Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка абвінаваціў Мытны саюз у правалах беларускай эканомікі? Зь якой прычыны імкліва страчваецца канкурэнтаздольнасьць некаторых галінаў вытворчасьці? Ці ня ёсьць дэвальвацыя адзіным спосабам разгрузіць склады і паправіць адмоўнае сальда замежнага гандлю? На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Леанід Злотнікаў і Міхал Залескі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
Міхал Залескі

Міхал Залескі

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў


Цыганкоў: Ці можна сказаць, што заявы Ўладзімера Сямашкі адлюстроўваюць сур’ёзную занепакоенасьць беларускага ўраду наконт правілаў існаваньня ў Мытным саюзе? Або гэта прапагандысцкі крок, каб патузаць Расею, каб яна дала больш грошай і льготаў? Ці, можа, беларускае кіраўніцтва пачынае сапраўды разумець тое, пра што казалі многія экспэрты — што ў Мытным саюзе шмат якія рэчы нявыгадныя для беларускай эканомікі?


«Ну, калі такі кепскі Мытны саюз з расейцамі — дык давайце ўступім у Эўразьвяз»


Залескі: Пачнём з таго, што беларускі ўрад — гэта не кіраўніцтва Беларусі. Кіруе Беларусьсю адзін чалавек, урад выконвае загады Лукашэнкі і баіцца яго. Гэта адзіны стымул для чыноўнікаў. І выступ Сямашкі накіраваны толькі на тое, каб захавацца ў якасьці адміністратара пры Лукашэнку.

Па сутнасьці тэмы. Сытуацыя такая: адсутнасьць структурных рэформаў, адсутнасьць прамысловай палітыкі вядзе да таго, што ўсё прыходзіць да таго месца, куды яно і ідзе. Бо, як кажуць вясёлыя людзі — «калі людзі ня ведаюць, куды яны ідуць, то яны абавязкова туды прыйдуць». Вось мы туды ўжо і прыходзім. А зараз пачынаюць шукаць вінаватых — і часткова трапляюць на правільныя высновы. Ну, калі такі кепскі Мытны саюз з расейцамі — дык давайце ўступім у Эўразьвяз. Але ж пра гэта гаворка не ідзе.

Цыганкоў: Гаворка ідзе пра тое, што Беларусь хацела б больш спрыяльных умоваў для сваёй прамысловасьці ў гэтым Мытным саюзе. Наколькі такія спадзяваньні абгрунтаваныя?

Залескі: Гэтыя спадзяваньні сфармаваліся даўно. Цалкам арыентуючыся на Маскву, на маскоўскую палітыку і грошы — нашыя кіраўнікі прывыклі да льготнага рэжыму. І Лукашэнка арыентуе на тое, каб гэты льготны рэжым працягвалі выбіваць, атрымліваць, выпрошваць. На гэта ўсё і скіравана. Хіба нас ставяць у нейкія выключныя ўмовы — альбо нас ставяць у аднолькавыя ўмовы з астатнімі прадаўцамі той самай сельскагаспадарчай тэхнікі ў Расеі? А ён скардзіцца — вось, маўляў, закрылі для нас рынкі. Зрабіце так, каб з рукамі адрывалі — і ня будзе праблемаў.


«Канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў страчваецца шмат гадоў запар»

Цыганкоў: Ці маюць падставы прэтэнзіі Сямашкі да ўмоваў гаспадараньня беларускіх прадпрыемстваў на расейскім рынку? Ці Расея проста ставіць беларусаў у тыя ж умовы, што і астатніх?

Злотнікаў: Канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў страчваецца шмат гадоў запар. Ужо адышлі больш высокатэхналягічныя вытворчасьці станкоў зь лічбавым праграмным кіраваньнем, вылічальная тэхніка, цяпер адыходзіць вытворчасьць тэлевізараў і лядоўняў. Бо сама камандная мадэль неканкурэнтаздольная, калі яна ўсталявалася — адразу было відаць, у які бок яна пойдзе.

За апошнія два гады мала што зьмянілася ў сэнсе канкурэнтаздольнасьці. Расейскі рынак яшчэ не настолькі свабодны і канкурэнтны, якім ён стане праз два-тры гады, калі цалкам запрацуюць умовы гаспадараньня ў рамках Усясьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА). Нешта адбылося толькі на рынку сельгастэхнікі, дзе ў Расеі зьнізілася мыта на гэтую тэхніку.
Справа ў няслушным кірунку разьвіцьця нашай краіны, а ня ў тым, што нешта там зьмянілася ў Расеі

Таму тое, што кажа Сямашка, — гэта проста спроба на кагосьці зваліць адказнасьць за заняпад нашай эканомікі.

Але я нагадаю, што Беларусь — адзіная краіна, якая ўжо багата чаго атрымала ад Мытнага саюзу. Мы маем танную нафту для ўнутранага спажываньня, мы маем танны газ. За тое, што напрыканцы 2010 году Беларусь падпісала дакумэнты аб стварэньні Мытнага саюзу, Беларусь атрымлівае каля 4 мільярдаў даляраў штогод.

Цыганкоў: Аднак ці ня ёсьць гэтыя «падарункі» пэўнай часовай прынадай? Беларусь іх ужо зьела, але іхні эфэкт з кожным годам будзе зьніжацца, бо цэны на газ у самой Расеі будуць падымацца?

Злотнікаў: Гэта так. Цэны на газ у Расеі будуць хутка расьці. Але пакуль што мы атрымліваем гэтыя 4 мільярды даляраў у год. І ўмовы гаспадараньня ў Расеі пакуль што не зьмяніліся настолькі, каб гэта радыкальна адбілася на беларускай эканоміцы. Попыт на расейскім рынку сапраўды стаў меншы, і гэта нэгатыўна паўзьдзейнічала на беларускую эканоміку.

Але, паўтаруся, галоўнае тое, што беларуская эканамічная мадэль не працуе, эфэктыўнасьць яе вельмі нізкая. У большасьці галінаў мы ня можам канкураваць ані з Расеяй, ані з Казахстанам. Таму справа ў няслушным кірунку разьвіцьця нашай краіны, а ня ў тым, што нешта там зьмянілася ў Расеі.


«Ручное кіраваньне разам з тымі, хто сам гіне, топіць і тых, хто расьце»


Цыганкоў: Сёлета вельмі нечакана для многіх сытуацыя ў шмат якіх галінах беларускай эканомікі стала прыкметна пагаршацца. Адмоўны балянс замежнага гандлю расьце кожны месяц. Што можа зрабіць беларускае эканамічнае кіраўніцтва, каб гэтую сытуацыю паправіць?

Залескі: Эканоміка — гэта арганізм. У нас гэты арганізм знаходзіцца на апараце штучнага дыханьня. Ніхто ж ня скажа, што накрылася ўся прамысловасьць — ёсьць пэўныя галіны, сэктары, прадпрыемствы, якія працуюць выдатна. Але як трапляе да іх дадатковы капітал? Ва ўсім сьвеце ён трапляе праз функцыянаваньне рынку каштоўных папераў, праз інструмэнты рынку, якія дазваляюць гэтым прадпрыемствам атрымліваць грошы. У нас гэтага няма.
Эканоміка — гэта арганізм. У нас гэты арганізм знаходзіцца на апараце штучнага дыханьня

Таму гэтае ручное адміністрацыйнае кіраваньне пачынае разам з тымі, хто сам гіне, тапіць і тых, хто расьце. Дык гэта тая самая небясьпечная тэндэнцыя, на якую калега Злотнікаў ужо зьвярнуў увагу іншымі словамі.

Цыганкоў: Цяпер адна з самых важных праблемаў беларускай прамысловасьці — перапоўненыя склады прадпрыемстваў. Падобная сытуацыя была і ў 2010 годзе, і гэта прывяло да дэвальвацыі. Ці ёсьць сёньня дэвальвацыя тым магчымым рашэньнем, якое можа скарыстаць беларускае кіраўніцтва?


«Цяпер насельніцтва і дзяржава спажываюць больш, чым эканоміка дае»


Залескі: Гэтую праблему можна вырашаць такім чынам, але ён, відавочна, ня самы лепшы. Калі ёсьць магчымасьць тэрапіі, то нельга ўжываць хірургію. Але ў нас кіраўніцтва працуе нават ня скальпэлем, а сякерай, бо такі камандзір. Рашэньне пра дэвальвацыю прымае адзін чалавек — Лукашэнка. Але я не спэцыяліст па Лукашэнку.

Цыганкоў: Запасы гатовай прадукцыі растуць, дэфіцыт гандлёвага балянсу пагаршаецца. Ці ня будзе вымушана кіраўніцтва зноў правесьці дэвальвацыю?

Злотнікаў: Цяпер насельніцтва і дзяржава спажываюць больш, чым эканоміка дае. Нават з улікам расейскіх падарункаў. І гэтае спажываньне падтрымліваецца прытокам валюты ў краіну, новымі пазыкамі. Калі гэты прыток валюты скароціцца — то якія б рашэньні ні прымаў прэзыдэнт, краіна будзе вымушаная прывесьці сваё спажываньне ў адпаведнасьць з тым, што можа даць эканоміка.

Калі будзе прыток валюты (новыя крэдыты, прыватызацыя) — то можна будзе пазьбегнуць дэвальвацыі. Але Беларусь цяпер мае настолькі нэгатыўны крэдытны рэйтынг, што мала хто адважыцца даць нам грошы. Нават і прыватызацыя можа не адбыцца на тых умовах, як гэта хацелася б ураду.

Таму дэвальвацыя можа адбыцца ўжо зімой. І яна прывядзе ў адпаведнасьць узровень спажываньня з магчымасьцямі эканомікі. Але для насельніцтва гэта будзе вельмі цяжкі ўдар.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG