Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Расея вяртаецца да энэргетычных датацыяў эканоміцы Беларусі?


Кіраўніцтва Расеі абвясьціла, што наступным годам Беларусь будзе атрымліваць газ па ільготных цэнах. Чым тлумачацца такія саступкі саюзьніку? Чаму памянялася атмасфэра ў беларуска-расейскіх дачыненьнях? Чаго дамагаецца Менск ад Масквы ў зьвязку з эканамічнымі санкцыямі ЗША?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік выдавецкага дома «Коммерсант» Павал Шарамет з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

Андрэй Фёдараў
Павал Шарамет
Валер Карбалевіч

Чаму ільготныя цэны на газ?


Валер Карбалевіч: «У беларуска-расейскіх дачыненьнях адбываюцца дзіўныя рэчы. Усе экспэрты аднадушна даводзілі, што пасьля сэрыялу „Хросны бацька“ па расейскіх тэлеканалах, пасьля падзей 19 сьнежня, якія замарозілі дачыненьні Беларусі з Захадам, пасьля эканамічнага крызісу, у якім апынулася Беларусь, пасьля будаўніцтва абходных газа- і нафтаправодаў Менск застаецца поўнасьцю залежным ад Масквы, бездапаможным, і Расея зможа рабіць з Лукашэнкам усё, што захоча.

І вось, насуперак гэтым прагнозам, у пытаньнях аб прыватызацыі „Белтрансгазу“, цэнах на газ Расея пайшла на саступку, прыняла беларускія ўмовы. Чаму?».

Павел Шарамет: «Пакуль рана казаць, што Расея прыняла беларускія ўмовы. Магчыма, восеньню, падчас вызначэньня цаны на газ мы даведаемся пра тое, чаго дамагаецца Масква.

Відавочна, што для „Газпрома“ важна завалодаць газатранспартнай сыстэмай Беларусі. Гэта робіцца не для забесьпячэньня транзыту газу ў Эўропу, а дзеля замацаваньня на пэўных рынках. Таму што ў сьвеце расьце здабыча сланцавага газу, і экспэрты кажуць пра падзеньне цэн на газ. У такіх умовах Расея хоча кантраляваць газатранспартную сыстэму Беларусі і Ўкраіны. І дзеля гэтага „Газпром“ гатовы рабіць зьніжкі ў цане на газ. Бо ён будуе пляны на шмат гадоў наперад.

І другі момант палітычны. Для Расеі, асабліва для Пуціна, цяпер важны праект Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы. Трэба прадэманстраваць сваім партнэрам выгаду ад гэтага праекту».

Андрэй Фёдараў: «Сапраўды, пакуль ня ўсё зразумела, пра што дамовіліся бакі. Магчыма, Расея выстаўляе нейкія ня выказаныя публічна ўмовы. І калі Беларусь іх ня выканае, то і зьніжак на газ ня будзе. Незразумела, ці вялікія гэтыя зьніжкі. „Інтэграцыйны каэфіцыент“, пра які казаў Пуцін, — гэта незразумелы тэрмін.

Тут сваю ролю адыграў украінскі чыньнік. Цяпер ідуць спрэчкі паміж Кіевам і Масквою пра кошт газу. Расея вельмі хоча ўцягнуць Украіну ў Мытны саюз. І зьніжкі ў коштах газу для Беларусі павінны падштурхнуць Кіеў да ўступленьня ў Мытны саюз».

Чаму зьмянілася атмасфэра ў беларуска-расейскіх дачыненьнях?


Карбалевіч: «Падаецца, што ўвогуле зьмянілася ўся атмасфэра беларуска-расейскіх дачыненьняў. Пуцін пачаў выкарыстоўваць інтэграцыйную рыторыку. У першай палове году Расея адмаўлялася даваць крэдыт наўпрост беларускаму ўраду, а толькі праз Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС. Цяпер расейскі „Сбербанк“ разам зь нямецкім „Deutsche Bank“ даюць 2 млрд даляраў фактычна беларускаму ўраду. Вось зьніжкі на газ.

Зьвярнуў увагу на рыторыку Пуціна падчас сустрэчы зь Мясьніковічам. Памятаеце, як міністар фінансаў Расеі Кудрын крытыкаваў эканамічную, фінансавую палітыку Беларусі, казаў, што беларускі ўрад не выконвае ўмовы выдзяленьня крэдыту ЭўрАзЭС? А Пуцін казаў, што на крызіс у Беларусі паўплываў усясьветны крызіс, а эканамічныя пэрспэктывы ў Беларусі добрыя. Што адбываецца?».

Шарамет: «Я не заўважаю прынцыповых зьменаў у атмасфэры беларуска-расейскіх дачыненьняў. Магчыма, крыху зьмянілася рыторыка Пуціна, ён імкнецца выглядаць інтэгратарам.

У Маскве бачаць слабасьць пазыцый Лукашэнкі і імкнуцца выкарыстаць гэта для дасягненьня эканамічных мэтаў. Ва ўсіх дыскусіях, у якіх мне даводзіцца ўдзельнічаць у Маскве, праходзіць думка пра поўны недавер да беларускага кіраўніка. Бо ў любы момант ён можа ашукаць.
Ва ўсіх дыскусіях, у якіх мне даводзіцца ўдзельнічаць у Маскве, праходзіць думка пра поўны недавер да беларускага кіраўніка.

Цяпер Пуцін, кажучы пра інтэграцыю, запрашае Лукашэнку рабіць сустрэчныя крокі. Паколькі беларускі кіраўнік гэтых крокаў рабіць ня будзе, то ўсе ўбачаць яго двудушша.

Што тычыцца крэдыту, які расейскі „Сбербанк“ разам зь нямецкім „Deutsche Bank“ даюць нават не беларускаму ўраду, а „Беларуськалію“. Гэта вельмі эфэктыўнае прадпрыемства, і чаму б яму ня даць крэдыт? А калі „Беларуськалій“ ня верне крэдыт, то ўсяго за 2 млрд даляраў крэдыторы атрымаюць 35% акцый прадпрыемства, якое Лукашэнка ацэньваў у 30 млрд даляраў. Гэта ж вельмі выгадна. А падчас выбараў у Расеі беларускае пытаньне адыдзе на другі плян».

Фёдараў: «Нейкая зьмена ўсё ж мае месца. Ва ўсялякім разе, істотна зьмянілася рыторыка. Праўда, гэта не перашкаджае расейскім тэлеканалам крытычна асьвятляць сытуацыю ў Беларусі. Але трэба пачакаць, паглядзець не на словы, а на справы. Магчыма, што гэтыя словы Пуціна арыентаваныя на беларускі электарат».

Чаго дамагаецца Менск у зьвязку з эканамічнымі санкцыямі ЗША?


Карбалевіч: «Падчас перамоваў прэм’ер Беларусі Мясьніковіч настойліва заклікаў Расею падтрымаць саюзьніка і даць адпор ЗША, якія ўвялі эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Пуцін адмовіўся гэта зрабіць, але заклікі беларускага прэм’ера паказальныя. Чаго хацеў Мясьніковіч? Проста заяваў Масквы ў падтрымку ці чаго большага?»

Шарамет: «Мясьніковіч выканаў традыцыйную беларускую песьню „Плач беларуса“. Ныцьцё — гэта традыцыйны інструмэнт перамоваў беларускага боку з крэдыторамі. Думаю, Мясьніковіч хацеў не палітычных крокаў Масквы, а грошай.

Цікава, што ва ўнутранай прапагандзе беларускія ўлады даводзяць: гэтыя амэрыканскія санкцыі ня страшныя, ніяк не ўплываюць на эканоміку Беларусі. А ў перамовах з Масквой Менск свае эканамічныя праблемы тлумачыць амэрыканскімі санкцыямі і просіць грошай».
Расея не зьбіраецца абараняць Беларусь, а выкарыстае гэтую сытуацыю ў сваіх інтарэсах.

Фёдараў: «Адказ Пуціна на заяву Мясьніковіча сьведчыць пра тое, што Расея не зьбіраецца абараняць Беларусь, а выкарыстае гэтую сытуацыю ў сваіх інтарэсах».

Карбалевіч: «Ці адбыўся нейкі прагрэс падчас гэтых перамоваў у Маскве ў пытаньні прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў расейскім капіталам?».

Шарамет: «Працэс прыватызацыі будзе адбывацца. Але не за тыя грошы, на якія спадзяюцца беларускія ўлады. Пакрысе, але пэўна беларуская ўласнасьць будзе пераходзіць да расейскіх кампаній. Бо заходні інвэстар ня прыйдзе ў Беларусь пры цяперашнім беларускім палітычным рэжыме».

Фёдараў: «Калі ў Беларусі незадаволенасьць эканамічным станам пяройдзе нейкія межы, то кіраўніцтва будзе вымушанае прадаваць прадпрыемствы Расеі па любых коштах, каб пагасіць гэтую незадаволенасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG