Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газ ацэняць праз загадкавы "інтэграцыйны каэфіцыент"


Міхаіл Мясьцніковіч і Ўладзімер Пуцін

Міхаіл Мясьцніковіч і Ўладзімер Пуцін

Расея працягне ўскоснае крэдытаваньне Беларусі. Напярэдадні расейскі прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін заявіў, што ад наступнага году Беларусі зьменшаць кошт прыроднага газу, а таксама акажуць іншую дапамогу дзеля выхаду саюзнай краіны з глыбокага фінансавага крызісу. На думку экспэртаў, такім чынам Масква разьлічвае паставіць афіцыйны Менск пад свой поўны кантроль.

Падчас перамоваў са сваім беларускім калегам Міхаілам Мясьніковічам кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін паабяцаў зьнізіць кошт газу для Беларусі ад 2012 году. Праўда, мэханізм выхаду на паніжальныя паказьнікі не ўдакладніў — маўляў, усё вырашыцца падчас наступных кансультацыяў бакоў. Толькі сказаў, што за аснову будзе ўзяты "інтэграцыйны каэфіцыент":

Узровень гэтага каэфіцыенту будзе вызначаны па дамоўленасьці паміж гаспадарчымі суб'ектамі
"У Расеі прынятае рашэньне ад наступнага году ўвесьці ў газавую формулу пры вызначэньні кошту для Беларусі так званы інтэграцыйны паніжальны каэфіцыент. Узровень гэтага каэфіцыенту будзе вызначаны па дамоўленасьці паміж гаспадарчымі суб'ектамі. Мы зыходзім з таго, што ў рамках інтэграцыйных аб'яднаньняў павінны выйсьці на ўмовы роўнай канкурэнцыі".

Пакуль невядома, будзе Беларусь атрымліваць газ па цэнах як для Смаленскай вобласьці, чаго ўвесь час дамагаўся Аляксандар Лукашэнка, альбо зьніжкі будуць зробленыя ад узроўню ўсясьветных коштаў. Апошні варыянт выглядае ня так прывабна, бо эканомія тады будзе збольшага сымбалічная. Міхаіл Мясьніковіч падзякаваў за падарунак, запэўніўшы, што Беларусь застаецца найбліжэйшым саюзьнікам Расеі:

Галоўнае, такая ёмістая, добрая назва — інтэграцыйны каэфіцыент. І для нас што яшчэ важна, што ён будзе ніжэйшы за адзінку
"Галоўнае, такая ёмістая, добрая назва — інтэграцыйны каэфіцыент. І для нас што яшчэ важна, што ён будзе ніжэйшы за адзінку. Увогуле, Расейская Фэдэрацыя заўсёды падтрымлівала Рэспубліку Беларусь. І ў "двойцы", і ў "тройцы" можна знайсьці інструмэнты для сумеснай рэалізацыі адпаведных мер падтрымкі. Адзіная пазыцыя зробіць нашы інтэграцыйныя аб'яднаньні яшчэ больш моцнымі і надзейнымі. Як той казаў, сябры пазнаюцца ў бядзе".

Пры гэтым расейскія крыніцы сьцьвярджаюць, што Пуцін папярэдзіў Мясьніковіча: "падарунак" будзе ў тым выпадку, калі Беларусь прысьпешыць прыватызацыю "Белтрансгазу". На думку былога дэпутата Вярхоўнага Савета эканаміста Васіля Шлындзікава, пытаньне набыцьця астатніх 50% акцый газатранспартнага прадпрыемства завісла ў паветры з той прычыны, што кожны з бакоў намагаецца вытаргаваць найлепшыя ўмовы:

"Чаму там у іх гэтыя перамовы памерлі — гэта ўжо прадмет іншай размовы. Але ўсе гэтыя працэсы не такія простыя, бо кожны бок абстаўляе іх процьмай умоваў. Таму цалкам натуральна, што нашы будуць спрабаваць прадаць з максымальнай карысьцю для сябе. Расейцы ж, у сваю чаргу, будуць шукаць выгаду для сябе. Адпаведна, сытуацыя застаецца падвешанай і нявызначанай. Але, мяркую, нягледзячы нават на палёгкі ў нейкай адной галіне, няма падставаў спадзявацца на хуткае пераадоленьне крызісу ў маштабах краіны. Эканамічная сытуацыя будзе толькі ўскладняцца".

Супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак схільны лічыць, што ў пытаньнях энэргетыкі кіраўніцтва Беларусі ідзе ня тым шляхам. Па яго словах, прамысловы сэктар, які ў бальшыні сваёй складаюць старыя прадпрыемствы яшчэ савецкіх часоў, спажывае неадэкватную колькасьць энэргарэсурсаў. А значыць, замест таго каб радавацца неістотнаму зьніжэньню коштаў паліва, трэба праводзіць мадэрнізацыю ўсёй галіны:

Рыбай гандляваць, вядома, прасьцей, чым праводзіць мадэрнізацыю. Калгасны падыход
"Мабыць, усе памятаюць словы Лукашэнкі, калі ён заявіў: вы ж ня хочаце перабудовы, каб потым было як у Расеі, дык я нічога і не раблю. Маўляў, арганізуйце спачатку 70% падтрымкі, а потым будзем размаўляць. Дык цябе за гэта і выбралі, што ты такі разумны, і за папярэднія 17 гадоў павінен быў такія пытаньні вырашыць. Але цяпер за гэтую палітыку давядзецца расплачвацца ўсім нам. Па вялікім рахунку, усе гэтыя мазы, трактарныя ды іншыя трэба было зраўняць зь зямлёй і паставіць сучасныя вытворчасьці. Але ж гэта не такая простая задача, таму ён нічога і не рабіў. Рыбай гандляваць, вядома, прасьцей, чым праводзіць мадэрнізацыю. Калгасны падыход".

Расейскія аналітыкі ў актывізацыі кантактаў паміж Крамлём і афіцыйным Менскам бачаць перадусім палітычны складнік. На тле міжнароднай ізаляцыі Беларусі менавіта Расея застаецца выратавальным колам для беларускага рэжыму, а таму Масква будзе намагацца атрымаць максымальную аддачу. Зрэшты, як кажа расейскі палітык Эдуард Лімонаў, іншага чакаць цяжка: часы, калі Расея магла пахваліцца большай ступеньню дэмакратыі, чым у Беларусі, даўно мінулі:

Яны глядзяць адзін на аднаго, удасканальваюцца ў мэтадах супрацьстаяньня іншадумству
"Я думаю, што яны глядзяць адзін на аднаго, удасканальваюцца ў мэтадах супрацьстаяньня іншадумству. Дакладна гэтак жа, як у свой час глядзелі на Ўкраіну, але толькі як на адмоўны прыклад. Пасьля аранжавай рэвалюцыі слова "аранжавы" стала ў Расеі сынонімам замежных змоваў. Таму, несумненна, Масква і Менск шмат бяруць адзін у аднаго. Ваш прэзыдэнт сваю палітычную практыку арыентуе на Расею, і Расея сваю палітыку арыентуе на Беларусь. Няма сумневу — шмат чаму "вучацца" адзін у аднаго. Іншая справа, ці лепшыя гэта прыклады для перайманьня".

Кіраўніцтва Беларусі ўжо паабяцала рэжым найбольшага спрыяньня расейскім бізнэсоўцам, якія маюць намер удзельнічаць у працэсах прыватызацыі беларускай дзяржаўнай маёмасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG