Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 лістапада чарговы раз павышаюцца тарыфы на электраэнэргію, цяпло і газ для насельніцтва. Так, электраэнэргія стане даражэй на 8,3%, цяпло — на 6,8%. Апошнім разам яны даражэлі месяц таму, з 1 кастрычніка. Як у грамадзтве ставяцца да чарговага павышэньня коштаў камунальных паслугаў і ці вытрымаюць людзі такія тэмпы росту?

Многіх людзей павышэньні коштаў і тарыфаў зь першага чысла кожнага месяца ўжо не зьдзіўляюць. І нават пэнсіянэры ставяцца да росту цэнаў хоць і адмоўна, але з разуменьнем:

«Я ведаю, што газ падаражэў і электраэнэргія, а вось на колькі — я ня ведаю. Пэнсія павысілася на 5%, праезд па горадзе — на 25%, а міжгорад — на 35%. І толькі шоў розныя ладзяць».

«Ну як можна ставіцца да чарговага павышэньня? Канечне, дрэнна. Пэнсіянэрам асабліва цяжка. Але ж, відаць, не атрымліваецца ў дзяржавы, каб не павышаць кошты».

«Я ня чула пра падаражэньні сёньняшнія. Быццам бы і тэлевізар глядзела. Але, відаць, так трэба. Значыць, нечага не хапае, калі ўсё даражэе».

«Ну як можа ставіцца народ да падаражэньняў? Вельмі адмоўна. Але ў нас не пытаюцца».

«Я чула, што электрычнасьць, камуналка даражэлі ў кастрычніку. І цяпер зноў? Ну што ж, эканоміць будзем. Вядома, пэнсіі ня хопіць».

«Чуў пра падаражэньні яшчэ ўчора. Дык пра сьвятло і цяпло хоць абвясьцілі, а малако, хлеб два разы на тыдзень даражэюць на 100, на 200 рублёў без папярэджаньня. А тут абвясьцілі…»

Днямі ў Беларусі скончыла працу чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду, якая паставіла перад краінай пэўныя ўмовы: давесьці аплату паслугаў ЖКГ і транспарту насельніцтвам да 100%. Але такіх тэмпаў, якія ўзяў урад, народ проста ня вытрымае, лічыць эканаміст, прафэсар Барыс Жаліба:

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

«Калі кожны месяц ідзе павышэньне, то такі графік недапушчальны. Як сказаў міністар эканомікі, у наступным годзе заплянавана, што народ будзе аплачваць 50% сабекошту камунальных паслугаў. Адразу паўстае пытаньне: а зь якіх крыніцаў народ возьме гэтыя грошы, калі зарплата фактычна замарожваецца? Так, вядома, што МВФ як крэдытор ставіў ураду Беларусі адну з умоваў — давесьці пакрыцьцё жыльлёва-камунальных паслугаў да 100%. Гэта стандарты эканамічна разьвітых краінаў, дзе адпаведная і зарплата, не параўнаць яе ўзровень з нашай. А тут, не даводзячы заробкі да патрэбнага ўзроўню — а сёньняшняя эканоміка гэта і ня ў стане зрабіць, — з нашых кішэняў вытрасаюць апошнія грошы. Так можна давесьці народ да галечы».

Ад 1 лістапада ў Беларусі зь пераліку сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца ўрадам, выключаны сем пазыцыяў: мясныя фаршы, лівэрная і крывяная каўбасы, пяльмені, сыры, соль, гарбата, кава. Як паказвае практыка, калі цэны адпускаюць, яны мяняюцца толькі ў адзін бок — у бок павышэньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG