярэдне- і доўгатэрміновых праблемаў патрэбныя структурныя зьмены».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG