Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на «Кераміне»: Мы ўжо наеліся прыватнікаў


Пасьля занядбанага «Барысаўдрэву» Лукашэнка выправіўся на пасьпяховае менскае прадпрыемства «Керамін». Гэтым разам ён нікога ня звольніў і не пагражаў чыноўнікам крымінальнымі справамі.

Прадпрыемства «Керамін» яшчэ з часоў, калі яго ачольваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, а затым віцэ-прэм’ер Анатоль Цюцюноў, заўжды было сярод самых пасьпяховых. Яго прадукцыя — керамічная плітка і сантэхніка — у вялікіх аб’ёмах пастаўляецца і на ўнутраны рынак, і на экспарт.

Праўда, сям’і Цюцюновых — бацька і сын займалі дзьве кіроўныя пасады — ужо няма на «Кераміне». Напрыканцы 2011 году дзяржава празь Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры атрымала кантрольны пакет акцыяў прадпрыемства. Сёньня Аляксандар Лукашэнка публічна заявіў, што цяпер доля дзяржавы складае 62%:

«Але гэтага мала. Хтосьці недапрацоўвае. Да сярэдзіны наступнага году павінна быць 80% акцыяў у дзяржаўнай уласнасьці».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што «гэта прадпрыемства народнае, створанае на сродкі народа, і яно належыць народу». Ён дадаў: «Мы ўжо наеліся прыватнікаў», «Як толькі якісьці абвал — значыць, жулік, прыватнік недапрацаваў».
Як толькі якісьці абвал — значыць, жулік, прыватнік недапрацаваў

Гэтыя заявы былы бізнэсовец і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец ацэньвае як працяг курсу на зьнішчэньне прыватнай ініцыятывы:

«Ужо 20 год гучыць адна і тая ж песьня, што ўсе прадпрымальнікі — злодзеі і жулікі. А чэсныя людзі — гэта толькі сяляне і рабочыя. Яна, гэтая кружэлка, завялася яшчэ з 1917 году, задоўга да Лукашэнкі. Былі лёзунгі: „Фабрыкі — рабочым!“, „Зямля — сялянам!“. Што з гэтага атрымалася, многія добра памятаюць. Памятаюць камуністычны час, калі ў крамах не хапала прадуктаў. Іх, вопратку ды іншыя рэчы выдавалі па талёнах. І мы зноў можам да гэтага прыйсьці».

Ад «Кераміну» Аляксандар Лукашэнка перайшоў да спраў агульнадзяржаўнага маштабу. Ён паведаміў, што ў краіне бліжэйшым часам будзе ўдасканалена сыстэма найманьня на працу. На працягу паўгода ўсе павінны перайсьці на кантрактную форму найму:

«У нас яшчэ шмат людзей працуе без кантрактаў. Няхай прафсаюзы зоймуцца гэтым пытаньнем. Ва ўсім павінен быць парадак. Так робіць увесь сьвет», — адзначыў ён.

Такая пазыцыя незразумелая былому кіраўніку беларускіх прафсаюзаў Уладзімеру Ганчарыку:

«Па-першае, у сьвеце няма таго, каб усе былі на кантрактах. Дый кантракты там зусім не такія. Тут кантракты выконваюць ролю прымусу, а не заахвочваньня да працы і г.д.
У Беларусі хочуць зрабіць так, каб чалавек ня меў ніякай свабоды ў выбары працы

Па-другое, прафсаюзы заўсёды выступаюць супраць кантрактаў, асабліва калі яны парушаюць правы наёмнага працаўніка. Пры чым тут прафсаюзы? Такія выказваньні наводзяць толькі на адну думку — у Беларусі хочуць зрабіць так, каб чалавек ня меў ніякай свабоды ў выбары працы. І каб ён быў у становішчы, бліжэйшым да прыгоннага права».

Сёньня ж Аляксандар Лукашэнка на «Кераміне» параіў яго працаўнікам дый усяму насельніцтву спакойна ставіцца да сытуацыі на валютным рынку:

«Вы бегаеце па абменьніках і чакаеце нейкай дэвальвацыі. Раю вам: не рабіце гэтага і не чакайце ніякай дэвальвацыі. Мы бачым, што сытуацыя стабілізуецца. Таму не патрэбна бегаць», — такім чынам Лукашэнка паўтарыў свой ранейшы заклік.

З падобнымі заявамі кіраўнік Беларусі апошнім часам выступаў ня раз. Аднак, паводле афіцыйных дадзеных Нацыянальнага банку, насельніцтва Беларусі ўжо пяты месяц запар актыўна скупляе замежную валюту. У кастрычніку аб’ём чыстай куплі параўнальна зь верасьнем узрос яшчэ на 17% і склаў больш за 255 мільёнаў даляраў у эквіваленце.

Дарэчы, сёньня на таргах на Беларускай валютна-фондавай біржы даляр адносна рубля падняўся яшчэ на 20 пунктаў. Цяпер ён дасягнуў гістарычнага максымуму — 9270 рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG